Юбілей заслужанага артыста БССР, кавалера ордэна Францыска Скарыны, уладальніка медаля Францыска Скарыны, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай тэатральнай прэміі, прафесара Уладзіміра Мішчанчука адсвяткавалі ў Тэатры-студыі кінаакцёра Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”. Майстру сцэны споўнілася 80 гадоў.

Урачыстае ўшанаванне аздобіў паказ псіхалагічнага трылера “Фальшывая нота”, у якім Уладзімір Андрэевіч выканаў ролю Мілера — адну са сваіх знакавых. Вобраз, што даўно стаў часткай акцёрскай біяграфіі мэтра, і сёння захапляе гледачоў глыбінёй і выразнасцю.
За шматгадовую творчую працу, высокі прафесіяналізм і істотны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры юбіляр удастоены Ганаровай граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Узнагароду ўручыў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач.
— Пра вас, паважаны Уладзімір Андрэевіч, можна з поўным правам сказаць: вы нарадзіліся пад шчаслівай зоркай. Усё жыццё яна вядзе да галоўнага — служэння мастацтву. І гэта ў вас атрымліваецца на дзесяць з плюсам, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч.

Факты з біяграфіі акцёра публіка сустракала апладысментамі. Уладзімір Мішчанчук з’явіўся на свет у Драгічынскім раёне. Творчы шлях пачаў на сцэне Гродзенскага драматычнага тэатра, а ўжо ў 27 гадоў заняў пасаду яго дырэктара — і аказаўся самым маладым кіраўніком тэатра ў Савецкім Саюзе.
Пераехаўшы ў Мінск, стаў выкладаць у альма-матар — Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Акадэмія мастацтваў). Тут мэтр перадаваў прафесійны вопыт, і імёны вучняў Уладзіміра Андрэевіча сёння вядомыя як у краіне, так і за мяжой.
Педагагічную працу артыст спалучаў з актыўнай творчасцю на сцэне і ў кіно. За плячыма — яркія работы ў Гродзенскім драматычным, сталічным Маладзёжным тэатрах, Тэатры-студыі кінаакцёра, у беларускіх і расійскіх фільмах, на радыё. Агулам — больш за 100 роляў.
Гледачы пазнаюць майстра па асаблівай выразнасці, глыбіні і ўменні напоўніць кожны вобраз унутраным зместам.
Сяргей Саракач пажадаў Уладзіміру Мішчанчуку надалей захоўваць тое гарачае сэрца, якое столькі гадоў сагравае тэатральны свет.

Да віншаванняў далучыліся калегі, сябры і прыхільнікі. Цёплыя словы прагучалі ад намесніка генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Аляксандра Госцева, прадстаўнікоў Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, прафсаюзнай арганізацыі кінастудыі і калектыву Тэатра-студыі кінаакцёра на чале з мастацкім кіраўніком Аляксандрам Яфрэмавым.
Служба інфармацыі “КіМ”