Ⅲ

З рэжысёрскай лабараторыі

Напярэдадні адкрыцця сезона Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы правёў рэжысёрскую лабараторыю. Вынік — два эскізы спектакляў, прапанаваныя публіцы для прагляду, абмеркавання і галасавання за магчымую ў далейшым пастаноўку. Эксперымент? Свежы падыход да вядомых п’ес? Іншы фармат маркетынгавых даследаванняў? Усё разам.

 

ШТО І ЯК “ХІМІЧЫЛІ”?

Такія праекты не навіна для нашага тэатральнага мастацтва. Яны трывала прапісаліся і ў фестывальным руху, асабліва на “М.@rt.кантакце” ў Магілёве, і ў многіх беларускіх калектывах. Але ініцыятыва “Купала. Лабараторыя” мела адметнасці. Звычайна ў падобных выпадках запрашаюць расійскіх рэжысёраў, пераважна маладых. І працуюць яны найперш над рускай класікай ці над п’есамі сучасных драматургаў сваёй краіны. Гэта цалкам зразумела, бо праекты арганізоўваюцца пры падтрымцы ГІТІСа, Саюза тэатральных дзеячаў Расіі ды іншых устаноў і фондаў. Куды больш рэдкія лабараторыі з удзелам айчынных творцаў, дзе ў цэнтры апынаецца беларуская драматургія. Цяпер названыя варыянты аказаліся злучаны: замежныя рэжысёры, прычым знаныя, працавалі над нашымі п’есамі.

Яшчэ адной асаблівасцю была дэманстрацыя эскізаў шырокай публіцы. Ды па квітках, як на звычайны спектакль. Часцей такія праекты ладзяцца пры зачыненых дзвярах, часам нават крытыкаў не клічуць. А калі і запрашаюць кагосьці дадаткова, дык толькі найбольш верных прыхільнікаў. А тут ахвотныя маглі застацца і на абмеркаванне. І ўсе прысутныя — прагаласаваць, абраўшы скрыню “За” ці “Супраць”. Падобны алгарытм, да прыкладу, даўно замацаваўся на фестывалі “Рэпетыцыя адной прэм’еры”, што існуе ў Тальяці і ледзь не цалкам прысвечаны эскізам.

Але ж наш тэатр і да гэтай працэдуры паставіўся з крэатывам — надрукаваў спецыяльныя бюлетэні, што раздаваліся на ўваходзе. На іх — намаляваныя будынак Купалаўскага, з адваротнага боку — апушчаная заслона. І там і тут пазначана: “Тэатральны рубель”. Так што публіка ва ўсіх сэнсах галасавала рублём!

Падрыхтоўка лабараторыі пачалася задоўга да яе правядзення. Кіраўніцтва Купалаўскага склала спіс рэкамендаваных твораў, куды ўключыла найперш тыя, што калісьці былі ў рэпертуары. Рэжысёры абіралі штосьці з прапанаванага: нехта адразу, а нехта вагаўся між некалькімі тэкстамі. У астатнім — усё як заўжды. Артыстаў шукалі ў асноўным па фота, часам прыслухоўваліся да парад з боку тэатра і куратара праекта — знакамітага крытыка Аляксандра Віслава. Прыехаўшы да нас, рэпеціравалі пяць-шэсць дзён. Сцэнаграфію і касцюмы рабілі на падборы. Бо галоўнае цягам такіх лабараторый — не прыгожы антураж, якім можна здзівіць, а данесеная канцэпцыя. І з гэтым ніякіх праблем не ўзнікла.

 

ВЫМЯРЭННЕ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ

Андрэй Шляпін спыніўся на “Мудрамеры” Мікалая Матукоўскага. П’еса 1987 года неаднаразова ставілася і была нават экранізавана. А цяпер перажывае чарговы ўсплёск цікавасці рэжысёраў. Ужо сем гадоў твор ідзе ў РТБД, нядаўна атрымаў увасабленне ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Вядома, паўсюль — розныя прачытанні.

Раней гэтую камедыю трактавалі як адкрытую сатыру, здольную выклікаць смех у зале. Дзяніс Фёдараў сёлета ў Брэсце перанёс дзеянне на тысячагоддзе наперад — у 3026-ы, надаўшы спектаклю яшчэ больш відовішчнасці, памножанай на рысы фантасмагорыі і абсурду. Свежы эскіз — на камернай сцэне.

У чорна-белай колеравай гаме. І з філасофскім адценнем, бо вымяраецца не толькі дурасць ці мудрасць, але і чалавечнасць. У параўнанні з п’есай шмат што скарочана. Не таму, што ў эскізны паказ змясцілася не ўсё, а ў адпаведнасці з новым прачытаннем.

Затое дадаўся маналог вынаходніка Мурашкі (Артур Цыцура) — бязмоўны. І гэтае паўхвіліннае маўчанне вымушае гледача “дапісваць” словы самастойна, становіцца стымулам для працы мыслення і праецыравання сітуацыі на сябе. Сам герой — не сталы мужчына, а малады: яму 27 гадоў замест 52, як было ў аўтара. Ды і ў прыдуманым міністэрстве на чале з Вяршылам (Андрэй Дабравольскі) пераважвае моладзь, бо менавіта яна сёння актыўна прасоўваецца па службе.

Уся сцэнаграфія — доўгі стол і крэслы. А яшчэ — папера: стосы на стале, сумёты скамечанай, выкінутай на падлогу, кругаварот лістоў між супрацоўнікамі. Пластычная кампазіцыя перамяшчэнняў паперы нагадвае канвеер, вечны рух “завядзёнкі” — і адначасова заварожвае мастацкай скіраванасцю, бо адразу высвечвае характар кожнага персанажа.

 

“ГНЯЗДО” ПА-ДАСТАЕЎСКУ

Марыя Раманава абрала для вялікай сцэны “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы. З пяці актаў зрабіла адзін. Але замест Старца з’явіўся Божы чалавек (непараўнальная Зінаіда Зубкова), а Незнаёмы (Мікалай Юшкевіч) распавядаў не пра цмока — пра Айца Нябеснага.

Эскіз падкрэсліў купалаўскі сімвалізм, ды заклікаў не да рэвалюцыі, а да Бога — як у Дастаеўскага. Гэты шлях кожны з герояў праходзіў па-свойму. Тая ж Зоська (студэнтка БДУКМ Анастасія Курачкіна) цягнулася да Паніча (Даніла Казак), як да светлай мары. Расчараваўшыся ў ім, абдымала дошку з абразом — быццам станавілася Хрыстовай нявестай, як заўважылі на абмеркаванні.

Назва п’есы матэрыялізавалася. Вынесенае ў пачатку дзеі гняздо зрабілася цэнтрам сцэнаграфіі. На птушку з раскінутымі крыламі была падобная Марыля (Алена Мазгова), калі ахінала дзяцей. А дошкі ператвараліся ў фундамент хаты, у страху, вогнішча, нават у скрыпку Данілкі (Ілья Крук).

На фоне беларускай стрыманасці абодва спектаклі займелі расійскую рашу­ часць і эмацыйнасць. Дачакаемся завершаных варыянтаў?

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok