23 кастрычніка ў Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачынае працу часовая экспазіцыя «Віктар Тураў — майстар беларускага кіно», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння кінарэжысёра Віктара Турава.

Сёлета свет кіно адзначае значную дату — 90-годдзе з дня нараджэння Віктара Цімафеевіча Турава, выбітнага беларускага кінарэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, народнага артыста БССР, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Яго творчасць стала важнай вяхой у гісторыі беларускага і савецкага кіно, пакінуўшы глыбокі след у сэрцах гледачоў і ў культурнай памяці краіны. Тураў не проста рэжысёр, ён быў мастаком, які ўмеў адчуваць і перадаваць праз экран душу народа, яго перажыванні і надзеі.
Фільмы Віктара Турава закранаюць важныя сацыяльныя і культурныя тэмы, такія як лёс чалавека, любоў да роднай зямлі, пераемнасць пакаленняў. Кінапрацы рэжысёра адлюстроўваюць рэаліі народа, што робіць іх актуальнымі і дапамагае знаходзіць водгук у гледача. За сваю мастацкую каштоўнасць і глыбокую эмацыйную нагрузку фільмы Віктара Турава атрымалі шчырае прызнанне.
— Галоўная мэта выставы «Віктар Тураў — майстар беларускага кіно» — даць магчымасць наведвальнікам апынуцца ва ўнікальным свеце кінематаграфічнай спадчыны, створанай знакамітым беларускім рэжысёрам. У экспазіцыі будуць прадстаўлены не толькі матэрыялы да культавых фільмаў, такіх як «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Людзі на балоце» (1982), але і фатаграфіі, касцюмы герояў. Кожны экспанат стане ключом да разумення мастацкага бачання рэжысёра і глыбокіх чалавечых тэм, якія ён падымаў у сваіх працах, — распавялі нашай рэдакцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
У аснове экспазіцыі — матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, унікальныя дакументы са збору Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а таксама касцюмы, прадастаўленыя Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм».
Выстава «Віктар Тураў — майстар беларускага кіно» — даніна павагі рэжысёру, чыя спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні кінематаграфістаў і аматараў кіно.
Выстава працуе па 8 лістапада 2026 года.
Адрас: Мінск, вул. Свярдлова, 4
Служба інфармацыі “КіМ”