Пад такой назвай адбылася творчая сустрэча ў Лагойскай дзіцячай школе мастацтваў: каманда рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прэзентавала педагогам і вучням плён сваёй працы.

ЛЮБІМЫЯ ВЫДАННІ
У склад творчага “дэсанта” ўвайшлі намеснік дырэктара РВУ “Культура і мастацтва” Генадзь Курыловіч, мастацкі рэдактар, акварэліст Вячаслаў Паўлавец, аглядальнік Анастасія Васілевіч, а таксама загадчык кафедры струнных народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Прадзед і дацэнт гэтай жа кафедры Надзея Лазуцкая.
Госці распавялі аб праектах, якія рэалізоўваюцца рэдакцыямі газеты і часопіса, ды аб тым, як робяцца самі выданні. Размова атрымалася шчырай і зацікаўленай: сярод гаспадароў было шмат педагогаў, якія добра ведаюць ведамасную прэсу, але знайшліся і патэнцыйныя чытачы.
Аднак калі лагайчане ўбачылі, хто і як шчыруе ў СМІ, — што і чаму трэба выпісваць, для ўсіх стала відавочным.
— У выніку такога мерапрыемства прыхільнікаў у “Культуры” і “Мастацтва” будзе значна больш, — упэўнена дырэктар школы Вольга Чумак.
Пасля панэльнай дыскусіі пачалася праца ў секцыях.
НЯПРОСТАЯ ТЭХНІКА
Майстар-клас па жывапісе правёў Вячаслаў Паўлавец. Разам з настаўніцамі Аленай Змачынскай, Вікторыяй Мурашовай і вучнямі яны стварылі карціну ў тэхніцы пісьма акварэллю па мокрай паперы a la prima (мокрым па мокрым).

Наш калега расказаў пра тонкасці падрыхтоўкі асновы і нанясення фарбаў. Цікава, што пры працы ў такой тэхніцы канчатковы варыянт не заўсёды адпавядае задуме: мастак быццам уступае ў зносіны з будучым творам, акрэслівае сваё бачанне, але прымае характар паперы і фарбаў. І ў гэтым ёсць разыначка. Нават у аднаго аўтара не знойдзеш дзвюх ідэнтычных работ.
Вось і цяпер майстар прывёз у якасці ўзору некалькі карцін, аднак паўтарыць іх не выйшла. Тым не менш…
— Гэта той выпадак, калі копія атрымалася не горшай, а можа, нават лепшай за арыгінал, — пахваліў пачаткоўцаў дасведчаны творца.
Распавёў Вячаслаў Генадзьевіч і некаторыя сакрэты жывапісу. Прыкладам, каб на намаляваным снежным покрыве паказаць сляды, добра прымяняць звычайную кухонную соль.

— Мы вельмі ўдзячныя за такую сустрэчу, — зазначыла напрыканцы майстар-класа Алена Змачынская. — Упэўнена, што нашым вучням яна была на карысць. Пазней абавязкова паспрабуем яшчэ нешта напісаць у гэтай тэхніцы. Пейзаж застанецца ў мастацкім аддзяленні школы як напамін пра сумесную творчасць выбітнага аўтара і пачаткоўцаў.
ПА АДРАСЕ
У другой секцыі працавалі музыканты.
Першае пытанне ад выхаванцаў Лагойскай ДШМ педагогам акадэміі тычылася паступлення ў гэтую ВНУ. Задаў яго другакласнік.
— Бачу, мы прыехалі па адрасе, — усміхнулася Вераніка Прадзед.
Яна адказала хлопчыку, што яму, як і яго сябрам, трэба добра вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, старанна займацца музыкай, удзельнічаць у конкурсах.
— Каля 80 % поспеху залежыць ад працаздольнасці, — падкрэсліла загадчыца кафедры.

Размова Веранікі Аляксандраўны з маленькімі цымбалістамі атрымалася плённай. Выкладчыца дапамагла адчуць інструмент, паставіць рукі, паказала некаторыя тэхнічныя прыёмы.
Першакласніца Віялета Кудзінава толькі-толькі пачала асвойваць інструмент, і парада выдатнага музыканта аказалася дарэчы. Дзяўчынка глядзела на госцю вачыма, поўнымі захаплення, і вельмі старалася паўтарыць за ёй усе рухі.
Карыснымі былі рэкамендацыі і двум другім школьнікам — трэцякласніцы Лізавеце Найдзёнак і другакласніку Сцяпану Кісялёву. Яны актыўна ўдзельнічаюць у творчых спаборніцтвах і цяпер рыхтуюцца да рэспубліканскага конкурсу імя І. Жыновіча.
— Асабіста я сёння адчуваю радасць сустрэчы з юнымі таленавітымі музыкантамі, — сказала па выніках заняткаў дацэнт Надзея Лазуцкая.

— А для іх, упэўнена, наша работа таксама вельмі значная. Калі дзеці з ранняга ўзросту разумеюць сэнс таго, што варта знайсці сваё месца ў музыцы, ідуць у каледж, а потым у акадэмію, працуюць над тэхнікай і крок за крокам удасканальваюць майстэрства — гэта надзвычай каштоўна. Менавіта так нараджаюцца будучыя зоркі высокага мастацтва.
— І для нас як для педагогаў вельмі важныя падобныя мерапрыемствы, — уступіла ў гутарку настаўнік ДШМ па класе домры Кацярына Чайкова. — А пачуць меркаванне старэйшага калегі, атрымаць параду — проста бясцэнна!
Удзячная рэдакцыйна-выдавецкай установе за шанц зрабіць гэта. Кацярына Сяргееўна таксама падкрэсліла: для яе стала адкрыццём тое, што часопіс “Мастацтва” дазваляе азнаёміцца з рознымі аўдыя, у тым ліку з творамі песеннай спадчыны альбо сённяшніх аўтараў.
Магчымасць выступіць на старонках газеты для Кацярыны Чайковай — добры стымул, а прачытаць пра сакрэты поспеху і здабыткі калег — дапамога ў штодзённай працы.
ДАКРАНУЦЦА ДА ВЫСОКАГА
Пакуль ішлі майстар-класы, вучням і педагогам, якія ў іх не ўдзельнічалі, мы прапанавалі даведацца больш аб нашых праектах: аб сёлетнім, які ладзім разам з Нацыянальным мастацкім музеем і Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Акадэміі музыкі, — “Музыка жаночага хараства”, а таксама аб тым, што ўжо дзейнічае два гады, — “За дзень наступны ўсяе зямлі”.

Дарэчы, пяць нашых “жывых” карцін засталіся ў Лагойску на больш доўгі час. Цягам двух тыдняў не толькі выхаванцы школы, але і іншыя ахвотныя з дапамогай дапоўненай рэальнасці маглі акунуцца ў гераічнае мінулае Беларусі.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара і Святланы ЖОЛУД