Ⅲ

Постфестывальныя здабыткі

Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, які сёлета адзначыў 30-годдзе, — гэта не толькі выбітныя спектаклі, але і вялікая праца ўсіх арганізацыйных службаў. А яшчэ — папулярызацыя нацыянальнай культуры, абмен вопытам, заключэнне новых творчых пагадненняў… Пра не заўсёды відавочнае закуліссе форуму, сяброўскія стасункі і многае іншае распавядае генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец.

 

— Ганна Уладзіміраўна, “Белая Вежа” — адзін з фестываляў-доўгажыхароў на Беларусі. Але пры ўсім багацці назапашаных традыцый сёлета многае было ўпершыню. Так, правядзенне канферэнцыі для кіраўнікоў тэатраў — менавіта ваша ідэя?

— Ідэя даўно лунала ў паветры, а здзейснілася толькі цяпер. Тэму абралі актуальную — “Тэатр заўтрашняга дня. Выклікі і стратэгіі”. Сярод спікераў не толькі айчынныя прадстаўнікі, але і тэатральныя дзеячы з Масквы, Архангельска, Казані. Штосьці з расійскага вопыту нам падыходзіць, штосьці не зусім. Але, на думку ўсіх, хто сабраўся, такая размова пра існуючыя праблемы, перспектывы, канцэпцыі развіцця аказалася вельмі дарэчы.

Узнікла прапанова працягваць сустрэчы, далучаць кіраўнікоў да прагляду фестывальных спектакляў, рэжысёрскіх лабараторый. Нават аднавіць практыку Савета дырэктараў, каб многія пытанні вырашаць не паасобку, а разам. Сярод набалелага — навучанне тэхнічных спецыялістаў, тых жа мастакоў-тэхнолагаў. Патрэбныя хаця б майстар-класы для іх! Бо прафесія вельмі запатрабаваная.

— Майстар-класы цягам фестывалю вы ладзілі пакуль для артыстаў: па сцэнічным маўленні, руху, акцёрскім майстэрстве. Добрая справа!

— Прызнацца, спачатку гэта новаўвядзенне было ўспрынята без асаблівага энтузіязму, артысты сумняваліся, што паспеюць. Але мы вызвалілі іх ад куратарства, і час знайшоўся. Пасля ўсе выказвалі падзяку, бо засталіся вельмі задаволеныя заняткамі.

— А майстар-клас па пекінскай оперы — ці меў ён карысць?

— Новыя веды не бываюць залішнімі. Трэба было бачыць, як кітайцы і грузіны ладзілі батл: хто як паўторыць зададзеныя рухі. Без аніякага перакладчыка! Бо мастацтва з’яднала ўсіх у адну тэатральную сям’ю.

А як нашы ўпадабалі традыцыйны кітайскі грым! Ажно да вечара хадзілі размаляваныя, фатаграфаваліся з гледачамі. Увогуле, цікавасць да кітайскай культуры расце — і не толькі сярод прафесіяналаў. На “Тры бітвы з Дэманам белай косці”, што паказвала трупа “У” правінцыі Чжэцзян, квіткі разышліся літаральна за паўгадзіны. І мы вельмі ўдзячныя, што артысты выступілі яшчэ на вуліцы, паказалі сваю культуру бясплатна.

— На вашым фестывалі такое практыкуецца. На плошчы ішла “Дзюймовачка”, на набярэжнай — “Лебядзінае возера”.

— Патрапіць туды маглі ўсе, хто пажадае. І гледачы ацанілі такую даступнасць. Каму не хапіла месцаў, стаялі. Бачна было з любой адлегласці, бо буйныя планы выводзіліся на экран. У сацсетках з’явіліся шматлікія выказванні, падзякі за такое незвычайнае адкрыццё фестывалю — класічным балетам, ды яшчэ побач з Бугам. Мяркуючы па водгуках, усё атрымалася. Рэальнасць пераўзышла ўсе чаканні!

Сёлета арганізатары ўвогуле з асаблівай увагай ставіліся да публікі. Падарункі ад спонсараў фестывалю звычайна атрымліваюць удзельнікі, а гэтым разам — яшчэ і гледачы. Пасля спектакляў, што дэманстраваліся ў вялікай зале тэатра, разыгрывалася латарэя. Вядучыя выцягвалі паперкі з нумарамі месцаў — і шчасліўчыкі атрымлівалі прысмакі, сувеніры. Ды і самой рэкламнай прадукцыі значна паболела!

— Прапанова адзначаць падарункамі гледачоў, — тлумачыць Ганна Уладзіміраўна, — паступіла ад нашых партнёраў. Такі ход — не толькі дадатковая рэклама вытворцаў, але і выхаванне ўдзячнай публікі. Каб яна не збягала адразу ў гардэроб, а яшчэ некаторы час заставалася ў зале вітаць артыстаў.

У нас выдатныя фундатары! Той жа “Інка-Фуд” абяцаў выдаткаваць налета 10 тысяч беларускіх рублёў — для ўладальніка гран-пры. Раней у нас грашовыя прэміі не прадугледжваліся, былі толькі дыпломы, прызы, падарункі.

Што ж да мерча, дык сёння ён папросту неабходны. Мы імкнуліся ўкласці душу і ў кубкі, у ручкі, шоперы, магніцікі, блакноты. Той жа веер, звязаны з “Белай Вежай”, прысвечаны ёй шалік, іншыя прыемныя рэчы, якія глядач павязе з сабой, дапамогуць яму захаваць падзеі ў памяці, выклікаюць жаданне вярнуцца сюды яшчэ. І ў рэшце рэшт усё гэта садзейнічае прасоўванню тэатра, яго крокам наперад.

— А некаторыя тэатры павезлі дадому яшчэ і дамовы аб супрацоўніцтве?

— У час фестывалю мы падпісалі Мемарандумы з Нацыянальным музычна-драматычным тэатрам Комі, з Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатрам імя Максіма Горкага, што ў Астане. Дзякуючы першаму пагадненню падалі заяўку на ўключэнне нашага тэатра ў праект “Вялікія гастролі” Расканцэрта. Праз дамову з казахскім калектывам у нас будзе яшчэ больш плённа развівацца супрацоўніцтва, узнікне прыярытэтны ўдзел у тамтэйшых фестывалях.

— Ці часта ўвогуле на замежных фестывалях бываеце?

— Даводзіцца. Не так даўно вярнулася з ХІІ Санкт-Пецярбургскага міжнароднага форуму аб’яднаных культур. Бо атрымала запрашэнне Саюза тэатральных дзеячаў Расіі выступіць там з дакладам у дзелавой праграме, паўдзельнічаць у круглым стале. А дагэтуль у Абакане, Хакасія, на Фестывалі рускіх замежных тэатраў “Тэатральная восень” наша трупа паказвала свой “Маскарад”.

Увесну мы вазілі ў Санкт-Пецярбург “Бацькоў і дзяцей” — на XXVII Міжнародны тэатральны фестываль “Моладзь. Тэатр. Фэст”. Бліжэйшая прэм’ера будзе 22 кастрычніка — “У пошуках Маленькага прынца”, спектакль ставіць расійская каманда.

 А наша Валянціна Янавец увасобіць на малой сцэне “Стомленую Венеру”. Да навагодніх святаў Дзяніс Фёдараў рыхтуе “Снежную Каралеву”, прычым сумесна з Тэатрам мод Пензы, бо гэтаму гораду Брэст — пабрацім. Іншымі словамі, на месцы не стаім. Рухаемся!

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіваў гераіні і фестывалю

MAX TikTok