Яна выразае свае светы з паперы — і ў іх ажываюць міфы, купальскія ночы і птушкі з Чырвонай кнігі. Юлія Каўрус — прадстаўніца маладзечанскай школы выцінанкі і адна з тых, хто робіць традыцыйнае мастацтва сугучным ХХІ стагоддзю.

УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З НАСТАЎНІКА
Яе работы пазнаюцца па тонкай стылізацыі, глыбокай сімволіцы і беларускай душы. За плячыма — дзясяткі выстаў, рэспубліканскіх конкурсаў, а нядаўна — маштабны праект на IX Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Але, як прызнаецца майстрыха, яна не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ураджэнка Маладзечна Юлія Каўрус больш за дзесяць гадоў таму звязала свой лёс з Палессем. Сёння яна ўзначальвае аддзел народных мастацкіх рамёстваў у Нараўлянскім раённым Доме культуры.
За плячыма — доўгі шлях: ад дзіцячай мастацкай школы да Маладзечанскага музычнага вучылішча, а потым да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Выцінанка ўвайшла ў жыццё творцы не выпадкова.
— Мне было дзесяць гадоў, калі бабуля паказала, як выразаць сняжынкі, — успамінае Юлія Віктараўна. — Гэты занятак захапіў цалкам. А паступіўшы ў мастацкую школу ў Маладзечне, я трапіла да Вікторыі Чырвонцавай— адраджальніцы выцінанкі ў нашым рэгіёне. Гэтая таленавітая асоба і вызначыла мой творчы лёс. З таго часу захапленне ператварылася ў справу жыцця.

Настаўніца перадала вучаніцы не толькі тэхніку, але і падыход: кожная работа павінна мець сэнс, апавядаць гісторыю. Гэты прынцып наша гераіня захоўвае і сёння.
— Вікторыя Мікітаўна вучыла думаць, будаваць кампазіцыю, складаць паперу. Яна гаварыла: перш чым выразаць, трэба больш даведацца пра сюжэт — пачытаць, пачуць ад людзей, — успамінае суразмоўца. — Але я ўжо даўно працую самастойна. І калі ў 2010-м пераехала на Палессе, мая выцінанка пачала мяняцца. Не тэхніка, а сюжэты. Я пачала бачыць прыроду Прыпяці, людзей, іх менталітэт, мясцовыя святы, архітэктуру Нараўлянскага краю. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў работах.

АЎТАРСКІ ПОЧЫРК
Сёння Юлію Каўрус называюць прадстаўніцай маладзечанскай школы выцінанкі. І гэта не проста геаграфічная прыналежнасць.
— Маладзечанская школа вызначаецца ўсвядомленым падыходам да кампазіцыі,— тлумачыць мастачка.— Мы імкнёмся, каб у кожным творы быў свой сюжэт, падтэкст— ці то беларуская міфалогія, ці архітэктура, ці паданні. Мы вучыліся маляваць, ведаем пабудову кампазіцыі, таму наша выцінанка часцей стылізаваная і геаметрычная. Але нават у межах адной школы кожны майстар мае сваю індывідуальнасць — без подпісу можна даведацца, чыя гэта работа.
Галоўныя тэмы творчасці Юліі Каўрус — жаночыя вобразы, міфалогія, каляндарныя святы. Але найбольш блізкія ёй вясеннія абрады.
— Вясна асацыюецца з багіняй Ладай. Я люблю маляваць жаночыя вобразы, бо гэта прыгажосць. Яшчэ вельмі захапляе Купалле. У Нароўлі яго шырока адзначаюць.

Натхненне, кажа майстрыха, можа прыйсці зусім нечакана. Ці то цікавы аповед, ці то архітэктура з гісторыяй, ці то містыка.
— Помню, мяне моцна ўразілі “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча. Вобразы проста ўзнікаюць у галаве — іх трэба увасабляць. Пачынаю з сіметрыі: складаю аркуш паперы папалам, бяру аловак і лінейку. Так фантазіі становяцца рэальнасцю.

ДА АПОШНЯГА ШТРЫХА
Колькі часу спатрэбіцца на работу, залежыць ад фармату. Сняжынку Юлія выразае за паўгадзіны, а над складанай кампазіцыяй памерам 50 на 70 сантыметраў можа шчыраваць да трох тыдняў — ад першага эскіза да апошняга штрыха.
Колер у выцінанках, па словах мастачкі, не нясе асаблівай сімволікі— гэта пытанне густу.
— Выцінанка — графічны від мастацтва, шматколернасць ёй не ўласцівая. Я часцей выкарыстоўваю чорную паперу, часам бардовую. Накладаю на светлы фон, дадаю залатыя ці срэбныя дэталі. Бывае наадварот: за аснову выбіраю нешта светлае. Напрыклад, у зімовых сюжэтах лепш глядзіцца сіні, — тлумачыць яна.
Як у загадчыцы аддзела народных мастацкіх рамёстваў, у Юліі Віктараўны шмат арганізацыйнай працы. Але творчасць застаецца галоўнай.
— Мне як мастаку больш падабаецца тварыць. Гэты працэс захапляе цалкам. Але і правядзенне свят, выстаў — таксама творчасць. Вельмі дапамагае калектыў: нас пяцёра, усе зацікаўленыя людзі. Хтосьці падкажа, хтосьці падбадзёрыць — і разам усё атрымліваецца, — тлумачыць суразмоўца.
Што ж робіць выцінанку сапраўдным мастацтвам? Адказ просты.
— Толькі рукі майстра. Калі пяць чалавек возьмуць адзін эскіз, вынік у кожнага будзе розным. Творчасць — гэта індывідуальнасць, — падкрэслівае наша гераіня.

У БУДУЧЫНЮ
Юлія Каўрус упэўнена: выцінанка жыве, і ХХІ стагоддзе дае ёй новыя формы.
— Мы не можам развівацца з пустога месца. У беларусаў багатая культурная спадчына, на якую можна абапірацца. Выцінанка не засталася такой, як была,— яна трансфармуецца. Сёння яе выкарыстоўваюць у дызайне: на вопратцы, шоперах, кераміцы. Гэта і карціна, і элемент дэкору. Так узнікае сувязь традыцыі і сучаснасці, — разважае загадчыца аддзела народных мастацкіх рамёстваў.
Яна актыўна ўдзельнічае ў выставах, конкурсах, фестывалях. Адзін з апошніх маштабных праектаў падрыхтавала да фестывалю “Кліч Палесся”, што праходзіў у жніўні ў Ляскавічах.
— Была ідэя: ад плоскай карціны “Таямніца купальскай ночы” перайсці да аб’ёмнай кампазіцыі. Я расставіла фігуры, стварыла інсталяцыю. Няхай судзяць гледачы, наколькі атрымалася, але працаваць над увасабленнем задумы было цікава, — прызнаецца Юлія Каўрус.
А ў мэтах — новая выстава ў Нароўлі.
— Нам далі памяшканне ў Доме культуры пад выставачную залу. Летам пачалі яго запаўняць, а да канца восені хацелася б адкрыць вялікую экспазіцыю, прысвечаную выцінанцы. Запрасіць майстроў, вучняў, усіх ахвотных, — дзеліцца планамі майстрыха.
І хоць сёння ў яе менш часу на “чыстую” творчасць праз арганізацыйныя абавязкі, Юлія Віктараўна працягвае вырабляць папяровыя дзівосы. Больш за тое — яна перадае свой вопыт усім зацікаўленым.

— Выцінанка не пакідае абыякавым. Хтосьці спыніцца, пачне захапляцца. Я працую з рознымі ўзростамі — ад дзяцей да пажылых людзей. І пастаянна бачу: гэтае мастацтва знаходзіць водгук у сэрцах, — кажа рукадзельніца. А на пытанне пра творчую мару адказвае: — У мастака павінна заўсёды заставацца адчуванне, што яшчэ нешта не зроблена. Інакш спынішся. А ў мяне яшчэ шмат ідэй. Галоўнае — не стаяць на месцы. І рухацца далей.
Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіва гераіні