Ⅲ

Касцюмы і вобразы ў жаночых партрэтах Юдэля Пэна

У Віцебскім абласным краязнаўчым ды іншых музеях краіны захоўваюцца жывапісныя і графічныя творы вядомага беларускага мастака яўрэйскага паходжання Юдэля Моўшавіча (Іегуды Майсеевіча) Пэна (1854—1937). Сярод іх шмат партрэтаў жыхароў Віцебска, і асабліва цікавая галерэя жаночых абліччаў.

 

Партрэт дзяўчыны. Палатно, алей. 1916.

Яны вельмі розныя, яго сучасніцы-гараджанкі. У кожнай з мадэляў мастак знаходзіў нешта адметнае, кранальнае, што дазваляла стварыць незабыўны прывабны вобраз. Акрамя гэтага, партрэтныя выявы даюць магчымасць прасачыць модныя тэндэнцыі, тыпажы стылю ў адзенні.

 

Партрэт баранэсы Корф. Палатно, алей. Пачатак 1890-х.

Непасрэднае дачыненне да з’яўлення Юдэля Пэна ў Віцебску маюць партрэты баранэсы Корф і Марыі Васільеўны Левашовай. Справа ў тым, што пасля заканчэння Імператарскай Акадэміі мастацтваў у 1886 годзе мастак жыў у Рызе, дзе пазнаёміўся з баронам Корфам. Па запрашэнні барона Пэн працаваў у яго маёнтку каля Крэйцбурга (цяпер Екабпілс, Латвія). А ў 1898-м Юдэль Пэн прыехаў у Віцебск. Першым адрасам яго пражывання ў горадзе на Дзвіне стаў дом губернатара Уладзіміра Аляксандравіча Левашова, які разам са сваёй жонкай Марыяй Васільеўнай стараўся ўсяляк дапамагаць мастаку.

У жніўні 1898 года ў газеце «Віцебскі лісток» публікавалася рэкламная аб’ява: «Мастак Ю. Пэн (атэстат Акадэміі мастацтваў) збіраецца адкрыць у хуткім часе ў горадзе Віцебску класы малявання і жывапісу. Заняткі будуць прынароўлены да паступлення ў вышэйшую мастацкую школу. Жадаючых наведваць класы просяць загадзя заявіць пісьмова па адрасе: г. Віцебск, кватэра г. губернатара, мастаку Пэну».

А «Віцебскія губернскія ведамасці» надрукавалі паведамленне, падпісанае ініцыяламі «С.Ж.», аб тым, што ў горадзе «з ініцыятывы М. В. Левашовай заснавана нядаўна пад кіраўніцтвам Ю. Пэна школа малявання. Справа гэта маладая, і мы яму ад душы жадаем поспеху і далейшага росквіту».

Своеасаблівай ацэнкай творчых здольнасцей Пэна стаў артыкул у «Ведамасцях» у 1899 годзе, дзе журналіст Г.А. Ефрон паведамляў аб удзеле таленавітага мастака ў выставе на карысць Віцебскага таварыства апекі аб дзецях: «У той жа меры, у якой ён (Ю. Пэн) ужо вызначыўся як мастак, ён — партрэтыст. Мяркуючы па большасці прадстаўленых ім палотнаў, напісаных алейнымі фарбамі, шмат вывучаў старых майстроў і шмат чаму ў іх навучыўся. Ён не стаў іх пераймальнікам, але лепшыя, на наш погляд, з яго рэчаў кажуць пра яго блізкае знаёмства са старымі галандцамі, фламандцамі і італьянцамі».

Блузкі, «балеро», ліфы і спадніцы канца XIX стагоддзя мелі падкладку, якая надавала вырабу цвёрдасць і захоўвала модную геаметрычную лінію сілуэта. Блузы і сукенкі шылі з крэпдэшыну, баваўнянага піке, воўны саржавага перапляцення, аксаміту. Спераду яны былі пышнымі, а ззаду аблягалі фігуру. Скарочаны жакет «балеро» можна разгледзець на парадным партрэце баранэсы Корф, апранутай у строгі сіні касцюм і аб’ёмную блузу светла-блакітнага атласа з высокім каўняром.

 

Большасць касцюмаў жанчын з твораў Юдэля Пэна належыць да эпохі мадэрну, перыяду паміж заканчэннем XIX стагоддзя і пачаткам Першай сусветнай вайны, які ў Францыі таксама называлі Belle Époque. Жаночыя сукенкі тады мелі ліф з тонкай таліяй, высокі закрыты каўнер (на костачках, нават летні карункавы), спадніцу-клёш і рукаў «жыго» з характэрнай верхняй больш жорсткай і вельмі аб‘ёмнай часткай. Французскі пісьменнік Анатоль Франс гаварыў пра сілуэт жаночага касцюма тых гадоў — «прыгажосцю падобны на амфару».

 

 

 Партрэт Марыі Васільеўны Левашовай.
Кардон, пастэль. Канец 1890-х.

Партрэт Марыі Васільеўны Левашовай, які таксама быў прадстаўлены на выставе, на самым бачным месцы, журналіст раскрытыкаваў. Ён піша пра недахопы самога твора як пастэлі, аб адсутнасці характэрнай для яе «мяккасці, жорсткай яркасці фарбаў»; «у партрэце гэтым, акрамя малюнка, няма напаміну ... аб той разнастайнасці, мяккай стракатасці, шматколернасці каларыту, якія так выгадна адрозніваюць многія з работ мастака». Партрэт гэты, сцвярджае крытык, «можна было б злічыць... за няскончаную рэч, якая падлягае сур’ёзнай і дбайнай праверцы».

Партрэт жонкі губернатара графічны, лёгкі, вядома, ён адрозніваецца ад жывапісных твораў мастака. Ён зусім іншы, але гэта не прымяншае яго якасцяў. Самае галоўнае ў партрэце не асяроддзе або касцюм партрэтаванай, а сама жанчына, яе характар, псіхалагічны стан.

Звернемся да модных тэндэнцый у касцюме канца XIX стагоддзя. У той час пад уплывам ілюстрацый амерыканскага мастака Чарльза Гібсана паступова фармуецца новы тып прычоскі і новы ідэал жаночай прыгажосці, названы «дзяўчыны Гібсана». Жанчына цяпер — гэта гнуткая сцяблінка кветкі, а яе прычоска — бутон. Для стварэння высокіх, пышных прычосак «вouffant» («начос»), «pompadour» (валасы выкладзены кокам над ілбом), «вадаспад валасоў» выкарыстоўваліся шыньёны, драцяныя, рагавыя, кардонныя каркасы.

Для жаночага касцюма пачатку XX стагоддзя характэрныя вытанчанасць і дэкаратыўнасць. Патрабаваннем моды становіцца стылізаваная жанчына-кветка, пяшчотная і далікатная. S-падобны сілуэт касцюма падкрэсліваў талію праз фармаванне аб‘ёмнага, выступаючага наперад бюста. Ліф быў закрытым, з зашпількай ззаду, карункавым каўняром і багата аздобленымі вышытымі альбо карункавымі ўстаўкамі спераду. З карунак рабілі жабо, манішкі, каўняры, фальбоны на рукавах, разнастайныя прашыўкі ў летніх сукенках з батысту і лёгкага шоўку.

Шырокія, выгнутыя палі капелюшоў з фетру, шоўку, аксаміту, часта на каркасе, паўтаралі сілуэт сукенак. Яны ўпрыгожваліся бантамі, разеткамі з батысту, тафты; драпіроўкамі з цюлю, газу, кісяі; стужкамі, бліскаўкамі, шклярусам, імітацыяй каштоўных камянёў. Галаўныя ўборы мацаваліся да валасоў шпількай.

 

Партрэт невядомай у капялюшыку з вуаллю (Давідсон у вуалі). Палатно, алей. 1907.

Разглядаючы партрэт моднай віцяблянкі ў капялюшыку з вуаллю, мы бачым фактуры тканін і іншых матэрыялаў. У гэтай мадэлі Юдэля Пэна высокая прычоска са злёгку насунутым на лоб капялюшыкам у зялёна-чырвоных тонах, упрыгожаным бліскучай брошкай і вуаллю. Гэтая кабета апранутая ў белую карункавую сукенку з высокім каўняром, на плечы накінута карычневая футравая гаржэтка.

 

Дама ў чырвоным капелюшы (Партрэт Дабрынай). Палатно, алей. 1908.

«Дама ў чырвоным капелюшы (Партрэт Дабрынай)» дэманструе профіль цёмнавалосай жанчыны ў ярка-чырвоным капелюшы з макамі, сукенцы стылістыкі мадэрн з бліскучага белага атласа з высокім каўняром і жабо найтонкай тканіны з карункамі.

У калекцыі Віцебскага краязнаўчага музея знаходзяцца некалькі партрэтаў, напісаных Пэнам у 1900-х. Дарэчы, з 1901 года «Школа малявання і жывапісу мастака Акадэміі мастацтваў Ю.М. Пэна» размяшчалася на Смаленскай вуліцы, 14, у доме Глезермана. Па дакументах 1918 года М.І. Глезерман значыцца як уладальнік пасуднай лаўкі.

Сустракаецца гэтае прозвішча і ў творчасці мастака — «Дама з муфтай (партрэт Глезерман з муфтай)» пазіравала для партрэта ў чорнай сукенцы з трохкутным выразам, футравай гаржэтцы, з невялікай муфтай. Партрэт выкананы ў цёмных тонах, акцэнтамі сталі твар і рукі жанчыны.

Юдэль Пэн

У 1910-м майстэрня Юдэля Пэна пераехала ў дом Слуцкага па Гогалеўскай вуліцы.

Каля 1910 года мода пачала змяняцца, усё часцей у касцюмах гучаць адгалоскі неакласіцызму. Знікаюць S-падобная лінія сілуэту і гарсэт, які дэфармаваў цела. Сукенка стала карацейшай і набыла строгі стройны сілуэт. Ліф робіцца мяккім, з невялікім напускам, завышанай таліяй, касцюм дапоўнены нешырокай спадніцай. Шматлікіх упрыгожанняў у той час таксама пазбягалі.

 

Жаночы партрэт. Палатно, алей. 1908—1910.

Відаць, якраз напрыканцы 1910-х Юдэль Пэн стварыў шэраг пяшчотных вобразаў: маладая жанчына ў белай сукенцы з ліфам і рукавамі, традыцыйна пашытымі з сабраных палос, аздабленнем шырокай расквечанай прошвай ля выраза, выява чарнавалосай дзяўчыны ў белай карункавай сарочцы з адкрытымі плячыма і з яркай чырвонай квятчастай хусткай, накінутай на спінку крэсла. Зялёны фон падкрэслівае кантраст.

З пачаткам Першай сусветнай вайны эпоха мадэрну скончылася. Наступіў час практычнай, а не рамантычнай моды: свабодныя блузкі навыпуск з саціну, мусліну, шаўковага трыкатажу, батысту, крэпдэшыну не аблягалі стан. Выраз гарлавіны афармляўся вялікім каўняром. Усё гэта было супрацьпастаўленнем рафінаваным формам адзення пачатку XX стагоддзя. Прычоскі таксама становяцца прасцейшымі, у канцы вайны з’яўляюцца зусім кароткія стрыжкі «пад хлопчыка».

У 1916 годзе Юдэль Пэн напісаў партрэт дзяўчыны з капой павойных каштанавых валасоў, у белай атласнай блузе, футравай гаржэтцы; блакітныя банты ў валасах і ля каўняра сталі яркімі акцэнтамі, а зялёны фон пераклікаецца з колерам вачэй віцебскай прыгажуні. Правільна падабраныя фактуры прадметаў адзення, дакладна расстаўленыя акцэнты робяць гэты партрэт святочным. На партрэце вясёлай дзяўчыны з кароткай стрыжкай акцэнтам стала бутаньерка ў выглядзе букеціка кветак — гэта сціплыя браткі.

 

Жаночы партрэт. Палатно, алей. 1917—1918.

Пазнейшыя працы адлюстроўваюць спрашчэнне стылю міжваенных часоў. «Жаночы партрэт», 1917—1918: маладая жанчына ў белай блузе з адкладным каўняром, на плечы яе накінута квяцістая хустка, валасы цёмныя да плячэй; партрэт крыху геаметрызаваны, сілуэтныя лініі спрошчаныя.

 

Партрэт Алены Аркадзьеўны Якерсон. Палатно, алей. 1919.

Партрэт Алены Аркадзьеўны Якерсон, 1919: мастачка з прычоскай, сабранай на патыліцы, апранута ў сукенку зялёнага колеру, які добра спалучаецца з рыжаватым колерам яе кучаравых валасоў. Яна невыпадкова намалявана ў майстэрні. Графік і скульптар Давід Якерсон, адзін з прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы, у сярэдзіне 1900-х быў вучнем Пэна, а яго будучая жонка, Алена Кабішчэр, вучылася ў мастацкай студыі Пэна і ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1918—1921).

 

Краўчыха-белашвейка («Партніха»). Палатно, алей. 1927.

Асаблівае месца ў партрэтнай галерэі жаночых вобразаў Юдэля Пэна займае партрэт-карціна «Краўчыха-белашвейка», адзін з запамінальных вобразаў сучаснікаў, яўрэйскіх рамеснікаў, якіх мастак любіў паказаць у інтэр’ерах іх майстэрань за працай. Цёмнавалосая жанчына з кароткай стрыжкай на прабор, у светлай сукенцы ў жоўта-блакітную палоску схілілася над шыццём. Цёплае святло падае на яе твар і фігуру.

 

Партрэт Насакінай-Пісарэнка. Палатно, алей. 1925.

Калекцыя жаночых вобразаў, створаных таленавітым мастаком, надзвычай багатая і разнастайная. Яна прыцягвае ўвагу неардынарнасцю партрэтных відарысаў прадстаўніц прыгожага полу. Гэта толькі частка жаночых партрэтаў, намаляваных Юдэлем Пэнам. Убаку засталіся выявы небагатых пажылых гараджанак — вобразы крыху іншага плану і характару.

 

Святлана САЛАЎЁВА

MAX TikTok