Ⅲ

Развіваючы турызм і выхоўваючы моладзь

Больш за 80 даследчыкаў з розных краін свету сабрала міжнародная навуковая канферэнцыя “Абароннае дойлідства Беларусі: да 500-годдзя Мірскага замка”. Форум разгарнуўся ў верасні ў Мінску і Міры.

 

Арганізатарамі выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і музей “Замкавы комплекс «Мір»” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Міністр культуры Марат Маркаў накіраваў удзельнікам канферэнцыі вітальны адрас. У звароце адзначалася, што цягам паўстагоддзя Мірскі замак не проста застаецца ўзорам цэнтральнаеўрапейскай архітэктуры, які гарманічна злучыў у сабе готыку, рэнесанс і барока, а з’яўляецца сведкам ключавых гістарычных, сацыяльных і культурных трансфармацый на нашай зямлі, увасабленнем стойкасці і стваральнай сілы беларускага народа.

Марат Сяргеевіч падкрэсліў, што вывучэнне абароннага дойлідства — гэта не толькі цікавасць знаўцаў да старадаўніх фартыфікацый, але і найважнейшы фундамент для патрыятычнага выхавання моладзі, захавання гістарычнай памяці і ўмацавання жывой сувязі паміж акадэмічнай навукай і грамадствам. Вынікі такой работы, несумненна, дадуць магутны імпульс рэгіянальнаму і міжнароднаму турызму, адкрыюць Беларусь свету.

 

ДА ПРАКТЫЧНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ

Канферэнцыю зладзілі з мэтай паспрыяць развіццю турызму, патрыятычнаму выхаванню, супрацоўніцтву даследчыкаў і грамадскасці нашай краіны, а таксама ўсталяванню міжнародных навуковых кантактаў. Сярод прыярытэтных задач і стварэнне базы для практычнага выкарыстання дасягненняў айчыннай і замежнай навукі. На пасяджэнні прагучалі даклады па археа- логіі, антрапалогіі, гісторыі, культуралогіі ды іншых дысцыплінах пра замкі ў Міры, Крэве, Навагрудку, Ружанах, пра Мінскае замчышча.

Дырэктар замкавага комплексу "Мір" Аляксандр Лойка
і дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза

Асобная секцыя была прысвечана мінуламу Мірскага рэгіёна. Разглядаліся пытанні інжынернай навукі ў розныя перыяды, лёс Міра падчас войнаў і рэвалюцый, тэма храмавага абароннага дойлідства, эвалюцыя тэхнічных уяўленняў пра будаўніцтва і абарону ў святле археалагічных, пісьмовых і мастацкіх крыніц.

Не засталіся без увагі праблемы рэстаўрацыі ды музеефікацыі гістарычных помнікаў і прадметаў.

 

ПАЖЫЦЬ У ПАЛАЦЫ

Дырэктар установы Аляксандр Лойка распавёў, што любыя працы ў Мірскім замку вядуцца ў цесным узаемадзеянні з навукоўцамі. Цяпер тут рыхтуюцца да далейшага развіцця прылеглай тэрыторыі, якая налічвае 26 гектараў.

 

Італьянскі парк

Італьянскі парк плошчай 5,7 гектара аднаўляўся па інвентарных апісаннях XVІІІ— ХІХ стагоддзяў цягам васьмі гадоў, на што выдаткавана каля 8 мільёнаў рублёў з пазабюджэтных сродкаў комплексу.

Наступныя этапы — упарадкаванне англійскага парку плошчай 16 гектараў, якое распачнецца ў 2027-м, і рэстаўрацыя палаца Святаполк-Мірскіх, дзе разгорнецца гасцініца.

Музей мае вострую патрэбу ў дадатковай пляцоўцы для размяшчэння турыстаў: у гатэлі, што сёння працуе ў самім Мірскім замку, усяго 16 нумароў, а запіс ідзе за паўгода.

 

ВЯРТАННЕ РАСКІДАНАГА ГНЯЗДА

Двухпавярховы мураваны дом быў збудаваны напрыканцы XIX стагоддзя па загадзе Мікалая Святаполк-Мірскага. На першым паверсе знаходзіліся сталовая, гасцёўня і бібліятэка-більярдная, а на другім яшчэ адна гасцёўня, спальні і кабінет князя. Падчас Першай сусветнай вайны палац згарэў, а яго рэшткі разабралі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

 

Капліца-пахавальня роду Святаполк-Мірскіх

Намеснік дырэктара музея “Замкавы комплекс «Мір»” па навуковай і асветніцкай рабоце Вольга Навіцкая расказала, што археалагічныя даследаванні фундаментаў палаца Святаполк-Мірскіх праводзіліся цягам трох гадоў пры фінансавай падтрымцы ўстановы. У выніку былі выяўлены рэшткі падмурка канца XVI — пачатку XVII стагоддзя.

Цяпер фундаменты ўключаны ў асобную экскурсійную праграму. Наведвальнікі могуць убачыць адкрытыя знаўцамі аб’екты, пачуць, як праходзілі раскопкі і што адшукана.

Прытым значны археалагічны матэрыял быў атрыманы яшчэ падчас маштабных даследаванняў тэрыторыі замка ў 1980-я, а частка гэтых знаходак сёння прадстаўлена ў экспазіцыі.

 

ЧАТЫРЫ МІЛЬЁНЫ ЎРАЖАННЯЎ

Па выніках канферэнцыі плануецца падрыхтоўка выдання ў рамках кніжнай серыі “Беларусь скрозь прызму рэгіянальнай гісторыі”, якое прысвецяць абароннаму дойлідству нашай краіны і Мірскаму замку. Мяркуецца, што ў 2026-м у музей завітае паўмільёна чалавек.

 

Падчас мерапрыемства ў музеі

У 1992 годзе, калі турысты маглі трапіць толькі ў адну з веж, гасцей было не больш за 40 тысяч, але пазней плынь вандроўнікаў пачала расці. Налета ўстанова збіраецца сустрэць чатырохмільённага наведвальніка.

 Асноўныя святкаванні 500-годдзя Мірскага замка прызначаны на 4—6 чэрвеня 2027-га: выступяць клубы гістарычнай рэканструкцыі, будуць прадстаўлены гандлёвыя рамесніцкія рады, чакаецца насычаная канцэртная праграма.

Адлік вядзецца ад першай пісьмовай згадкі цвярдыні 8 красавіка 1527-га. На працягу двух гадоў ішла праца над юбілейным выданнем “Мірскі замак. Пяць стагоддзяў”.

 

Аўтарка кнігі "Казкі Мірскага замка" Ірына Токарава

Таксама пабачыла свет дзіцячая кніга “Казкі Мірскага замка”. Налета ж выпусцяць гастранамічны каляндар “Стравы са смакам гісторыі” з рэцэптамі ад былых уладальнікаў архітэктурнай перліны.

А ў красавіку ва ўстанове адкрыецца экспазіцыя, у якой прэзентуюць работы беларускіх і расійскіх мастакоў, створаныя падчас ліпеньскага пленэру ў Міры.

Антон РУДАК. Фота аўтара, Святланы ЧЭКАЛАВАЙ
і з архіва музея

MAX TikTok