Паўвека — менавіта столькі часу стаіць на варце гісторыі Таццяна Шода: старшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля адзначае 50-годдзе працы ў музеі.

— Таццяна Аляксееўна, з чаго пачаўся ваш шлях да прафесіі?
— Усе мы родам з дзяцінства, праносім праз усё жыццё ўспаміны з тых часоў, калі дрэвы былі вялікімі. Таму сваю гісторыю пачну менавіта з гэтага перыяду. Я нарадзілася ў вёсцы Агародня Кузьмініцкая, што ў Добрушскім раёне. Звычайна нашымі першымі кансультантамі па жыццёвых пытаннях з’яўляюцца бабулі. Вось і я вельмі любіла гутарыць са сваёй, Марыяй Ігнацьеўнай, нярэдка бавіла час у яе хаце. Асабліва падабалася перабіраць стары куфар з тканымі рушнікамі, посцілкамі, кашулямі. Гэтая скрыня стала для мяне першым “фондасховішчам”.
Яшчэ адзін яскравы ўспамін — шпацыры ў суседнюю вёску, дагэтуль вядомую пад назвай Агародня Гомельская. Там жылі стараабрадцы — мясцовая абшчына была заснавана перасяленцамі з Масквы яшчэ ў XVII стагоддзі. Мне ўдалося застаць натуру, што паступова сыходзіла ў мінулае, — дзядкоў з шырокімі бародамі, чырвоныя куты з іконамі, кірмашы, якія штогод праводзіліся ў свята Спаса Нерукатворнага. Гэтыя вобразы з дзяцінства, а таксама любоў да добрых кніг і фільмаў значна паўплывалі на выбар прафесійнага шляху.

— Так, ключ да разумення чалавека — у яго маленстве, калі фарміруюцца ўнутраныя арыенціры, ствараецца сапраўдная карта лёсу. А якімі дарогамі вы трапілі ў палац?
— Пасля заканчэння школы спрабавала паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт — але не прайшла па конкурсе. Каб не губляць час і самой зарабляць на хлеб, уладкавалася гардэробшчыцай у Гомельскі абласны краязнаўчы музей, які знаходзіўся ў будынку палаца Румянцавых і Паскевічаў. Гэтая падзея адбылася 29 верасня 1976 года і вызначыла маё далейшае жыццё. Перафразуючы словы Канстанціна Станіслаўскага, для мяне праца ў музеі пачалася з вешалкі.
— Як далей развівалася кар’ера?
— Пэўны час працавала кантралёрам-касірам. Паралельна вучылася на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы адукацыю, стала навуковым супрацоўнікам у аддзеле навукова-асветніцкай работы музея.
Наступны прафесійны крок — пасада галоўнага захавальніка фондаў: узначальвала гэты аддзел 35 гадоў. Займалася пытаннямі ўліку і захавання музейнага фонду. А гэта больш за 180 тысяч адзінак: вялікія калекцыі археалогіі і этнаграфіі, а таксама фотадакументы, іконы, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, іншыя бясцэнныя рэчы.

— На працягу дзесяцігоддзяў вы зберагалі гэтыя рэліквіі, не давалі гісторыі сысці ў забыццё. Чаму так важна берагчы памяць аб мінулым?
— Знакаміты іспанскі пісьменнік Мігель дэ Сервантэс пісаў: “Гісторыя — скарбніца нашых дзеянняў, сведка мінулага, прыклад і навучанне для цяперашняга, перасцярога для будучыні”. Адно з цэнтральных месцаў у нашай “скарбніцы дзеянняў” займае бессмяротны подзвіг продкаў, якія ў часы Вялікай Айчыннай вайны абаранялі радзіму, не шкадуючы ўласнага жыцця.
Прайшло ўжо больш за 80 гадоў пасля заканчэння аднаго з самых страшных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва. Але ў свеце застаюцца сілы, якія спрабуюць падвергнуць рэвізіі ўклад савецкага народа ў перамогу над фашызмам. Абавязак цяперашніх і будучых пакаленняў — захаваць у вяках бессмяротны подзвіг, процістаяць спробам сказіць нашу гісторыю.
— А якімі старонкамі гісторыі Гомеля вы цікавіцеся больш за ўсё?
— Па-свойму займальны старажытны перыяд — хоць і не пазбаўлены белых плямаў. Бязмежна захапляюць падзеі XIX стагоддзя… Ведаеце, за мінулым заўсёды стаяць канкрэтныя асобы. Таму мне заўжды хацелася вярнуцца ў былыя часы і пагутарыць з уладальнікамі палаца, яго архітэктарамі. А таксама з тымі, хто рэалізоўваў праект, — звычайнымі мулярамі, сталярамі і цеслярамі.
Асобнай тэмай для мяне таксама з’яўляюцца падзеі Вялікай айчыннай вайны і лёсы абаронцаў Радзімы. Варта адзначыць, што падчас усіх гадоў працы ў музеі я пастаянна праводжу экскурсіі. Знаёмлю турыстаў з гісторыяй нашага горада, адкрываю таямніцы палацава-паркавага ансамбля.
Маё крэда — укладаць у кожны расповед часцінку сваёй душы. Заўсёды стараюся зацікавіць нашых гасцей, каб яны хацелі вярнуцца ў Гомель зноў і зноў.

— Таццяна Аляксееўна, паўстагоддзя служэння музею — вялікі тэрмін. Што адчуваеце цяпер, калі за плячыма — цэлая эпоха? І як вам удалося захаваць адданасць сваёй справе?
— Прызнацца, музей для мяне не проста месца працы. З палацава-паркавым ансамблем звязаны і прафесійнае станаўленне, і асобаснае фарміраванне. Ён стаў для мяне сапраўднай школай жыцця, “першым універсітэтам”. Са свайго боку, я заўсёды старалася быць патрэбнай музею і прыносіць карысць людзям.
А на пытанне аб матывацыі адкажу словамі вялікага мысляра і філосафа Канфуцыя: “Знайдзі сабе справу па душы — і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў жыцці”.
Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіва гераіні