Ⅲ

“Культуры” — 35: святкуем разам! Частка дзевятая

Апублiкавана: 29 верасня 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

(Частка восьмая — па гэтай спасылцы)

 

2013—2016. СВЕЖЫЯ ФАРМАТЫ

Імклівае развіццё айчыннай медыяпрасторы і новыя запыты чытачоў патрабавалі ад рэдакцыі рашучых крокаў. У выніку маштабнага рэдызайну “Культура” займела сучаснае аблічча. Інтуітыўнае групаванне матэрыялаў на газетных палосах саступіла месца выверанай сістэме прапорцый. Вёрстка стала геаметрычнай, падпарадкаванай выразнай модульнай сетцы.

Змяненні адпавядалі сусветным трэндам у афармленні друкаваных СМІ і палегчылі ўспрыманне публікацый.

Асобная ўвага была ўдзелена прадстаўніцтву “Культуры” ў сацыяльных сетках: афіцыйная старонка рэдакцыйна-выдавецкай установы запрацавала ў Facebook. Лічбавы профіль дазволіў падтрымліваць сувязь з аўдыторыяй праз жывы дыялог.

Мянялася і напаўненне газеты. З’явіліся бліц-каментарыі і калонкі экспертаў — ад дзяржаўных дзеячаў і кіраўнікоў розных узроўняў да рэжысёраў, спевакоў ды іншых членаў арт-супольнасці.

Інтэрв’ю набылі нефармальны характар.

Знакавым новаўвядзеннем стала арганізацыя ў рэдакцыі круглых сталоў — паўнавартасных дыялогавых пляцовак. Па выніках падобных сустрэч у выданні друкаваліся вялікія аналітычныя матэрыялы. Праз прызму досведу розных адмыслоўцаў журналісты апісвалі глыбінныя працэсы ў культуры. Пазней фармат перарос у прэс-клуб, пасяджэнні якога ладзяцца і цяпер.

Такія пераўтварэнні адпавядалі духу часу: 2010-я праходзілі пад эгідай мадэрнізацыі ва ўсіх сферах жыцця краіны. Адно з увасабленняў гэтага працэсу — будаўніцтва і аднаўленне аб’ектаў культурнага прызначэння.

У сакавіку 2013 года пасля рэканструкцыі адкрыўся Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, а ў ліпені 2014-га на праспект Пераможцаў пераехаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Культура” актыўна сачыла за глабальным абнаўленнем, выпускаючы рэпартаж за рэпартажам.

Неўзабаве жыццё рэспублікі паскорыла тэмп. У маі 2014 года Мінск прыняў Чэмпіянат свету па хакеі. Краіну наведалі тысячы турыстаў. Спартыўны форум стаў нагодай для знаёмства замежных гасцей з нашай гісторыка-культурнай спадчынай. “Усе — на хакей! А пасля — і ў музей…” — заклікала газета (№ 19, 10 мая 2014 г.).

Працяг будзе!

Данііл ПІЎКАРЭЦ

 

MAX TikTok