У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе часовая экспазіцыя “З любоўю ў сэрцы”, прысвечаная Году беларускай жанчыны.

— На выставе прадстаўлена больш за 80 найлепшых твораў беларускіх мастачак і майстроў. Сярод іх — шэдэўры Раісы Кудрэвіч, Валяр’яны Жолтак, Нінэлі Шчаснай, Наталлі Паплаўскай, Людмілы Русавай, Зоі Літвінавай, Алены Бархатковай, Ларысы Журавовіч, Валянціны Сідаравай, Тамары Васюк ды іншых, — распавялі рэдакцыі газеты “Культура” ў музеі.
Экспазіцыя ўключае разнастайныя віды выяўленчага і прыкладнога мастацтва: ад жывапісных палотнаў, скульптур і графічных аркушаў да ажурных выцінанак і саматканых ручнікоў.
Перад вачыма гледачоў паўстае галерэя партрэтаў жанчын самых розных лёсаў і прафесій. Таксама раскрываецца тэма сям’і і пераемнасці пакаленняў.
— Важнай часткай экспазіцыі з’яўляюцца творы беларускага народнага мастацтва, у якіх адчуваецца сувязь мінулага і сучаснасці – тая адвечная чысціня пераемнасці, што стагоддзямі перадавалася ад маці да дачкі, — заўважылі ва ўстанове.
Выстава працягнецца да 15 лістапада.
Служба інфармацыі “КіМ”