У пастаяннай экспазіцыі Музея беларускага народнага мастацтва, філіяле Нацыянальнага мастацкага музея, налічваецца больш за пяцьсот экспанатаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і большая частка з іх — ткацтва. Гэта не толькі касцюмы мужчынскія і жаночыя, гэта і асобныя дэталі, якія не складаюцца ў цэласныя строи, а таксама посцілкі, дываны, ручнікі.

Пра таямніцы, якія нясуць з глыбіні вякоў тканыя артэфакты музея, распавядае навуковы супрацоўнік філіяла Таццяна Андрыевіч.

На фоне ўсяго багацця колькасць мужчынскіх касцюмаў — невялікая. Так склалася, што ладная частка мужчын яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя перайшла на гарадскую моду. Яны сталі насіць адзенне з тканіны мануфактурнай вытворчасці — на фабрыцы выпускалі яе баваўняную і паркаль. А жанчыны працягнулі свой шлях ткацтва — працэс стварэння прыгожых узорных тканін.

Гэта ўвогуле вельмі важная праца ў жыцці кожнай дзяўчыны таго часу. Ад умення вырабляць прыгожыя тканіны ў многім залежаў яе лёс: менавіта па напаўненні пасажнага куфра ацэньвалася гаспадарлівасць маладзіцы. Дасягнуўшы пэўнага ўзросту — таго самага, калі да дзіцячага адзення дадавалася панёва (тып паяснога адзення, воўнавая юбка звычайна ў клетку з проразем наперадзе), — дзяўчынка-падлетак садзілася за кросны. Спачатку каля бабулі і маці, якія перадавалі той веды ў спадчыну, потым — самастойна.
Дарэчы, навука стварэння тканін не такая простая! Узор закладвалі ў станок: запраўлялі белае валакно асновы, а чорныя, чырвоныя, сінія арнаментныя ніткі ўтка — у спецыяльныя бральніцы (адсюль — бранае ткацтва), і педалямі, як у раялі, паднімалі і апускалі рэміскі. І вось складаюцца палосачкі, ромбы, квадраты — матэматычна вывераны выразны геаметрычны арнамент: на кашулях, на фартухах, на андараках... Пры гэтым ткачысе нізавошта нельга памыліцца!

З часам у нацыянальнае адзенне прыйшла вышыўка, якая імітуе бранае ткацтва. Тыя ж палосачкі і квадрацікі, толькі ўжо выкананыя лінейнай альбо лічыльнай гладдзю — насцілам. Ім упрыгожвалі фартухі і кашулі, нават на ручніках можна сустрэць вышыўку — але для другой паловы другога тысячагоддзя гэта хутчэй выключэнне. Пазней з’явіўся такі метад вышыўкі, як процяг — калі нітку працягваюць праз палатно, лічачы кожную клетачку льну. Такім чынам з’яўляецца ўзор вельмі падобны на тканы. Самы позні варыянт, які прыйшоў у Беларусь, — вышыўка крыжыкам. Ён дазволіў упрыгожваць палатно несіметрычнымі ўзорамі. Абумоўлена гэта, у адрозненне ад процягу і тым больш аўтэнтычнага ткацтва, прасцейшым выкананнем. Таму ў аздабленні сталі з’яўляцца не толькі лісточкі ды кветачкі, але і фігуры птушачак і нават жывёл.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
Працяг артыкула можна прачытаць на старонках часопіса "Мастацтва" (№9, верасень 2026 г.)