Па сонечны настрой

Апублiкавана: 23 верасня 2026 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Не стае яркіх фарбаў і цяпла? Затрымаць надыход халоднай восені і наталіцца святлом можна, завітаўшы ў Галерэю мастацтваў Леаніда Шчамялёва, дзе працуе выстава пейзажнага жывапісу “Сонечны дзень”.

 

"Майскі вечар у Валожыне"

 

Адна з найбольш адметных карцін у экспазіцыі мае назву “Віцебск, якім я яго памятаю”. Будучы народны мастак БССР і ганаровы грамадзянін Мінска нарадзіўся ў 1923 годзе ў горадзе над Дзвіной. З пачаткам Вялікай Айчыннай апынуўся ў эвакуацыі, а неўзабаве быў мабілізаваны, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе, вызваляў Украіну, атрымаў цяжкае раненне ў баях за Мазыр.

У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, які скончыў у 1959 годзе, ён вучыўся ў народнага мастака Віталя Цвіркі, пазней сам выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы ды Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.А. Ахрэмчыка, а таксама на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута.

Памёр мастак у 2021-м, пахаваны на сталічных Усходніх могілках.

Уражанні ад падзей Вялікай Айчыннай вайны і нягод ды небяспек франтавога шляху знайшлі адлюстраванне ў шэрагу твораў майстра, але не меншую ўвагу ён надаваў апяванню мірнага жыцця пасляваенных гадоў.

 

"Агністы лён"

Выстава ўключае найбольш адметныя жывапісныя палотны мастака, якія ствараюць асаблівы летні настрой. Напісаныя ў розныя перыяды, яны перадаюць прыгажосць беларускай прыроды і атмасферу гарадоў ды мястэчак.

Тут можна пабачыць прасторы Лепельшчыны ды Лагойшчыны, вуліцы Валожына і Астрашыцкага Гарадка, вясковыя краявіды.

 

"Дарога да храма"

Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы адрозніваюцца па каларыце, дынаміцы і характары, але аб’ядноўвае іх атмасфера міру і спакою. Сам Леанід Шчамялёў падкрэсліваў: “Мой глядач павінен адчуць, што жыццё мацнейшае за смерць, прыгажосць мацнейшая за бязладдзе, а дабро мацнейшае за зло”.

 Выставу можна пабачыць да 29 лістапада.

 

Антон РУДАК. На фота карціны Леаніда Шчамялёва

MAX TikTok