Адбор завершаны, фіналісты вызначаны — падрыхтоўка да X Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД “Еўразія.DOC” выходзіць на фінішную прамую. З 28 верасня па 2 кастрычніка ў Смаленску і Мінску пакажуць найлепшыя стужкі асноўнай і маладзёжнай праграм юбілейнага форуму.

Важкае прадстаўніцтва ў фінальным спісе атрымала і наша краіна: за ўзнагароды будуць змагацца сем айчынных работ. Сярод іх — стужка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Палескі запаведнік. Жыццё пасля Чарнобыля” рэжысёра Ігара Бышнёва. Гэта аповед пра край, чый лёс назаўсёды змяніла аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і пра жыццё, якое працягваецца на гэтых землях.
Фестываль праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, а таксама Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Урада Смаленскай вобласці.
ЗАПАТРАБАВАНАСЦЬ ЖАНРУ
Сёлета паступіла 413 заявак з 17 краін. За магчымасць трапіць у асноўны конкурс змагаўся 361 фільм з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Германіі, ЗША, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Лівана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Турцыі і Узбекістана. Яшчэ 52 стужкі з Абхазіі, Балгарыі, Беларусі, Казахстана, Кітая і Расіі былі прадстаўлены ў маладзёжным конкурсе кароткаметражнага дакументальнага кіно “Еўразія.DOC: 4 хвіліны”.
За кожным матэрыялам — аўтарскі погляд на асобу, падзеі і час. У цэнтры ўвагі — чалавечыя лёсы і сучасныя выклікі, гістарычная памяць і культурная спадчына, грамадскія змены і асабісты выбар. Адборачнай камісіі давялося прагледзець сотні работ, каб вызначыць тыя, што ўвойдуць у юбілейную праграму. —
Колькасць заявак пацвярджае стабільную цікавасць нашых калег-кінематаграфістаў да фестывалю. З году ў год мы назіраем, як пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў і змяняецца тэматычны спектр прадстаўленых работ. Аўтары ўсё часцей звяртаюцца да асабістых гісторый, упісваючы іх у шырокі гістарычны кантэкст. Гэта сведчыць пра тое, што дакументальнае кіно застаецца жывым і запатрабаваным жанрам, — адзначыў дырэктар фестывалю, рэжысёр Валерый Шахаўцоў (Расія).
ЧАТЫРЫ ХВІЛІНЫ — НА ГАЛОЎНАЕ
Сфарміравана і праграма маладзёжнага конкурсу “Еўразія.DOC: 4 хвіліны”. Яго ўдзельнікам ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў трэба было расказаць завершаную дакументальную гісторыю ў вельмі кароткім фармаце.
Чатыры хвіліны патрабуюць асаблівай дакладнасці: выбраць галоўнае і за некалькі кадраў стварыць сюжэт, здольны застацца ў памяці гледача. Сёлета ў шорт-ліст увайшлі 14 фільмаў маладых творцаў з Балгарыі, Беларусі, Кітая і Расіі. Пяць з іх прадстаўляюць нашу краіну.
Для пачаткоўцаў такое спаборніцтва становіцца магчымасцю заявіць пра сябе і паказаць свае працы шырокай аўдыторыі. У той жа час гэта прастора прафесійнага дыялогу, знаёмства з калегамі і набыцця новага вопыту — крок, які можа вызначыць далейшы рух у дакументальным кіно.
— Маладыя аўтары ўмеюць гаварыць пра складанае ёміста і шчыра. Мы атрымалі стужкі, якія ўражваюць сталасцю і смеласцю. Маладзёжны конкурс традыцыйна займае асаблівае месца ў праграме “Еўразія.DOC”. Кожны год мы бачым, колькі таленавітых, глыбакадумных і неабыякавых юнакоў і дзяўчат прыходзіць у прафесію. У іх свой погляд, свая мова, свае тэмы, і для нас важна стварыць асяроддзе, дзе гэтыя галасы могуць прагучаць і быць пачутымі, — адзначыў дырэктар фестывалю.
ПРАЗ ПРЫЗМУ ЧАСУ
У шорт-ліст асноўнага конкурсу ўвайшлі 34 фільмы з Беларусі, Ірана, Казахстана, Кыргыз стана, Малдовы, Расіі і Узбекістана.
Тэматычны дыяпазон шырокі: памяць і вайна, сям’я і родная зямля, вера і служэнне, культурная спадчына і выклікі сучаснасці. У адных сюжэтах на першы план выходзіць досвед асобы, у іншых праз прыватныя моманты раскрываюцца маштабныя гістарычныя і грамадскія працэсы. Так індывідуальнае і агульнае становяцца часткамі адной дакументальнай размовы.
— Юбілейную праграму склалі карціны, якія дапамагаюць уважлівей паглядзець на рэальнасць і зразумець, чым жыве сучаснае грамадства і кожны з нас. Стужкі розныя па форме, рытме і інтанацыі, але разам яны ствараюць яркі дакументальны партрэт часу, — падкрэсліў Валерый Мікалаевіч.
У ЧАКАННІ СУСТРЭЧЫ
За пяць фестывальных дзён у Смаленску і Мінску фіналісты прадставяць свае працы, а прафесійнае журы вызначыць пераможцаў юбілейнага форуму.
Аўтары ўжо зрабілі галоўнае — зафіксавалі тое, што палічылі важным захаваць у кадры. Цяпер гэтыя аповеды выйдуць за межы здымачнай пляцоўкі і мантажнай студыі, каб сустрэцца са сваёй аўдыторыяй. Дакументалістыка пачынаецца з малога: з аднаго чалавека, сям’і, месца, успаміну. Але менавіта праз гэтую канкрэтнасць яна дазваляе ўбачыць больш — зразумець, як гістарычныя падзеі адбіваюцца на лёсах, як мінулае працягвае ўплываць на сучаснасць і чаму асобная гісторыя часам гаворыць пра цэлае пакаленне.
Паводле сайта Ганна КАЛІНІНА