Юбілейны, 35-ы сезон РТБД распачаў “Ладдзёй роспачы”.

У далейшай афішы — іншыя нядаўнія прэм’еры: “Хам”, “Я, бабуля, Іліко і Іларыён”.

А з 31 жніўня да 5 верасня тут разгарнуўся Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”.

У праграме — тры чытанні новых п’ес і столькі ж спектакляў, сярод якіх і названы “Хам”, а таксама лекцыя, прысвечаная тэатральным увасабленням аповесці Элізы Ажэшка і беларускай драматургіі ХХ стагоддзя. Проза пісьменніцы ўпершыню была інсцэніравана ў нас больш як сто гадоў таму. Але цяперашняя пастаноўка — адметная. Гэта сумесны праект тэатра і Цэнтра беларускай драматургіі (дарэчы, як і ўвесь Тыдзень). Жанр спектакля — “малітва аб адоленні грахоўных звы... звычак”. У такім вымаўленні па складах, ды яшчэ з запінкамі, бачыцца праекцыя на галоўнага героя, які ў сталым узросце вучыцца чытаць па малітоўніку. І верыць, што дзяўчына з цяжкай доляй, узятая за жонку, справіцца са спакусамі і ўстане на правільны шлях.

Першая сустрэча цэнтральных персанажаў адразу малюе іх супрацьлегласць. Лодка Паўла (Сяргей Шымко) змешчана справа ўверсе, быццам не плыве па рацэ, а лунае дзесьці ў паднябессі. Францішка (Дар’я Лазарчык) выходзіць злева ўнізе. І паміж імі ўзнікае ва ўсіх сэнсах слова непераадольная дыяганаль, што прадказвае трагічны фінал. Але раптам выбудоўваецца магчымая лінія сутыкнення! У дзяўчыны-пакаёўкі па сюжэце сплывае сукенка, якую яна прала. У спектаклі ж тканіну адносіць уверх, яна нібы шукае прыстанку. Рыбак падхоплівае яе працягнутым вяслом. Атрымліваецца не ілюстрацыя, а красамоўны сімвал таго, як мужчына хоча наблізіць аблудную жаночую душу не столькі да сябе, колькі да праведнасці. Тым больш што і лодка, скіраваная ў залу, нагадвае амбон у касцёле, адкуль чытаюцца пропаведзі. Толькі дзейнічае Павел не высокімі словамі, а хутчэй маўчаннем. І ўчынкамі.
Зусім іншыя асацыяцыі выклікаюць дзве лодкі ўнізе, што будуць ператварацца і ў лавы, і ў труну. Разам з “нябеснай” трэцяй яны становяцца не проста супрацьпастаўленнем прыземленага і ўзнёслага, бытавога і духоўнага, а прыкладам дыялектычнага адзінства і барацьбы супрацьлегласцей.

Па тых жа законах будуецца ў спектаклі ўсё, пачынаючы з часу дзеяння. Акрэсленае ў рамане ХІХ стагоддзе на дзіва натуральна сплятаецца з сённяшнім днём. Народныя спевы — з “неспалучальнымі” інструментамі, музычнымі “каментарыямі” накшталт брэхтаўскіх зонгаў, толькі іншай стылістыкі, нават з англамоўнай кампазіцыяй, сэнс якой раскрываецца ў словах на відэапраекцыі. На экране бачым нацыянальны арнамент, а касцюмы ўспрымаюцца як модная дызайнерская калекцыя з някідкімі фальклорнымі павевамі — не святочная, а працоўна-будзённая. Бо акцэнтуецца не тагачасная сацыяльная рэчаіснасць, а псіхалагічны стан герояў.
Закранаецца вечная праблематыка адносін: сямейных — апроч цэнтральнай пары, ёсць Ульяна (Ганна Лебедзева) з Піліпам (Уладзіслаў Віленчыц), — сяброўскіх і разнастайных псеўдасяброўскіх, а таксама між асобай і калектывам, у які тая не ўпісваецца. За кожным персанажам стаіць не проста пэўны “тыпаж”, а жывы чалавек са сваім шлейфам станоўчых якасцей і недахопаў, заган. І адначасова глыбінны сімвал барацьбы Боскага і д’ябальскага, што адбываецца не толькі звонку, але і найперш унутры. Таму пры ўсіх тэатральных прыдумках і сінтэзе розных відаў мастацтва (цытуецца фрагмент рускамоўнай экранізацыі аповесці) спектакль застаецца папраўдзе акцёрскім. А больш дакладна — акцёрскім і метафарычным, і гэтыя складнікі існуюць у гармоніі.

Метафарычнасць распаўсюджваецца нават на тэатральнае святло — праславутыя беларускія прыцемкі робяцца сінонімам “чужой душы”. На колер — класічная чорна-белая палітра ўключае ўсе адценні шэрага. Тыя адпавядаюць не толькі нашай прыроднай і ментальнай “туманнасці”, але і размеранаму вясковаму побыту, які можа расфарбаваць хіба з’яўленне чужынкі. А колькі дадатковых сэнсаў утрымліваюць звычайныя вёдры! Яны, прычэпленыя да дзявочых валасоў, заплеценых у косы, сімвалізуюць жаночую пакорлівасць, бо хлопцы наліваюць туды ваду. Вядро, пастаўленае Францішкай на падаконнік, успрымаецца як шлях у іншае, больш лёгкае жыццё. Надзетае Паўлам на галаву — як жаданне сысці ў сябе, не слухаць Аўдоццю (Людміла Сідаркевіч). Скарыстаны і эфект гаворкі “ў вядро”, калі ўзнікае гэткае рэха.

Спектакль “Я, бабуля, Іліко і Іларыён”, апошняя прэм’ера мінулага сезона, таксама грунтуецца на прозе— аднайменным рамане Надара Думбадзэ. Раней РТБД ладзіў чытанне, але цяперашняе ўвасабленне ад Юрыя Пахомава з Расіі, які выступіў і аўтарам інсцэніроўкі, — зусім іншае. У ім застаюцца за кадрам ваенныя гады, толькі адзін з герояў згадвае, што яго сын не вярнуўся. Акцэнтуюцца перадусім грузінскі гумар і тэма сталення Зурыко (нястомны Сцяпан Краўчук).

Шмат музычна-танцавальных, спеўных нумароў (асабліва ў першай дзеі), праз якія добра адлюстраваны нацыянальны каларыт. Вынаходліва паказаны жывёліны. Сабака? Максім Ратомскі нацягвае праз плячо пухнатае кола. Застрэлілі на паляванні? Дастае з кішэні чырвоную стужачку, здымае тую “шыну”, і яна адразу ператвараецца ў мёртвую тканіну. Карова? Ганна Лебедзева дэманструе пластыку рук, а потым надзявае на іх гарлачыкі-капыты. Трэба падаіць? Будзем тузаць за чатыры канцы пояса. Цягнік пры такім падыходзе — некалькі чамаданаў на вяровачцы. А за дзвярыма першага паверха сцэнічнага “дома” — спасылка на жывапіс Ніко Пірасмані. І над усім — выдатныя акцёрскія работы.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра