Летапіс Коласаўскага: 1960—1970-я. Выпуск пяты

Тэатр імя Якуба Коласа заўсёды славіўся акцёрскай школай, майстрамі выканальніцкага мастацтва. Сёння аповед пра іх — знакамітых, яркіх, любімых, народных.

 

Баляслаў Сяўко і Святлана Акружная ў спектаклі "Зацюканы апостал"

Асабліва плённым для тэатра быў перыяд з 1967 па 1976 гады, калі мастацкім кіраўніком працаваў Сямён (Саламон) Казіміроўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

З’явіліся значныя пастаноўкі, увасобленыя галоўным (Аляксандр Смелякоў), а таксама запрошанымі (Юрый Шчарбакоў, Барыс Эрын, Іосіф Папоў) рэжысёрамі. Сярод іх — “Вайна пад стрэхамі” паводле Алеся Адамовіча, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал” і “Таблетку пад язык” Андрэя Макаёнка, “Званы Віцебска” Уладзіміра Караткевіча, “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа, “Клоп” Уладзіміра Маякоўскага, “Улада цемры” Льва Талстога, “Слуга двух гаспадароў” Гальдоні, “Шмат шуму з нічога” Шэкспіра...

 

Георгій Дубаў у спектаклі "Доктар філасофіі"

У гэты ж час адбываецца драматычны працэс змены акцёрскіх пакаленняў, калі сцэну пакідалі буйныя майстры. Трупу папаўнялі выпускнікі Беларускага тэатраль­на-мастацкага інстытута Галіна Маркіна, Уладзімір Куляшоў, Ніна Левашова, Віктар Зубараў, Мікалай Цішачкін, Георгій Дубаў, Тамара Шашкіна, Баляслаў Сяўко, Галіна Дзягілева, Святлана Акружная, Пятро Ламан, Вячаслаў Грушоў, Віктар Дашкевіч і іншыя.

 

МАРЫ ПРА СЦЭНУ

Розныя дарогі вялі да Коласаўскага тэатра тагачасных акцёраў. Прыкладам, Людміла Пісарава прыйшла з завода “Маналіт”, дзе працавала… вымяральнікам-разбракоўшчыкам да той пары, пакуль не адчула, што яе кліча Мельпамена. Паступіла ў студыю пры тэатры імя Якуба Коласа, дзе выкладалі Цімох Сяргейчык, Барыс Браганцаў, Фёдар Шмакаў. Пачынала з маленькіх роляў, выхадаў у масоўцы.

У вялікую ролю яе прывёў выпадак. Летам 1971 года напярэдадні мінскіх гастроляў захварэла выканаўца ролі Матруны з “Улады цемры” — і літаральна за восем дзён у спектакль уводзяць Пісараву. І яна справілася! Яе ўбачылі спакойнай і грубай, хітрай і самаўпэўненай, шчырай і пранізлівай. Людміла Пісарава хутка заваявала сэрцы гледачоў.

Не менш цікавым быў шлях на прафесійную сцэну ў Яўгена Шыпілы.

— У 1967-м Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа аб’явіў набор у акцёрскі дапаможны склад, — расказвае літаратурны рэдактар установы Юрый Іваноўскі. — Сярод тых, каму пашчасціла і каго адабралі, быў і Жэня Шыпіла. За плячыма ў юнака — камсамольская работа, вучоба на курсах культасветработнікаў у Мінску, праца інструктарам раённага Дома культуры...

Яўген хутка асвоіўся ў новым асяроддзі: ён валодаў мілагучным маўленнем і выдатна трымаўся на сцэне, літаральна пераўвасабляючыся ў сваіх герояў. Яму даручалі ролі людзей, якія і па ўзросце былі яго аднагодкамі: Пётр Хромаў са “Сталявараў”, Іван Швед з “Таблеткі пад язык”, Генадзь з камедыі “Укралі кодэкс”... Непрыкметна і гарманічна артыст перайшоў у асноўны склад трупы, у яе маладзёжнае ядро.

 

Леанід Трушко ў спектаклі "Стары дом"

Будучага народнага артыста Леаніда Трушко заўважыў рэжысёр Віктар Каралько на самадзейнай сцэне. Ён і запрасіў у трупу, спярша ў дапаможны акцёрскі склад на невялікую ролю ў “Шостым ліпені” Шатрова. Малады акцёр цалкам аддаваўся тэатру. Станоўча да яго работы ставілася крытыка. Кажуць, Трушко апладзіравала сама Фурцава!

 

Уладзімір Куляшоў у спектаклі "Дурнічка"

“Куляшоў нарадзіўся для тэатра”, — сцвярджаў пра Уладзіміра Куляшова, яшчэ студэнта тэатральна-мастацкага інстытута, прафесар Аляксандр Бутакоў. І сапраўды, выдатныя знешнія дадзеныя, зайздроснае ўменне раскрываць вонкавую і ўнутраную сутнасць вобраза, высокая гуманітарная падрыхтоўка вылучалі яго сярод аднакурснікаў.

Яго разам з жонкай Нінай Левашовай, з якой ён пазнаёміўся ў інстытуце, запрашалі многія тэатры, але яны выбралі Коласаўскі ў Віцебску.

 

УСЕ ШЛЯХІ ВЯДУЦЬ…

Моладзь актыўна падтрымлівалі акцёры, якія ўжо мелі за плячыма вопыт работы на іншых сцэнах — вялікіх ды малых.

З Брэсцкага абласнога тэатра драмы перайшла ў Коласаўскі Галіна Маркіна. Руская па паходжанні, яна была ўлюбёная ў Беларусь, мову, тэатральныя традыцыі.

 

Галіна Маркіна ў спектаклі "Зацюканы апостал"

Як акторка Галіна Пятроўна пачынала на брэсцкай сцэне з ролі Жэнькі ў спектаклі “Фабрычнае дзяўчо”, а ўжо ў 1961-м упрыгожыла сваёй асобай трупу віцебскага тэатра. Адна з першых роляў — Яўгенія з драмы Івана Шамякіна “Выгнанне блудніцы”: драпежная жанчына, мяшчанка, якая выкарыстоўвае мужчын для дасягнення ўласных мэтаў. І адразу прадэманстравала здольнасць ствараць моцны валявы характар.

Гэта пацвердзілі наступныя работы актрысы — партызанская сувязная Вера ў “Павароце ключа”, Зося Савіч у “Сэрцы на далоні”, Марозава ў “Крыніцах”, Ганна Корзун — цэнтральная жаночая роля ў “Вайне пад стрэхамі”.

Акцёрам, які ўжо заявіў пра сябе на вялікай сцэне, прыйшоў у віцебскі тэатр Георгій Дубаў. Разам жонкай, у будучым заслужанай артысткай БССР Тамарай Шашкінай, ён працаваў у Гродзенскім абласным драмтэатры і запомніўся гледачам вобразамі маладых сучаснікаў.

А потым лёс яго перакінуў у горад над Дзвіной. Была адна важкая прычына пераезду сямейнай пары: у Віцебск перабраўся галоўны рэжысёр гродзенскай драмы Іосіф Папоў. І артысты паехалі за ім. Віцебскім гледачам Дубаў запомніўся па ролях Сеўкі (“Шануй бацьку свай­ го”), Жываты Цвіёвіча (“Доктар філасофіі”), Панталоне (“Слуга двух гаспадароў”), Тарону (“Заставайцеся сонцам”) ды іншых. З Тамарай Рыгораўнай на сцэнічных пляцоўках Георгій Дубаў амаль не сутыкаўся — у актрысы была свая, не менш прыгожая і каштоўная роля ў гісторыі ўстановы. Асноўныя ролі ў тэатры: Нюра (“У дзень вяселля”), Фінея (“Дурнічка”), Таісія Пятроўна (“Стары дом”), Маці (“Непаразуменне”), Жонка (“Пісьменныя”)…

Мікалай Цішачкін і Тамара Шашкіна ў спектаклі "Зацюканы апостал"

Тамара Шашкіна, як і іншыя знакавыя акцёры, рэжысёры, мастацкія кіраўнікі ды ўвогуле супрацоўнікі таго часу, паўплывала на рэпутацыйнае аблічча тэатра імя Якуба Коласа, які і сёння лічыцца адным з вядучых у краіне.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok