16 верасня ў Гродне стартаваў V Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам” — знакавая падзея ў тэатральным жыцці нашай краіны.

Форум аб'яднаў больш за 150 прафесіяналаў тэатральнага мастацтва.


Свае творчыя работы гледачам прапануюць вядучыя калектывы Беларусі, Расіі, Узбекістана і Кітая.

Віншаванне арганізатарам, удзельнікам і гасцям накіраваў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Сяргеевіч Маркаў, якое зачытала намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Анатольеўна Пархамовіч.

Глава ведамства падкрэсліў:
— Кожны новы фестываль становіцца цэнтрам тэатральнага жыцця краіны, дзе пераплятаюцца векавыя традыцыі тэатра. лялек і яго яркая сучаснасць, дзе не існуе межаў для творчага супрацоўніцтва і сяброўства, умацавання міжнародных творчых сувязей і ўзбагачэння культуры праз мастацтва.

Марат Сяргеевіч выказаў упэўненасць, што фестываль па добрай традыцыі пройдзе ў атмасферы натхнення, падорыць гасцям і ўдзельнікам святочны настрой і незабыўныя імгненні яднання з сапраўдным тэатральным мастацтвам.

Міністр культуры пажадаў удзельнікам плённай творчай працы, натхнення і новых здзяйсненняў, а гледачам — незабыўных уражанняў.



Фота Кацярыны Гардзеевай
Служба інфармацыі “К”