Краіна бачыць і цэніць

Апублiкавана: 15 верасня 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Падзеі

Аўтар: Аўтары

Да Дня народнага адзінства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер. Урачыстасць адбылася 14 верасня ў Палацы Незалежнасці.

 

Лідар нагадаў, што свята вярнулася ў наш каляндар пяць гадоў таму, і назваў дату 17 верасня 1939 года найважнейшым этапам у станаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці.

— Пасля вяртання заходніх зямель у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі мы сталі адзіным народам з агульнымі гісторыяй, культурай, мовай, якія ў Заходняй Беларусі пад прыгнётам польскай дзяржавы былі забаронены, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння гэта цяжка ўявіць, але так было. Як былі і беларусы, якія не шкадавалі жыцця, каб мы “маглі людзьмі звацца”. Такіх людзей было нямала. І хоць мы сталі шырока адзначаць Дзень народнага адзінства нядаўна, да апошняга, часам празмерна імкнучыся берагчы пачуцці заходняга суседа, гэтая дата ўсё ж такі была ў сэрцы нашага народа. І пацвярджэнне таго — амаль 200 вуліц, праспектаў, плошчаў і бульвараў, названых у гонар гэтай даты — 17 верасня.

Аляксандр Рыгоравіч заўважыў — свята прыжылося і палюбілася, заняло пачэснае месца ў адным шэрагу з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.

— Гісторыя не раз даказвала: што б ні адбывалася, беларусаў купіць немагчыма, іх немагчыма запалохаць і раз’яднаць, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што сустрэча адкрывае марафон мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства.

Як лічыць Кіраўнік дзяржавы, мы, пэўна, не зусім разумеем, у чым веліч свята, бо для ацэнкі падобных падзей з гістарычнага пункту гледжання мусіць мінуць больш доўгі перыяд.

— Каб усё гэта ўсвядоміць па-сапраўднаму, народы праходзяць праз вельмі цяжкія выпрабаванні. Нам не трэба пра гэта расказваць, таму што ў нас ля парога нашы родныя людзі праходзяць такія выпрабаванні. Я не хацеў бы, каб гэта здарылася. Лепш ціха, спакойна, але так, як ёсць, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Пройдзе час, і мы па-сапраўднаму, кожны ў сваёй душы, сэрцы ацэнім веліч таго, што здарылася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Таксама лідар заявіў:

— Мы сёння адзіная нацыя. Самае галоўнае — мы тут прымаем рашэнні аб будучыні нашай краіны. Хачу вас запэўніць, што як Прэзідэнт, якому вы давяраеце, зраблю ўсё, каб на нас ніколі не паказвалі пальцам. А калі б і паказвалі, то як цяпер — з зайздрасцю.

Паводле слоў Аляксандра Рыгоравіча, хоць нехта і называе беларусаў “агрэсарамі” ці яшчэ неяк, на самай справе ў нашай рэспубліцы мірныя людзі, што ведаюць цану адзінства, цану вайны і не хочуць паўтарэння такіх падзей.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім узнагароджаным за тое, што яны робяць для Беларусі, за сумленнасць, талент, бяссонныя ночы і працу без выхадных.

— Ордэны, медалі і ганаровыя званні — знак таго, што краіна бачыць і цэніць вашы намаганні. Гэта падзяка ад мільёнаў суайчыннікаў і, зразумела, асабіста ад мяне — за мір, дабрабыт, шчаслівую сучаснасць і цудоўную будучыню. Такія людзі, як вы, заўсёды імкнуцца да новага, дасканалага і сваёй працай паказваюць нам прыклад высокага служэння нашай Айчыне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод тых, каго ўшанавалі на ўрачыстасці, — і работнікі сферы культуры. Так, артыстка Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Ганна Міркас удастоена медаля Францыска Скарыны.

Крыніца: афіцыйны сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok