Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь знаёміць гледачоў з беларускім сакральным мастацтвам рэгулярна і сістэмна. Чарговая выстава — “Пасланнікі веры” — прысвечаная іканаграфічнаму адлюстраванню найбліжэйшых вучняў Хрыста — дванаццаці апосталаў. Як уяўлялі гэтых пасланцоў Добрай Весткі нашы землякі, якія жылі ў зусім іншую гістарычную эпоху ў зусім іншых краях — на берагах Нёмана і Ясельды, а не Іардана? Выстава прапануе шэраг цікавых варыяцый. І бадай усе яны спалучаюць вернасць канону з натхнёнай творчасцю.
СІМФОНІЯ АСОБ
Калі мінулая выстава іканапісу ў Нацыянальным мастацкім, прысвечаная вобразу Багародзіцы, прадэманстравала самыя розныя яго трактоўкі і ўвасабленні, то новы праект і пагатоў. Як-ніяк, маем справу адразу з дванацаццю! І хаця разам апосталы — “адна каманда”, ды кожны — са сваёй суб’ектнасцю і індывідуальнымі рысамі.
Часам гэтыя праявы характару заўважаюцца і на старонках Бібліі. Прыкладам, Пётр — па натуры тэмпераментны — не раз спрачаўся з Хрыстом, але, калі спатрэбілася,выхапіў меч, каб яго абараніць. Фама таксама вылучаўся рашучасцю, і пры гэтым не адразу браў на веру тое, што яму кажуць…

Апосталы Мацвей, Філіп, Фама і Юда Фадзей з Успенскага сабора ў Жыровічах.
Разглядаючы іконы Дэісуснага рада Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра, якія адкрываюць экспазіцыю выставы, разумееш: іх аўтары старанна імкнуліся падкрэсліць гэтыя індывідуальныя рысы. Кожны з апосталаў тут мае адметную паставу, свой выраз твару, які адлюстроўвае непаўторныя эмоцыі (засяроджанасць, натхненне, адданасць…), нават сваю прычоску і форму барады. Відавочна, для мастака было важна дбайна асэнсаваць кожную з дванаццаці постацяў, вылучыць адметнасці. Аднак разам, спалучаныя ў адну кампазіцыю, выявы ствараюць цэласную сімфонію першай Царквы.
ІМПЭТ ВУЧНЯЎ
Па словах куратаркі выставы, загадчыцы аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ Алены Карпенка, апостальскія іконы з Жыровічаў ілюструюць важную традыцыю раскрыцця гэтай тэмы, уласцівую менавіта для беларускіх земляў.
— Дзякуючы нядаўняй нашай выставе, дзе дэманстраваліся іконы з фондаў Ноўгарадскага музея-запаведніка, мы мелі магчымасць параўнаць беларускую традыцыю з той, якая была ўласцівая на тэрыторыі Расіі, — кажа мастацтвазнаўца. — Калі ў рускім іканапісе апосталы выяўленыя ў статычных малітоўных паставах (“дэісус” у перакладзе і ёсць “маленне, прадстаянне”), то ў творах беларускіх іканапісцаў вучні выглядаюць куды больш дынамічна: гэта дзейныя ўдзельнікі перадачы вучэння Хрыста ўсім народам. Яны жывыя, рухавыя, эмацыйныя. Яны не застылі ў маўклівым звароце да свайго Настаўніка, але ж рупліва асвойваюць і перапрацоўваюць тую навуку, якую ім належыць несці ўсяму чалавецтву.
Іканастас Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра сёння знаходзіцца на рэстаўрацыі, якая працягваецца дзякуючы гранту фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Своеасаблівае прэв’ю, прадэманстраванае на выставе ў музеі, дазваляе хіба ўявіць, наколькі ўражальна будзе выглядаць гэты выбітны твор беларускага мастацтва ў сваёй цэласнасці.

Апосталы Павел і Якаў з Успенскага сабора ў Жыровічах.
ІМЯ З МІНУЛАГА
Уніяцкі іканапіс мы ведаем перадусім дзякуючы непасрэднасці народных майстроў-самавукаў, якія вельмі па-свойму пераплаўлялі і візантыйскія, і заходнія ўплывы. Што заканамерна: большасць грэка-каталікоў былі сялянамі, таму грошай на прафесійных майстроў у іх не было. Іншая справа — манахі-базыльяне ў Жыровічах, якіх падтрымлівалі заможныя фундатары. Іконы, створаныя пад іх патранажам, дэманструюць іншае вымярэнне гэтай з’явы. Іх яўна рабілі прафесіяналы з добрай мастацкай адукацыяй. Алена Карпенка недарэмна праводзіць паралелі з мастацтвам італьянскага Рэнесансу…
Кім яны былі? На гэты конт пакуль можна толькі высоўваць гіпотэзы. Аднак нядаўняе адкрыццё, якое цягне на невялікую сенсацыю, пацвердзіла прозвішча аднаго з аўтараў разьбяной архітэктурнай канструкцыі іканастасу і засведчыла: насамрэч гэты твор куды больш ранні, чым лічылася.
На музейных этыкетках выявы апосталаў датуюцца апошняй чвэрцю XVII ст. Хаця ў публікацыях сустракаецца іншае — 1730-я. У старых, адзначым, артыкулах. У наступных памылка ўжо будзе выпраўлена.
Першым паставіў дату пад сумнеў мастацтвазнаўца з Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч. На яго думку, паводле стылістычных прыкмет, іконы былі напісаныя недзе на паўстагоддзя раней. Затым супрацоўніца НАН Беларусі Галіна Флікоп-Світа выявіла дакумент, які пацвярджаў гэтую гіпотэзу.
Кропка была пастаўленая пры нядаўнім дэмантажы іканастасу для яго рэстаўрацыі. Доказ — жалезны! На адваротным баку даследчыкі ўбачылі лацінскі надпіс “Ян Радванскі, 1670”. Імя гэтае беларускія гісторыкі мастацтва ведалі і раней. Аднак каму яно прыналежыць — іканапісцу, разбяру, архітэктару?
— Гэта стваральнік іканастаснай рамы, але не саміх ікон, — перакананая Алена Карпенка. — Магчыма, ён таксама распрацаваў агульную канструкцыю іканастасу і дэталі разьбы. Што да імёнаў саміх іканапісцаў…
На жаль, яны нам пакуль невядомыя. Аднак ёсць падставы лічыць, што гэта майстры віленскай школы — тыя самыя, якія прыблізна ў гэты ж час рабілі іканастас Супрасльскага манастыра. Ён, на вялікі жаль, знішчаны разам з храмам у апошнюю вайну, але захаваліся архіўныя фота, што дазваляюць зрабіць пэўныя высновы… Нават форма ікон, з іх аркавым завяршэннем, нагадвае абразы з Жыровічаў.
СХАВАНАЕ ХАРАСТВО
Зрэшты, іконы з Жыровічаў адметныя не толькі поўнымі ўнутранай экспрэсіі выявамі апосталаў. Алена Карпенка звяртае ўвагу на фон. Яшчэ нядаўна ён быў залатым — што звыкла для іканапісу, заснаванага на візантыйскіх традыцыях. У гэтай выяўленчай мове, прасякнутай сімвалізмам, залаты фон азначае нябесны свет.
Куратарка распавядае, што золата з’явілася толькі ў ХІХ стагоддзі, калі старыя абразы храма дастасоўвалі да праваслаўных канонаў. Калі ж іконы патрапілі ў Нацыянальны мастацкі музей, рэстаўратары выявілі пад золатам іншы слой фарбы. У выніку карпатлівай працы спецыялісты змаглі вярнуць абразам аўтэнтычны выгляд.
— Пасля таго як былі знятыя познія запісі, адкрыліся цудоўныя лёгкія пейзажныя фоны з блакітным небам, далінамі, лясамі, што не характэрна для ўсходняга іканапісу і з’явілася, мабыць, у выніку заходніх уплываў, — распавядае Алена Карпенка.
На адной з ікон — “Праслаўленне Жыровіцкага абраза Маці Божай” — фрагмент залатога фону рэстаўратары наўмысна пакінулі. Для кантрасту: побач з ім — маляўнічыя аблокі, дрэвы, узгоркі. Сімвалізму традыцыйнай іконы такая рамантычная дэталізацыя не была ўласцівая. Аднак варта адзначыць, што аўтарскія новаўвядзенні непрыкметна нада- юць абразу эмацыйнай свежасці.
ЦУД З ШАРАШОВА
Як мы ўжо казалі, базыльяне ў Жыровічах маглі дазволіць сабе запрасіць прафесійных майстроў. Іншая справа — жыхары звычайнага палескага мястэчка Шарашова. Іконы адтуль, якія экспануюцца на выставе, яўна рабіў аўтар, куды менш статусны. Створаныя яны для тамтэйшай Прычысценскай царквы (на жаль, яе ўжо не ўбачыш) прыблізна ў той самы час, што і жыровіцкія, у другой палове XVII стагоддзя, — можна параўноўваць і праводзіць паралелі.


Апосталы Ян і Павел з Прачысценскай царквы ў Шарашове
І шчыра кажучы, такое суседства зусім не выглядае пройгрышным для Шарашова. Хаця тут іканапісец падышоў да справы больш кансерватыўна. Прыкметных адхіленняў ад традыцыі бадай няма, звыклая стылістыка не парушаецца. Але ж асабісты почырк аўтара ўсё ж заўважны ў кожным яго творы.
— Нядаўна нашы рэстаўратары чарговы раз умацавалі фарбавы слой гэтых абразоў, трохі іх расчысцілі, сумясцілі дошкі там, дзе яны ўжо пачалі разыходзіцца… — дадае Алена Карпенка. — І такая падрыхтоўчая праца, нябачная для наведвальнікаў, папярэднічае кожнай выставе.
Шарашова ніколі не было такім буйным духоўным цэнтрам, як Жыровічы. Аднак культурныя набыткі гэтага невялікага мястэчка дазваляюць казаць пра яго як пра сапраўдны феномен. І ён у палескім рэгіёне далёка не адзіны. Прыкладам, мастацтвазнаўцы вылучаюць асобную давыд-гарадоцкую школу.
— Яна адметная асаблівым тыпажом твараў, — тлумачыць Алена Карпенка. — Буйныя вочы, выразныя лініі носа, маленькі рот, паўнаватыя абліччы… Гэта асаблівасці іканапісу той часткі Палесся, якая славіцца архаічнымі традыцыямі.
Да гэтых асаблівасцяў хочацца дадаць яшчэ і надзвычайную пяшчоту, з якой іканапісец вымалёўваў твары анёлаў і апосталаў. Адметнасць школы, магчыма, абумоўленая і геаграфічнымі фактарамі — балоцісты рэгіён існаваў даволі ізалявана ад іншых, таму заходні ўплыў туды трапляў меней. Ды, як сведчаць прадстаўленыя на выставе іконы, мясцовы люд дбайна захоўваў свае ўяўленні пра хараство.


Апосталы Пётр і Андрэй з Прачысценскай царквы ў Шарашове
МЕЧ І РАКАВІНКА
Пра ўплыў заходніх традыцый на беларускае ўніяцкае (і нават праваслаўнае) мастацтва гаворыцца часта — і ён сапраўды відавочны. Аднак выстава дазваляе закрануць і адваротную тэму, нагадваючы пра тое, што ў нашых краях уплывы маглі мець самыя розныя вектары.

Апосталы Ян і Тамаш з Брыгіцкага касцёла ў Гродне.
Дэісусны, або апостальскі, рад — звыклы складнік іканастаса царквы. Рыма-каталіцкім храмам яны ніколі не былі ўласцівыя— дый іканастаса там як такога няма. Аднак у гродзенскім касцёле кляштара брыгітак свае 12 апосталаў з’явіліся — праўда, як сведчаць старыя здымкі, размяшчаліся абразы не ў алтарнай частцы, а на хорах.
Унікальны твор касцельнага жывапісу, выратаваны ў свой час супрацоўнікамі музея, а потым рупліва адрэстаўраваны, сёння цешыць вока яркімі фарбамі. І надзвычай удала раскрывае тэму выставы.
Гістарычных звестак пра асобы першых вучняў Хрыста практычна не захавалася, ды і царкоўнае паданне пакідае досыць месца для здагадак і варыяцый. Іх прыжыццёвыя партрэты, вядома, таксама да нас не дайшлі. Затое ў хрысціянскай культуры цягам стагоддзяў сфармаваліся свайго кшталту каноны, якія задаюць пэўныя рамкі для ўвасаблення вобразу кожнага з 12 вучняў.
Па-першае, яны маюць пазнавальныя атрыбуты. Прыкладам, святы Пётр выяўляецца з ключамі ад раю, а святы Ян трымае келіх, з якога высоўваецца змейка (згодна з паданнем, яму падалі кубак з атручаным віном, аднак Боскім цудам ён застаўся жывы). Фама мае вугольнік для крэслення — між іншым, ён з’яўляецца нябесным апякунам архітэктараў.
А па-другое, як тлумачыць Алена Карпенка, ёсць і чыста візуальная традыцыя: як павінен выглядаць той ці іншы апостал. Скажам, Філіп, Фама і Ян звычайна выяўляліся ў маладым веку, Пётр— ужо ў даволі паважным. Яго, мабыць, нідзе не сустрэнеш без барады, а вось Ян амаль ніколі яе не мае.
— Якаў Старэйшы выяўлены тут у капелюшы, — працягвае тлумачыць Алена Карпенка, — а на ім ракавінка, сімвал паломніка, якая ў рэальнасці часам замяняла яму лыжку. Сімволіка ракавіны марскога грабеньчыка закладзена ў яго форме, дзе бароздкі, як прамяні, веерам сыходзяцца ў адной кропцы — як жыццёвыя шляхі, што павінны весці да вучэння Ісуса Хрыста. Апостал з гродзенскага касцёла рамантычна ўглядаецца ў далечыню, нібы бачыць абсягі будучыні. І сапраўды, менавіта Святы Якуб стаў апекуном пілігрымаў, з яго імем звязанае заснаванне горада Сант’яга дэ Кампастэла, куды і сёння рушаць паломнікі з усяго свету.

Апосталы Якуб і Барталамей з Брыгіцкага касцёла ў Гродне.
Гэты культуралагічны экскурс праз “расшыфроўку” схаваных у гродзенскіх абразах сімвалаў дапаўняецца сакавітым візуальным шэрагам: у выразы твары апосталаў можна ўглядацца доўга. І… урэшце прыйсці да нечаканай высновы: нішто чалавечае не чужое і стваральнікам сакральнага жывапісу.
Алена Карпенка звяртае ўвагу на тое, што некаторыя тыпажы апостальскага раду паўтараюцца: твары ну вельмі ўжо падобныя. Відавочна, мастак вырашыў трохі... спрасціць сабе задачу (назавём гэта так, каб яго не пакрыўдзіць). Хаця, як вядома, некаторыя з апосталаў былі братамі: іх лучылі крэўныя повязі.
***
Вобразы з Жыровіцкага храма дазваляюць сцвярджаць: нават ва ўсходняй традыцыі беларускага іканапісу здавён была ўласцівая партрэтнасць, схільнасць надаць вобразу святога канкрэтныя рысы. Зразумела, касцельны жывапіс, які грунтуецца на традыцыю заходнюю, меў гэтыя асаблівасці ў яшчэ большай меры.
Ці можна напісаць партрэт чалавека, якога ты ніколі не бачыў і які жыў за многія стагоддзі да цябе? Вядома, гэта задача з зорачкай. Але ж нашыя продкі прадэманстравалі нямала цікавых прыкладаў яе вырашэння.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара