І ў святы, і ў будні...

Пагутарылі з Наталляй Клімко — народным майстрам Рэспублікі Беларусь, захавальніцай і папулярызатарам старадаўняй тэхналогіі навагрудскай выцінанкі.

 

ЛЮБОЎ І ЗГОДА

Бацькі ўмеліцы пазнаёміліся падчас Вялікай Айчыннай вайны ў далёкім Новарасійску. Яны разам пераадолелі ўсе выпрабаванні ліхалецця, а пасля Перамогі перабраліся ў Беларусь.

— Маё дзяцінства праходзіла ў вёсцы Крынкі, што ў Лёзненскім раёне, — успамінае Наталля Аляксандраўна. — Наша сям’я была шматдзетнай і вельмі творчай: старэйшы брат іграў на баяне, сястра добра спявала, яшчэ адзін брат захапляўся маляваннем. Паміж намі заўсёды панавалі любоў і згода.

Ідылію парушыла раптоўная смерць бацькі. Браты і сястра пачалі дарослае жыццё і раз’ехаліся па розных кутках Савецкага Саюза. Летуценнай і рамантычнай дзяўчыне давялося хутка пасталець. Яна дапамагала маці па гаспадарцы: секла дровы, нарыхтоўвала сена. Выконвала працу, што лічыцца мужчынскай. А ў рэдкі вольны час зачытвалася казкамі, любоў да якіх пранесла праз дзесяцігоддзі.

— Скончыўшы восьмы клас, я паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, — расказвае рамесніца. — Мама не хацела адпускаць, аднак бачыла маю цягу да творчасці — і змірылася. У сталіцы для мяне, дзяўчыны з вёскі, адкрыўся нібы іншы свет. Я трапіла ў кола таленавітых людзей, пераймала веды ў сапраўдных майстроў. Менавіта тут сустрэла чалавека, які стаў маім мужам. Пасля навучання мы пераехалі ў Навагрудак, што зрабіўся домам.

 

НА СТЫКУ ЭПОХ

На новым месцы Наталля Клімко ўладкавалася мастаком-афарміцелем. Праца была разнапланавай: малады спецыяліст танцавала і пела ў хоры, вяла імпрэзы, аздабляла сцэну да свят. Але неўзабаве лёс крута павярнуўся: 1990-я — пара вялікіх змен і цяжкасцей для краіны. Крызіс закрануў і сферу культуры.

— Установа, якой я прысвяціла амаль 10 гадоў, скараціла штат — я аказалася без работы, — прыгадвае Наталля Аляксандраўна. — А мы ўжо гадавалі дваіх дзяцей — і мусілі іх карміць, адзяваць, ставіць на ногі. Прыйшлося займацца перацяжкай і рамонтам мяккай мэблі. У гэтай справе дапамагла старая швейная машынка, што дасталася ад маці. Аб рэалізацыі творчых задум не было і гаворкі — проста выжывалі.

Але ж нішто не доўжыцца вечна — складаныя часы таксама мінаюць. Хутка жанчыне прапанавалі пасаду метадыста па народных рамёствах у раённым Цэнтры культуры — стартаваў чарговы этап кар’еры.

— Ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі па ўсіх кутках нашага краю, знаёмілася з майстрамі і вывучала іх вопыт, — распавядае гераіня. — А на пачатку нулявых узначаліла адкрыты тады Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў.

Адчуваючы неабходнасць удасканаліць веды, Наталля Клімко паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Там зацікавілася выцінанкай, напісала дыплом па гэтай тэме. І раптам зразумела: папяровыя карункі — тое, з чым хочацца звязаць шлях.

 

У ЦЭНТРЫ ЎВАГІ

Унікальнасць навагрудскай выцінанкі — у спосабе вырабу ўзораў, якія не выразаюцца, а менавіта выбіваюцца з дапамогай малатка, стамескі, шыла ці завостранай адвёрткі.

— Ствараючы такія выявы, важна балансаваць паміж вернасцю спадчыне і эксперыментамі, — расказвае майстрыха. — Сапраўды, часам хочацца рэалізаваць уласныя ідэі. Але захаванне гістарычнай дакладнасці застаецца адной з галоўных місій.

Наталля Клімко адзначае: традыцыя была адноўлена намаганнямі рамесніцы Ніны Шурак. Жанчына таксама спрыяла ўзнікненню мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея, папулярызавала беларускую культуру.

— Ніна Пятроўна мяняла свет вакол сябе і ўплывала на лёсы людзей, — упэўнена Наталля Аляксандраўна. — Дзякуючы яе ініцыятыўнасці выцінанка-выбіванка была адроджана, а пазней атрымала статус нацыянальнага здабытку — трапіла ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як элемент нематэрыяльнай спадчыны.

 

ТРАДЫЦЫЮ — У СВЕТ!

Наша гераіня прадоўжыла справу папярэдніцы, і хутка дзейнасць Наталлі Клімко вылучылі на самым высокім узроўні. За плённую працу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі ўмеліца ўдастоена спецыяльнай прэміі Прэзідэнта.

Творца падкрэслівае, што сёння па-ранейшаму актуальная тэма папулярызацыі арыгінальнага рамяства. Адзін з крокаў у гэтым напрамку — правядзенне фестывалю “Выцінанка-выбіванка. Ажурны код Навагрудка”: свята ўпершыню адбылося ў 2025-м. У выніку ўсіх намаганняў унікальная тэхналогія стала сапраўдным брэндам раёна і гонарам краіны.

Таксама майстрыха ўдзельнічае ў міжнародных культурных форумах, дзе распавядае пра аўтэнтычнае мастацтва. Сярод нядаўніх пляцовак — армянскі горад Мегры, культурная сталіца СНД 2026 года. Наталля Аляксандраўна знаёміла гасцей выставы-фестывалю ART EXPO з непаўторнымі ўзорамі і глыбокай сімволікай беларускіх папяровых карункаў. Цяпер пра навагрудскую выцінанку-выбіванку ведаюць далёка за межамі Сінявокай.

 

ТВОРЧАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак умеліца працягвае чараваць над паперай і перадаваць назапашаны вопыт усім зацікаўленым. Наталля Клімко кіруе клубам майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”.

— Мы праводзім заняткі і выставы, разам адзначаем спрадвечныя святы, — расказвае гераіня. — Сёння наша аб’яднанне — сапраўдная сям’я. Таксама радасна, што выраб выцінанкі выклікае шчырую цікавасць у школьнікаў, якія вывучаюць рамяство ў гуртку “Выбіваначка”. Бо ўвага маладога пакалення — гарант таго, што старажытная традыцыя не застанецца ў мінулым.

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok