Шчыры клопат

Супрацоўнікі апарату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь павіншавалі з Днём ведаў і парадавалі падарункамі выхаванцаў Вілейскай спецыяльнай школы-інтэрната.

Вілейская спецыяльная школаінтэрнат — падшэфная ўстанова, якая ўжо шмат гадоў знаходзіцца пад апекай Міністэрства культуры. Сёлета на ўрачыстую лінейку завіталі начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч і намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Міністэрства культуры Лілія Ешмантовіч.

Марына Браніславаўна, звяртаючыся да навучэнцаў, педагогаў, бацькоў і гасцей мерапрыемства, адзначыла важнасць Дня ведаў для кожнага, пажадала ўсім здароўя, поспехаў, цярпення, станоўчых эмоцый і перамог у новым навучальным годзе.

Ад Міністэрства культуры кожны першакласнік атрымаў ранец, напоўнены ўсім неабходным для заняткаў: сшыткамі, альбомамі, алоўкамі, ручкамі, фарбамі, іншымі канцылярскімі прыладамі і салодкімі пачастункамі. Падарункі набыты за кошт прафсаюза ведамства і добраахвотных узносаў супрацоўнікаў, якія са шчырым клопатам падтрымліваюць выхаванцаў.

Традыцыйна падчас свята для хлопчыкаў і дзяўчынак прагучалі важныя словы-парады ад дарослых і, вядома ж, незабыўная трэль першага званка.

Асаблівую атмасферу мерапрыемству надалі музычныя віншаванні ад выхаванцаў установы і Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.А. Казінца.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok