Новае кіно пра афіцэраў

Апублiкавана: 30 жнiўня 2026 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: Аўтары

Серыял “Слова афіцэра”, што зараз здымае Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, грунтуецца на подзвігу батальёна міліцыі пад кіраўніцтвам Канстанціна Уладзімірава. У 1941-м на чале з Канстанцінам Рыгоравічам 250 байцоў абаранялі подступы да Магілёва на мяжы вёсак Пашкава і Гаі. Пасля тых падзей ацалела толькі 19 чалавек. У ліку загінулых — і сам камбат.

 

УВАСКРЭСЛЫ НАСТАЎНІК БЯЛО­ГІІ

Сюжэт апісвае лёс аднаго з тых, хто выжыў, — выдуманага выпускніка Мінскай школы міліцыі Аляксея Уладзімірава. Герой дае слова афіцэра камандзіру перад яго смерцю, а потым справу Аляксея працягваюць дзеці і ўнукі. Ролю выконвае расійскі акцёр тэатра і кіно Кірыл Кузняцоў. На пляцоўцы ў артыста складаная змена: здымаецца сустрэча старых сяброў, аб’яднаных горкай памяццю пра загінулых таварышаў.

— У мяне няма трывогі, але прысутнічае хваляванне і сапраўдны азарт, прыпраўлены велізарнай адказнасцю, — прызнаецца Кірыл. — Я паглыбіўся ў мінуўшчыну міліцыі, вывучаў подзвіг, звязаны з вышынёй Уладзімірава. Зразумець спецыфіку службы і гістарычныя адсылкі серыяла мне дапамаглі парады дзейных афіцэраў і экскурсія ў музей МУС. Мы з персанажам вельмі падобныя: у абодвух ёсць прамалінейнасць, катэгарычнасць і юнацкае хуліганства, неабходнае ў прафесіі.

Яшчэ адну ключавую постаць — Мікалая Корбута, сябра галоўнага героя, — іграе беларускі кінаакцёр Станіслаў Мазурэнка. Яму блізкая тэма абароны Радзімы. Артыст вырас у Мар’інай Горцы па суседстве з часцю, дзе служылі дзед і бацька.

— Жыццё майго персанажа прапісана з 1941 па 1986 гады, — распавядае Станіслаў. — Калі я атрымаў сцэнарыі ўсіх васьмі серый, пачалася грунтоўная ўнутраная праца. Каб мець поўны партрэт, мне спатрэбілася дадумаць некаторыя моманты. Напрыклад, якое дзяцінства было ў Мікалая? Якая прырода яго болю? Я шмат шпацыраваў, разважаў, ужываўся ў гэты вобраз. І ўдзел у такім праекце для мяне — гонар.

Тэма гістарычнай памяці праходзіць чырвонай ніткай праз серыял. У эпізодзе, падзеі якога разгортваюцца ў 1960-х, занята заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Нарбекава. Яе гераіня кіруе атрадам школьнікаў-следапытаў, што шукаюць безыменныя пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Па сюжэце дзеці спрабуюць знайсці байца, што лічыцца загінулым, а ён аказваецца жывым і працуе іх настаўнікам біялогіі, — расказвае Ірына Веніямінаўна. — У сцэне я выступаю з палымянай прамовай на магіле невядомага салдата. Гэта даніна памяці ўсім, хто прычыніўся да подзвігу, — радавым, лейтэнантам, капітанам і не толькі. Хоць мы здымаем гісторыю пра мінулае, яна прагучыць набатам і сёння, каб жахлівая вайна ніколі не паўтарылася.

 

АД 1940-Х ДА 1960-Х — АДЗІН КЛІК

Рэжысёр-пастаноўшчык серыяла Агата Мацко падкрэслівае сур’ёзны размах праекта: у ім задзейнічана больш за 300 персанажаў! Гледачоў чакае скрупулёзная рэканструкцыя парада 1944 года, з тэлеэкранаў загавораць такія знакамітыя асобы, як М. Калінін, П. Панамарэнка, І. Чарняхоўскі…

— Цэнтральны герой і яго сям’я — зборныя вобразы з найлепшымі якасцямі работнікаў міліцыі. Вернасць клятве афіцэра, краіне і людзям — гэтую галоўную каштоўнасць праваахоўнікі праносяць праз усю сваю гісторыю, — распавядае Агата Юр’еўна. — Запланавана вельмі шмат лакацый і эпічных сцэн. Акрамя таго, сустрэнемся з супрацоўнікамі міліцыі, якія рэальна існавалі, і міністрамі ўнутраных спраў розных перыядаў.

— У вёсцы Вялікія Навасёлкі Дзяржынскага раёна, побач з сядзібай Кастравіцкіх, разгарнулася маштабная здымачная пляцоўка кінастудыі, — паведаміў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў. — Стварэнне серыяла прымеркавана да знакавай даты — 110-годдзя айчыннай міліцыі. Гэта грандыёзны праект, што рэалізоўваецца па заказе Міністэрства культуры і пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Кожны эпізод ахопіць свой гістарычны прамежак, таксама наша каманда пабывае ва ўсіх абласцях краіны.

 

СУЧАСНЫЯ ПІЯНЕРЫ І РАТАВАЛЬНІКІ

Побач з майстрамі працуе і моладзь.

Юныя таленты ўжываюцца ў вобразы савецкіх школьнікаў 1960-х з атрада следапытаў. А для таго дзецям патрэбныя багатыя веды. Здымкі пачаліся адной са сцэн: “Мы шмат чытаем, ходзім у бібліятэку, і нават ёсць час на прагулкі!” — рапартуе піянер у інтэрв’ю. “А ты б не хацеў больш адпачываць?” — пытаецца рэпарцёр. “Хацеў бы, але ў нас ёсць абавязак перад Радзімай!”

— Я сёння ў ролі дзяржынца — удзельніка атрада, які дапамагаў міліцыі расследаваць злачынствы, — адзначае Елісей Чачонак, вучань сярэдняй школы №137 Мінска. — Спадзяюся, здымкі пройдуць гладка і хутка.

Серыял ахоплівае 80 гадоў гісторыі беларускай міліцыі — з 1940-х па 2020-я. За візуальную адпаведнасць эпохам адказвае вялікая каманда мастакоў — у тым ліку маладыя спецыялісты. Іван Драгун, асістэнт мастака-пастаноўшчыка па дэкарацыях, адкрывае вытворчыя таямніцы:

— Падрыхтоўка асноўнага рэквізіту заняла два з паловай месяцы, больш за ўсё працавалі ў павільёнах кінастудыі — малявалі плакаты, таблічкі, упрыгожанні. Але работа ніколі не заканчваецца. Напрыклад, калі адлюстроўваем падзеі 1978-га, спраўджваем знешні выгляд будынка па архівах. У кадры павінен быць стары дом? Тады дадаём фактуру водарастваральным акрылам. А калі, наадварот, варта абнавіць сцены — маскіруем дэфекты. Выкарыстоўваем і бутафорскую цэглу з пенапласту: яна фарбуецца, акуратна клеіцца на фасад, а пасля без следу дэманціруецца. Закінуты дом без гістарычнай каштоўнасці мы можам рэканструяваць, а затым эфектна разбурыць.

У серыяле чакаецца шмат батальных сцэн і піратэхнічных трукаў. Але кінавытворчасць патрабуе вынаходлівасці. Напрыклад, адна з лакацый, вёска Заброддзе, пацярпела ад моцнага ўрагану: стыхія паваліла дрэвы, заблакіраваўшы пляцоўку. А там назаўтра планаваліся здымкі... На дапамогу “кіношнікам” аператыўна прыбыў нарад МНС і расчысціў тэрыторыю. У гэтым простым жэсце ярка адбілася сама сутнасць “Слова афіцэра” — праекта аб усіх людзях, гатовых у любую хвіліну прыйсці на выручку.

Цінацін МАЙСУРАДЗЭ. Фота аўтара і з Тэлеграм-канала "Национальная киностудия «Беларусьфильм»"

MAX TikTok