Мост паміж глыбокім мінулым і будучыняй, што дапамагае нам ствараць сучасную культуру на трывалым, правераным тысячагоддзямі падмурку. Так выглядае сённяшняя айчынная археалогія. Пра яе новыя дасягненні і перспектывы распавялі адмыслоўцы.

Якім быў сёлетні археалагічны сезон і як здабыткі археолагаў працуюць на культуру цяпер?

Вадзім Лакіза
Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза растлумачыў, што навукова-даследчая работа сучасных археолагаў спалучае практычныя і тэарэтычныя даследаванні, традыцыі ды інавацыі. Комплекснасць заключана ў тым, што праводзяцца не толькі раскопкі артэфактаў і іх камеральная апрацоўка, але і рэстаўрацыя, захаванне ды стабілізацыя, асабліва прадметаў з жалеза, дрэва і са скуры.
Сёння ў Беларусі актыўна развіваецца падводная археалогія. Нядаўна было вывучана тарфянікавае паселішча побач з вёскай Галоўск Сенненскага раёна, дзе раскоп зрабілі ў ложы ракі Крывінкі. Як паказалі даследаванні, у воданасычаным пласце ацалелі рэшткі старажытных пабудоў, посуд, рэчы з дрэва, косці, падвескі, каралі. Гэты помнік археалогіі, які знаходзіцца пад вадой і мае ўзрост каля чатырох з паловай тысяч гадоў, раскрывае побыт людзей позняга неаліту і ранняга бронзавага веку.
ТАЯМНІЦЫ СТАЛІЦЫ
Першая згадка Мінска прыпадае на 1067-ы і звязана з бітвай на рацэ Нямізе паміж войскамі полацкага князя Усяслава Брачыславіча і князёў Яраславічаў — налета беларуская сталіца адзначыць 960-годдзе таго ўпамінання. З нагоды круглай даты навукоўцы рыхтуюць археалагічную карту Мінска, якая будзе ўключаць інфармацыю, атрыманую па выніках апошніх даследаванняў, і мусіць пабачыць свет у 2027-м да юбілейных святкаванняў.

Загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч распавёў аб свежых фактах, устаноўленых пры раскопках на рацэ Менцы, што за 10 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска. Тут у 2023— 2025 гадах ладзіліся маштабныя даследаванні, якія паказалі, што археалагічны комплекс уяўляў сабой старажытнарускі горад.
НОВЫЯ ЗНАХОДКІ ДЫ ДАТЫ
Раскопкі арганізоўваліся на малым гарадзішчы, дзе ў старажытнарускі перыяд размяшчаўся дзяцінец — самая галоўная ўмацаваная частка горада. Даследаванні праводзіліся на плошчы 20 квадратных метраў. Знойдзены найбольш раннія матэрыялы славян пражскай культуры. Да таго лічылася, што славяне з поўдня дайшлі да азначаных зямель у IX стагоддзі ці пазней, але цяпер удалося даказаць — гэта адбылося прыблізна ў VII стагоддзі. Адшуканы кераміка, некалькі ўпрыгожанняў і прасліцы.

Таксама зафіксаваны сляды магутнага пажару, які здарыўся ў ХІ стагоддзі. У згарэлым зрубавым памяшканні выяўлены фрагменты драўлянага посуду — яны захаваліся менавіта таму, што асмаліліся. Да часу пажару адносяцца наканечнікі стрэл, наканечнік дзіды, жаночыя ўпрыгожанні. Раней меркавалі, што жыццё ў горадзе на Менцы спынілася на пачатку XII стагоддзя. Насамрэч на малым гарадзішчы была феадальная сядзіба, якая функцыянавала аж да XIV стагоддзя як невялікі двор. Пасля з яго стала разрастацца буйная гаспадарка.
КАВАЛІ ДЫ ВАЯРЫ

Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Павел Кенька паведаміў: у выніку даследавання Гальшанскага археалагічнага комплексу на Ашмяншчыне, што працягваецца ўжо каля 20 гадоў, сёлета адшукана кузня X—XI стагоддзяў. Яна мела надзейны фундамент, складзены з камянёў. Унутры былі аб’екты, звязаныя з кавальскай справай: адыходы вытворчасці, дэфектныя вырабы і прадметы са слядамі папраўкі.

Сярод знаходак — некалькі нажоў, ключы, ледаходныя шыпы і дэталі даспехаў. У кузні выявілі і артэфакты, якія не адносяцца да кавальства наўпрост: каралі, жаночыя падвескі і посуд, у тым ліку з клеймамі. Вывучаліся і іншыя археалагічныя помнікі ў раёне. Эксперты даследавалі воінскі магільны комплекс, дзе зафіксаваны спаленыя астанкі, а таксама рэчы і фрагменты даспехаў ды кальчугі, прыкметы пахавання баявых коней ды сабак.

ЗНІКЛЫЯ ВЕЖЫ ДЫ ХРАМЫ
Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Сафія Данцова расказала, што ў Ружанскім палацы на Пружаншчыне адшукана кафля з гербом Сапегаў, частка падсвечніка і кавалак фаянсу са Свержанскай мануфактуры, якая належала Радзівілам.

Раскопкі праводзіліся адмыслоўцамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Яшчэ сёлета ўдалося знайсці дзве вежы XVI стагоддзя — тады было закладзена першапачатковае ядро сядзібы. Паўднёвая вежа чатырохкутная, а паўночна-ўсходняя — пяцікутная. У паўднёвай месцілася крыпта, а на другім паверсе паўночна-ўсходняй — асабісты кабінет князя. Пабудовы плануецца ўключыць у турыстычны маршрут, намечана іх кансервацыя.
У гэтым археалагічным сезоне таксама ладзіліся раскопкі ў Гродне і Лідзе, каб вывучыць пахавальныя комплексы XVI— XIX стагоддзяў.

У Лідзе знаўцы даследавалі крыпты канца XIX стагоддзя са свінцовымі саркафагамі.
А ў Гродне — пахаванні, выяўленыя на Малой Траецкай вуліцы падчас будаўнічых работ і датаваныя пачаткам — сярэдзінай XVI стагоддзя. Акрамя таго, адшуканы фрагменты храма, які звязваюць з касцёлам Святой Тройцы. Ён існаваў у Гродне з канца XVI да сярэдзіны XVII стагоддзя.

Беларуская археалогія сёння перажывае сапраўдны ўздым. Калі раней спецыяліст у такой галіне асацыіраваўся выключна з пыльнымі архівамі і раскопкамі ў глухіх лясах, то цяпер гэта высокатэхналагічная дысцыпліна, якая змяняе наша ўяўленне пра мінулае.
Антон РУДАК. Фота аўтара, Паўла Кенькі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
і з Тэлеграм-канала Нацыянальнага прэс-цэнтра