Выпускнікі творчых ВНУ асвойваюцца на першым працоўным месцы па-рознаму, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно: яны не баяцца развівацца ў прафесіі і гатовыя не толькі хадзіць на службу, але і ствараць. Яны трапляюць у бібліятэкі, школы мастацтваў, музычныя каледжы — і хутка перастаюць быць проста “маладымі спецыялістамі”. Яны прапануюць новыя ідэі, эксперыментуюць з фарматамі — і паступова мяняюць аблічча сваіх устаноў.

Узорны хор "Камертон" на канцэрце "Вясна пяе".
Кіраўнік — Наталля Кір'янава
НОВАЕ ДЫХАННЕ
Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёння не проста кнігасховішча з унікальнымі фондамі. Гэта адукацыйная, культурная і камунікацыйная пляцоўка, дзе працуюць праграмісты, інжынеры, экскурсаводы, арганізатары мерапрыемстваў. Сёлета па размеркаванні сюды прыйшоў 31 малады спецыяліст.
За навуковую і інфармацыйна-тэхналагічную частку ўстановы адказвае намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Бабук. Ён перакананы: пачаткоўцы — крыніца свежых ідэй. І калі ім даюць свабоду, яны здольныя змяняць сам фармат работы.

Аляксандр Бабук
— Маладыя спецыялісты не толькі падтрымліваюць тое, што створана да іх. Яны шукаюць новыя спосабы гэта паказаць і сучасна прэзентаваць, — тлумачыць Аляксандр Вадзімавіч. — Напрыклад, адна наша калега распрацавала праект “Компас спадчыны” — інтэрактыўныя мультымедыйныя карты аб’ектаў гісторыкакультурнай спадчыны Беларусі, уключаных у спіс ЮНЕСКА. Такі свежы погляд дае імпульс развіццю культуры.
У галоўнай бібліятэцы краіны новыя кадры атрымліваюць і творчую свабоду, і рэальную падтрымку: даплаты, “пад’ёмныя”, магчымасць стаць у чаргу на жыллё. Але самае важнае, паводле слоў кіраўніка, — настаўніцтва. За кожным пачаткоўцам замацоўваюць вопытнага калегу, які дапамагае асвоіць не толькі прафесійныя тонкасці (напрыклад, працу з бібліятэчнымі шыфрамі), але і ўліцца ў калектыў.
Наогул кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі імкнецца падтрымліваць ініцыятывы сваіх маладых супрацоўнікаў, рабіць іх працу каштоўнай і цікавай. Бо, як вядома, кожны чалавек — гэта цэлы свет.
Лізавета Петрашэвіч — спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Апынулася тут пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ. Прапрацаваўшы год, прызнаецца: не чакала, што жыццё ўстановы будзе настолькі насычаным.

Лізавета Петрашэвіч
— Кожны дзень тут не падобны на папярэдні, — дзеліцца ўражаннямі Лізавета. — Сёння ты працуеш з тэкстам, заўтра сустракаеш здымачную групу, паслязаўтра шукаеш нестандартны спосаб расказаць пра бібліятэчную падзею. Мяне падкупіла, што тут перасякаюцца творчасць, культура і камунікацыі. І самае прыемнае — бачыць вынік у рэальным часе: пасля анонса на мерапрыемства прыходзяць дзясяткі новых асоб, а калі журналісты падхопліваюць тэму — у эфіры з’яўляюцца сюжэты пра нашу працу. Гэта найлепшая зваротная сувязь.
Асабліва яркім момантам для дзяўчыны стала “Бібліяноч”. Да гэтага Лізавета ніколі не была на падобных мерапрыемствах і ўявіць не магла, што кніжная скарбніца можа гучаць так.
— На адзін вечар наш алмаз ператвараецца ў вялікую творчую лакацыю. Завітваюць тысячы людзей, і атмасфера зусім не падобная на тыповае ўяўленне пра кнігасховішча. Гэта было сапраўднае адкрыццё — убачыць, якая маштабная падрыхтоўчая работа стаіць за кожнай падзеяй.
Лізавета перакананая: бібліятэчнае жыццё не такое кансерватыўнае, як можа выглядаць збоку. Каб знайсці ў ім сваё месца, трэба з першых дзён уключацца ў працэс, не баяцца памылак і прапаноўваць тое, што здаецца слушным. Менавіта актыўнасць, па яе словах, дапамагае хутчэй зразумець, як тут усё працуе, і знайсці калег, з якімі разам цікава ствараць.
І такі падыход, як відаць, працуе. Ідэі маладых спецыялістаў — ад галасавых памочнікаў на базе штучнага інтэлекту да “ажыўлення” партрэтаў дзеячаў культуры — сёння разглядаюцца як стратэгічныя. Яны робяць бібліятэку больш адкрытай і сучаснай, пацвярджаючы словы Аляксандра Бабука пра тое, што маладыя спецыялісты даюць новае дыханне ўстанове.
ТАЛЕНТ — ІСКРА, ХАРАКТАР — ПОЛЫМЯ
Гомельская дзіцячая школа мастацтваў № 5 — адна з найбуйнейшых у горадзе. Больш за тысячу дзяцей вучацца тут музыцы, харэаграфіі, маляванню і акцёрскаму майстэрству. Аднак ДШМ славіцца не столькі колькасцю вучняў, колькі камандай педагогаў, сярод якіх усё больш моладзі. І кожны пачатковец з першага дня актыўна ўключаецца ў творчы працэс.
Кіраўніца вакальна-харавога аддзялення Наталля Кір’янава ўпэўненая: без стварэння камфортных умоў зацікавіць новых настаўнікаў немагчыма. Таму адміністрацыя школы падыходзіць да пытання грунтоўна.

Наталля Кір'янава
— Мы забяспечваем стымулюючыя надбаўкі і поўнасцю ўкамплектаваныя класы з якаснымі інструментамі, — тлумачыць Наталля Іванаўна. — Малады спецыяліст не павінен думаць пра бытавыя дробязі, у яго адразу павінна быць магчымасць ствараць. А калі дадаць да гэтага нашых вучняў — стваральных, адкрытых і вельмі чуйных, — атрымліваецца магутны стымул, каб заставацца і працаваць далей. Таленавітая моладзь не спяшаецца сыходзіць, калі бачыць, што яе ідэі прымаюць.
Асаблівая роля ў замацаванні на першым працоўным месцы належыць сістэме настаўніцтва. У ДШМ № 5 яна выглядае не як урокі старэйшых малодшым, а як дыялог. Наталля Кір’янава, якая сама курыруе маладых калег, прызнаецца: вучыцца даводзіцца і ёй самой.
— Разам з новымі спецыялістамі мы распрацавалі вялікую метадычную работу па эстрадным вакале — увялі новыя тэхнічныя залікі, тэрміны, сучасныя прыёмы. Моладзь выдатна арыентуецца ў трэндах, гарыць сваім напрамкам. Дзякуючы гэтаму ў выніку атрымалася праграма, якая адпавядае запытам сённяшніх дзяцей.
Стэфанія Каралёва — адна з тых педагогаў, якія прыйшлі ў школу па размеркаванні і засталіся.

Спявае Стэфанія Каралёва
Яна, настаўніца вакальна-харавага аддзялення Гомельскай ДШМ № 5, кажа, што ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар:
— Падкупіла атмасфера ў калектыве, дзе людзі не проста ходзяць на працу, а жывуць сваёй справай. З першых дзён мне далі свабоду рэалізоўваць ідэі, акружылі цяплом. І самае каштоўнае — супадзенне позіркаў. Мы глядзім у адзін бок, а значыць, рухаемся да агульнага выніку. Бо плён нараджаецца толькі там, дзе памкненні супадаюць.
Стэфанія адзначае: галоўная задача не проста навучыць вакалу, а захапіць. Настаўніца згадвае выпадак, што стаў для яе вызначальным. На факультатыў прыйшла вучаніца, якая раней займалася інструментальнай творчасцю, але марыла аб спевах.
— У дзяўчынкі не было моцных прыродных дадзеных, і мала хто верыў у яе, — расказвае Стэфанія. — Але я заўважыла агонь. Калі чалавек гарыць, а не проста прысутнічае, — гэта істотней за ўсё. Сёння яна працягвае расці і развівацца. Гэта гісторыя паказала мне: калі ўнутры жыве сапраўднае жаданне і гатоўнасць працаваць — можна навучыцца ўсяму. Талент — гэта іскра, а характар — полымя.
Менавіта такі падыход Стэфанія Каралёва вынесла і ад сваіх настаўнікаў. Для яе педагог — гэта значна больш, чым перадатчык ведаў. Гэта натхняльнік, сябар і праваднік. І менавіта таму яна хоча данесці сваім вучням галоўнае: без душы творчасць ператвараецца ў пусты гук.
КАНЦЭРТМАЙСТАР — НЕ ДРУГІ ПЛАН
Дзіцячая школа мастацтваў імя Анатоля Багатырова ў Віцебску — месца з асаблівай атмасферай. Тут шануюць вопыт і сталасць, але з вялікай увагай ставяцца да тых, хто толькі пачынае свой шлях у прафесіі. Ірына Дубко ўжо год працуе тут канцэртмайстрам. Яе гісторыя — прыклад таго, як дзякуючы падтрымцы калег малады спецыяліст можа хутка адчуць сябе сваім.

Ірына Дубко
У сям’і Ірыны няма музыкантаў, але меладычныя гукі, і асабліва фартэпіяна, заўсёды яе захаплялі. На шляху да сваёй мары дзяўчына не спынялася ні перад чым. Яна патрапіла ў ДШМ крыху пазней за іншых, і гэты вопыт навучыў яе: талент важны, але вырашае здольнасць вяртацца да інструмента кожны дзень.
Сёння Ірына адказвае за музычнае суправаджэнне вучняў на рэпетыцыях, канцэртах і конкурсах. Яна прызнаецца: канцэртмайстар — не проста акампаніятар, але апора для дзіцяці на сцэне.
— У гэтай прафесіі немагчыма працаваць фармальна. Кожны вучань, кожны педагог, кожнае выступленне — новая задача. Мая ж мэта — быць побач, дапамагчы адчуць упэўненасць. І калі ў вучня атрымліваецца, калі ён расце — гэта найлепшая ўзнагарода.
У школе Ірыну сустрэлі са шчырай цеплынёй. Дырэктар Таццяна Сямашка і яе намеснік Наталля Пагарэльская далі зразумець: гатоўнасць працаваць і вучыцца маюць значэнне.
— Для маладога спецыяліста вельмі важна апынуцца побач з людзьмі, у якіх можна вучыцца не толькі прафесіі, але і стаўленню да працы, да дзяцей, да мастацтва. — кажа Ірына Дубко. — Я адчула, што трапіла ў калектыў, дзе цэняць ініцыятыву, дзе паважаюць маладых і беражліва перадаюць вопыт. Гэта натхняе.
Сваім галоўным дасягненнем канцэртмайстар лічыць не ўзнагароды, а моманты, калі яна бачыць, як яе намаганні дапамагаюць вучню раскрыцца. Нядаўна Ірына ўдзельнічала ў рэгіянальным конкурсе “Толькі.by” у Бабруйску, які сабраў таленты з Мінска, Віцебска, Магілёва і іншых гарадоў. Гэта стала чарговым пацвярджэннем важнасці яе работы.
— Канцэртмайстар — не другі план. Гэта фундамент, які трымае ўсё выступленне. І калі чуеш, як зала адказвае, разумееш: мы зрабілі гэта разам.
Ірына лічыць, што карыснейшым у працы з’яўляецца той навык, якому нельга навучыцца па падручніку, — увага да партнёра і гатоўнасць адаптавацца. Менавіта гэта, на яе думку, робіць канцэртмайстра сапраўдным прафесіяналам.
Тым, хто толькі выбірае свой шлях, яна раіць не пужацца цяжкасцей: — У творчасці быстрых вынікаў амаль не бывае. Але менавіта паступовая, шчырая і штодзённая праца прыносіць плён. Слухайце і назірайце. Цаніце тых, хто побач: настаўнікаў, калег, вучняў. Калі побач ёсць “твае” людзі — гэта вельмі дапамагае расці і верыць у свае сілы.
САПРАЎДНАЯ СІЛА
Калі ў творчым працэсе выкарыстоўваецца толькі шматгадовы вопыт, ён паступова згасае. Пакуль ёсць дыялог — старэйшыя гатовы слухаць, а маладыя не баяцца прапаноўваць — справа жыве. Бо сапраўдная сіла навучання ў тым, каб заразіць сваёй энергіяй тых, хто толькі пачынае прафесійны шлях, — а гэта немагчыма, калі сам не гарыш.
Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіваў герояў