І жнец, і на баяне ігрэц

Намеснік дырэктара Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў Віталь Няхай — прафесійны баяніст са стажам больш за 20 гадоў. Аднак вось ужо амаль 10 сезонаў у гарачую жнівеньскую пару мяняе сцэнічны касцюм на рабочую вопратку аператара зернесушыльнага комплексу.

 

АКТЫВІСТ

Віталь Уладзіміравіч прыйшоў у ДШМ маладым спецыялістам. Пачатковец-настаўнік па класе баяна адразу наладзіў кантакты і з калегамі, і з дзецьмі. Як гаворыць дырэктар Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў Мікалай Краўчынскі, “стаў сваім”.

— Ён не баіцца брацца за самыя няпростыя праекты, — згадвае Мікалай Мікалаевіч, — заўсёды знаходзіць нестандартныя і найбольш цікавыя вырашэнні пастаўленых задач, напаўняе іх творчасцю і лёгкасцю. Разам з тым Віталь Уладзіміравіч вызначаецца высокай самаарганізацыяй і дысцыплінаванасцю.

Магчыма, гэтыя якасці і паспрыялі таму, што праз пяць гадоў пасля працаўладкавання Віталь Няхай быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара, з абавязкамі якой удала спраўляецца вось ужо 17 гадоў. Цяжка падлічыць, колькі за гэты час пры непасрэдным яго ўдзеле было здзейснена задум!

Мікалай Краўчынскі кажа, што менавіта актыўная жыццёвая пазіцыя калегі ды няўрымслівасць не дазваляюць адпачываць летнія месяцы, заклікаюць да працы на сельгаспрадпрыемстве.

— Добра яго разумею, бо сам такі: каля дзесяці сезонаў працаваў памочнікам камбайнера ў той жа гаспадарцы. І мне, як і Віталю Уладзіміравічу, не сядзіцца ў гарачую жнівеньскую пару, — усміхаецца суразмоўца.

 

МУЗЫКАНТ

Калі Віталь Няхай быў яшчэ маладым настаўнікам, з’явілася ідэя стварыць ансамбль народных інструментаў “Камянецкія музыкі”. Нельга сказаць, што яна цалкам належыць нашаму герою, але тое, што Віталь Уладзіміравіч прымаў у яе рэалізацыі самы актыўны ўдзел, — дакладна. Як і тое, што дагэтуль з’яўляецца “першым баянам” цяпер ужо народнага калектыву.

— Музыка выклікае ў мяне супакаенне, дазваляе прывесці да ладу думкі і пачуцці, знайсці выйсце з самых, здавалася б, безвыходных сітуацый. Яна натхняе на працу дома, у школе, у ансамблі, на сцэнах і палетках…

Дарэчы, Віталь Уладзіміравіч грае на розных інструментах.

— Фартэпіяна вывучае кожны музыкант, — тлумачыць дырэктар школы. — А яшчэ мой калега валодае акардэонам і сузафонам — гэта самы вялікі інструмент сярод духавых.

Віталь Няхай разам з такім даволі няпростым і велічным інструментам уваходзіць у склад узорнага духавога аркестра. Музыканта цяжка не заўважыць на гарадскіх святах, канцэртах, шэсцях.

 

ПЕДАГОГ

Па словах дырэктара школы, Віталя Уладзіміравіча любяць і паважаюць вучні.

І не дзіўна: вопытны педагог вучыць іх не толькі ігры на інструментах, але і перадае жыццёвую мудрасць. І робіць гэта лёгка, ненавязліва, нібы жартоўна. “Я добра памятаю навуку сваіх настаўнікаў і стараюся быць у нечым падобным да іх”, — прызнаецца наш герой.

— Што каштоўна, многія яго выхаванцы выбіраюць для сябе шлях музыканта, — працягвае аповед кіраўнік школы. — Не магу сказаць, што гэта адбываецца толькі пад уплывам настаўніка, але… Бачылі б вы, з якой непадробнай спагадлівасцю і нават, я б сказаў, апантанасцю ён рыхтуе да ўступных іспытаў сваіх гадаванцаў! Як дзеля дадатковых заняткаў ахвяруе асабістым вольным часам, як хвалюецца разам з вучнямі, іх бацькамі, як потым радуецца поспехам!

Дарэчы, гэтая ўступная кампанія прынесла педагогу яшчэ адну прыемную навіну: яго выхаванец Раман Гарбуз стаў навучэнцам Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы.

 

ГЕРОЙ ЖНІВА

Калі ж наступае гарачая жнівеньская пара, Віталь Няхай накіроўваецца ў мясцовую гаспадарку ААТ “Мікалаева”. Вось ужо амаль 10 сезонаў займаецца ён апрацоўкай зерня на зернесушыльным комплексе ЗСК-30. Кантралюе ўвесь працэс — ад паступлення ўраджаю на ток да выгрузкі гатовага зерня. А гэта праца няпростая: трэба пракантраляваць загрузку збожжа ў шахты, саму сушку, якая робіцца метадам прапускання нагрэтага паветра, ахаладжэнне да зададзенай тэмпературы і непасрэднае выдаленне з ЗСК.

— Праца не менш далікатная і тонкая, чым мастацтва, — прызнаецца Віталь Уладзіміравіч. — Тут, як і ў музыцы, патрэбна адчуванне працэсу: калі крыху недатрымаеш, недацягнеш — усё папсуецца…

Кіраўнік гаспадаркі Вадзім Кім даўно заўважыў унікальную здольнасць работніка:

— Здаецца, ён адчувае ўвесь працэс на ўзроўні падсвядомасці, — гаворыць Вадзім Генадзьевіч. — А калі адысці ад лірыкі, то магу запэўніць: гэта адказны, старанны, добразычлівы і спакойны чалавек. Я нават сказаў бы, што ён найлепшы сярод нашых памагатых.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства адзначае, што работнік культуры працуе на адным ўзроўні з прафесійнымі хлебаробамі, а недзе нават дэманструе вышэйшыя за іх паказчыкі.

Віталь Няхай прымаў словы віншавання ад Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Яе старшыня Таццяна Кожанава наведала героя жніва на зернятоку, каб уручыць грашовы сертыфікат і падзякаваць за самаадданую працу на карысць Радзіме.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы
і абласной прафсаюзнай арганізацыі

MAX TikTok