Вяселле са смакам мёду і традыцый

Вяселле са смакам мёду і сапраўдных народных традыцый шумна і весела прайшло ў аграгарадку Граўжышкі на Ашмяншчыне.

 

Галоўным упрыгожаннем свята стаў тэатралізаваны паказ абраду, дзе жаніх доўга выбіраў сабе парачку, а пасля яны згулялі сапраўднае вяселле па беларускіх канонах.

 

Цікавы факт: у даўніну існавала забарона на спажыванне моцнага алкаголю маладымі — цэлы месяц пасля вяселля яны пілі толькі слабаалкагольны пітны мёд для зачацця здаровага патомства, адсюль і «мядовы месяц».

Сюжэт вясельнага абраду трымаў усіх у напрузе. Жаніх аказаўся панам фанабэрыстым і пераборлівым: то дзяўчына не такая, то кроі не тыя, то танец не ладны.

Народ наўкол пасмейваўся і дапамагаў парадамі.

Але калі сэрца абрала тую самую адзіную, усё закруцілася па правілах продкаў: з прыпеўкамі, жартамі, выкупам і дабраслаўленнем.

 

Пасля таго як маладыя абмяняліся згодамі, зазвінелі галасы сямейнага ансамбля «Граўжанцы» і вакальнага калектыву «Мельніца».

 

Аграгарадок Граўжышкі даўно славіцца сваімі пчалярамі і багатымі традыцыямі. Таму і брэндавае свята "Граўжышкоўскі мядовы кірмаш" выдалася асабліва духмяным і багатым на прысмакі: гледачы дэгуставалі і куплялі свежы мядовы ўраджай.

Майстры выстаўлялі свае вырабы. Музыкі гралі на гармоніках і частавалі гасцей песнямі.

 Алеся МАЛІНОЎСКАЯ, загадчык аддзела метадычнай работы
ДУК “Ашмянскі РЦК”

MAX TikTok