Легендарны замак сёння прымае свята: фестываль “Выцінанка-выбіванка.Ажурны код Навагрудка” разгорнецца з 21 па 23 жніўня. Напярэдадні рэгіён з рабочым візітам наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. Ключавой тэмай паездкі стала будучыня галоўнай гістарычнай жамчужыны краю — Навагрудскага замка.

Марат Сяргеевіч ацаніў ход рэстаўрацыі і абмеркаваў з мясцовымі ўладамі, як павялічыць прывабнасць раёна для турыстаў. Маштабная праца па выратаванні помніка пачалася ў 2012 годзе. У рамках пяці ранейшых этапаў закансерваваны руіны Касцельнай вежы, Дазорная, Пасадская і Уваходная вежы, умацаваны схіл Замкавай гары. Таксама на тэрыторыі цвярдыні пракладзена ліўневая каналізацыя, якая адводзіць ваду з дзяцінца.
Цяпер увага засяроджана на фінальным, шостым этапе — аднаўленні вежы Шчытоўка. Плануецца, што пасля рэстаўрацыі з рэканструкцыяй унутры будзе музейная прастора, якая раскажа гісторыю легендарнай крэпасці. Разглядаецца варыянт “халоднай” экспазіцыі. Яна дазволіць захаваць аўтэнтычную атмасферу старажытных сцен.
Цікавасць да мясціны з боку вандроўнікаў павышаецца: толькі за першую палову 2026-га замак наведала больш за 12,5 тысячы чалавек. Назіраецца вялікі прырост — плюс 4,5 тысячы гасцей у параўнанні з мінулым годам.
Акрамя як пра рэстаўрацыю, на сустрэчы гаварылі пра падзейны турызм. Рэгіён актыўна развівае ўнікальныя брэндавыя святы, такія як фестываль “Выцінанка-выбіванка. Ажурны код Навагрудка”. Падобныя яркія мерапрыемствы дапамагаюць раёну вылучацца на турыстычнай карце Беларусі і прыцягваць усё больш падарожнікаў, якія жадаюць дакрануцца да гісторыі і культуры краю.
Служба інфармацыі “К”