“Славянскі базар у Віцебску” сёлета ахапіў папраўдзе знакавыя айчынныя і расійскія спектаклі. А ў гледачоў пасля паказаў была магчымасць задаць пытанні і выказаць свае меркаванні артыстам і пастановачным камандам, што стала чарговым крокам у выхаванні публікі.

Праект “Тэатральныя сустрэчы” сімвалічна закрылі “Пакроўскія вароты” заўсёдніка фестывалю — Тэатра на Паўднёвым Захадзе. Бо галоўным стрыжнем многіх спектакляў аказалася дарога — не толькі ў прамым сэнсе, але і як жыццёвы шлях.
***

Адкрылася ж праграма яшчэ адным маскоўскім калектывам — драмтэатрам “Мадэрн”. Пастаноўка “Вайна і мір” мастацкага кіраўніка Юрыя Грымава атрымалася маштабнай, “густанаселенай”, як і сам раман Льва Талстога. Але нечаканай! Багата літаратурных фрагментаў, што акцэнтаваліся ў аднайменнай оперы Сяргея Пракоф’ева і шматлікіх экранізацыях, тут інтэрпрэтаваліся іначай. Нават прапускаліся, саступалі месца іншым.
У цэнтры апынуліся не Андрэй Балконскі і Наташа Растова, а П’ер Бязухаў, яго духоўныя пошукі і сталенне. Разгортванне вядомых са школы сюжэтных ліній папярэджваюць дзве працяглыя сцэны — супрацьпастаўленне праваслаўнага хрысціянства і масонства. Служба ў царкве з удзелам хору імя А. Свешнікава, дзе сярод прыхаджан можна пазнаць будучых персанажаў, змяняецца пасвячэннем П’ера ў масоны. З дапамогай гэтага ж уласцівага кіно прыёму — “наплыву” — чаргуюцца іншыя месцы дзеяння. Амаль поўная адсутнасць сцэнаграфіі (калі трэба, з’яўляецца хіба стол з крэсламі) кампенсуецца разнастайнымі светлавымі эфектамі. Сярод іх асабліва вылучаюцца светлавыя дыяганалі, што асацыіруюцца з месячнай дарожкай у фінале “Майстра і Маргарыты” Міхаіла Булгакава.
***

Адразу два спектаклі прадставіў Маскоўскі драмтэатр імя М. Ярмолавай. Пастаноўка “Быццам лягчэй” пачынаецца з цітраў, дзе згадваецца рэальная падзея — падзенне метэарыта ў Чэлябінску. Але п’еса акцёра калектыву Рыната Ташымава сумяшчае жанр роўд-муві з імітацыяй тэхнікі вербацім: менавіта так зроблены працяглыя маналогі кожнага з шасці герояў. Уся сцэнаграфія — раскіданыя крэслы як вынік прыроднай катастрофы. Артысты паступова паднімаюць іх, ператвараючы ў аўтакрэслы. Галоўныя тут не знешнія з’явы, а ўнутраныя змены ў свядомасці членаў дзвюх сем’яў.

Такімі ж акцёрскімі па сутнасці аказаліся “100 гадоў прапанаваных абставін”. Да свайго юбілею ярмолаўцы падрыхтавалі не звыклы альбом, а цэлы спектакль! Інфармацыя пра дзейнасць калектыву і яго лідараў паўстала як зацікаўлены аповед артыстаў і была дапоўнена фотаздымкамі, фрагментамі відэазапісаў, музыкай і песнямі з мінулых работ у жывым выкананні.
***

Сапраўды фестывальная, скіраваная на пошук новых падыходаў да класікі — “Маменька” Тэатра на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга. Яраслава Пуліновіч выклала раман “Спадары Галаўлёвы” Салтыкова-Шчадрына як перадсмяротныя ўспаміны-роздумы Арыны Пятроўны. Як здарылася, што ўсе ахвяры дзеля светлага будучага сям’і прывялі да яе разбурэння? Як маці магла выпеставаць такога сына, як Парфірый, што атрымаў мянушку Іудушка? У візуальным афармленні пастаноўкі сукенкі пазамінулага стагоддзя невыпадкова спалучаюцца з сучаснымі берцамі. Бо “Маменька” — не пра гістарычныя рэаліі, а пра нас сённяшніх. Пра тое, як працоўная будзённасць знішчае простыя чалавечыя адносіны. Пра жанчыну, што ў атачэнні слабых мужчын вымушана стаць моцнай, ды страчвае пры гэтым галоўную здольнасць — эмпатыю.
У спектаклі шмат сімволікі, пазачасавых дэталей. Высокія чорныя шафы ператвараюцца ў лавы, дзверы, труну. Накіданыя адна на адну, робяцца своеасаблівай Галгофай, пасля ўзыходжання на якую гераіня Таццяны Мішынай знікае ў цемры. Нягледзячы на ўсю змрочнасць трагедыі, рэжысёр Алег Салагубаў абраў “Маменьку” для бенефісу названай актрысы — і не памыліўся.
***

100-годдзе Аляксандра Зацэпіна, які разам з нашым Леанідам Захлеўным атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта “Праз мастацтва— да міру і ўзаемаразумення”, было адзначана мюзіклам “Падарожжа Маленькага прынца”. Тэатр фонду “Планета Зацэпіна” паставіў гэты твор на музыку знанага расійскага кампазітара, дзе ў некаторых песнях гучалі ўсім вядомыя словы, але ў большасці — новы тэкст, адпаведны зместу.
У параўнанні з аповесцю-казкай Экзюперы сюжэт крыху змяніўся. Мудры Ліс зрабіўся гарэзлівай Лісой. Змяя — Змеем-спакуснікам, падобным да Мефістофеля. А ўся гісторыя пачала чымсьці нагадваць легенду пра Фаўста. Менавіта Змей ладзіць вандроўкі героя па розных планетах, папярэдзіўшы пра вельмі высокую плату. А потым дае шклянку з атрутай, запэўніўшы, што балюча не будзе.
У якасці музычнага лейтматыву скарыстана мелодыя “Куда уходит детство”. Сама ж песня стала фіналам спектакля — і быццам растлумачыла, што глыток са змяінай шклянкі прывёў да завяршэння дзяцінства, а не да смерці героя, які толькі пасталеў. Ды ўсё ж суіцыдальныя ідэі адчуваюцца. І пры ўзроставым цэнзе 0+, выстаўленым на афішах, заканчэнне прыгод хацелася б бачыць больш пазітыўным. Пагатоў у мюзікле шмат і весялосці, і яркіх фантазійных касцюмаў.
***

Як выглядалі на такім фоне беларускія пастаноўкі, напрыклад трыпціх “Віцебскі рэнесанс” і сталічная “Чайка”? Спойлер — не згубіліся! Але яны патрабуюць асобнай публікацыі.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіваў тэатраў