У многіх Мірскі замак найперш асацыіруецца з музеем. Між тым гэта — шматфункцыянальны аб’ект. Што ён можа прапанаваць гасцям і чым уражвае? Гутарым з культуролагам замкавага комплексу “Мір” Анаіт Арзуманян.

— Мірскі замак сёння не толькі музей: тут можна і даведацца аб мінулым, і правесці час з задавальненнем і карысцю.

Мы прапануем шмат цікавінак і камфортнае знаходжанне.

Наш гатэль — 16 непаўторных нумароў, што захоўваюць дух даўніны, але абсталяваны па цяперашніх стандартах.

Ёсць рэстаран, дзе гатуюць стравы нацыянальнай кухні, саўна, у якой прыемна адпачыць пасля насычанага дня, більярд.
А ў сувенірнай краме лёгка знайсці падарункі — ад музейных выданняў да рамеснай прадукцыі.


Прыгадаем яшчэ і ўнікальную атмасферу, прагулкі па маляўнічым парку, магчымасць наведаць часовыя выставы і паўдзельнічаць у культурных мерапрыемствах — канцэртах, квэстах, тэатралізаваных праграмах!
Такім чынам, паездка ў Мірскі замак — не проста экскурсія па музейных залах, а маленькае падарожжа з начлегам, са смачнай вячэрай, шпацырам і з натхненнем.
І вандроўка можа быць нават даўжэйшай, чым уік-энд.

Выпадкаў, калі людзі, завітаўшы на некалькі гадзін, у выніку вырашалі застацца на больш працяглы час, багата. У нас нават ёсць свае “ганаровыя” пастаяльцы: напрыклад, ужо шмат гадоў муж і жонка з Расіі прыязджаюць кожнае лета і жывуць у гатэлі цэлы месяц. Ці гэта не найлепшы паказчык таго, што замак сёння — і славутасць, і месца, дзе хочацца затрымацца для павольнага, удумлівага адпачынку без мітусні? Значыць, мы ствараем правільную атмасферу — тую, у якую цягне вяртацца.
— Якія праекты, выставы, актыўнасці выклікаюць найбольшую цікавасць?
— Фарматы, што дазваляюць не толькі глядзець, але і ўдзельнічаць, паглыбляцца ў гісторыю, адчуваць сябе яе часткай.


Напрыклад, экспазіцыя “Час гуляць! Забавы мінулых стагоддзяў” — інтэрактыўнае падарожжа ў свет адпачынку XVIII— XIX стагоддзяў.

Госці могуць паспрабаваць сябе ў гульнях арыстакратаў мінулага — захапляюцца і дзеці, і дарослыя.
Вельмі папулярныя квэсты “Белы слон” і “Таямніца двух куфраў”. Удзельнікі шукаюць падказкі і схованкі па ўсім замку, разгадваюць шарады — гэта заўсёды рызыка, кемлівасць і дух таямніцы.

Вялікую цікавасць выклікаюць і музычныя праекты.

Мы ладзім канцэрты пад адкрытым небам ва ўнутраным двары, а таксама камерныя вечарыны ў Партрэтнай зале.

Імкнёмся здзіўляць гасцей кожны сезон: пастаянна абнаўляем выставы, прыдумляем фарматы. І бачым, што людзі гэта цэняць — вяртаюцца, прыводзяць сяброў, рэкамендуюць.
— Нямногія ведаюць, што ў вас можна адзначыць важныя сямейныя падзеі. Якія фарматы свят найбольш запатрабаваны?
— Самы папулярны — вяселле.

Маладыя выбіраюць Мірскі замак за непаўторную атмасферу, велічныя інтэр’еры і магчымасць зрабіць унікальныя фотаздымкі. Вяселле ў такім месцы — сапраўдная казка. Вельмі кранальна, калі замак, дзе стагоддзі сплятаюцца ў адно імгненне, становіцца часткай гісторыі сям’і. Існуе некалькі фарматаў.

Першы — цырымонія ў Партрэтнай зале. Маладых сустракае прыдворны архітэктар ці нават сам князь Радзівіл — Пане Каханку. Ён суправаджае пару ў замку. Не абысціся, вядома, і без знакамітай на ўсю акругу мірскай свацці — ёй трэба даказаць пачуцці. Гэта не проста рэгістрацыя, а тэатралізаваная дзея з гумарам, душэўнасцю і ўдзелам гістарычных персанажаў.

Другі варыянт — цырымонія ля замкавай сцяны. Кажуць, шлюб, заключаны такім чынам, будзе моцным і даўгавечным — як муры, што стаяць цэлых пяць стагоддзяў! Ёсць запыты і на больш камерныя фарматы — дзень нараджэння, прапанова рукі і сэрца, юбілей. Да кожнай падзеі мы падыходзім індывідуальна і ствараем менавіта той настрой, які патрэбны.
— Мірскі замак выбіраюць таксама для дзелавых сустрэч, перамоў, прэзентацый, мерапрыемстваў з удзелам парламентарыяў…
— Для такіх выпадкаў маем дзве пляцоўкі розных памераў і канфігурацыі.

Больш прасторная — канферэнц-зала, якая ўмяшчае да 200 чалавек.

У ёй — праектар, экран, гукавое абсталяванне, зручныя крэслы, што адкрывае магчымасць праводзіць паўнавартасныя форумы.

Даступная і малая канферэнцзала — для сустрэч да 50 чалавек. Бізнес-партнёры адзначаюць унікальную атмасферу, якой нельга дабіцца ў звычайным дзелавым цэнтры.

Гістарычнае асяроддзе Мірскага замка ўспрымаецца як дадатковы рэсурс, што ўзмацняе ўражанне ад мерапрыемства і ўзнімае яго статус.

Несумненны бонус: праграму заўсёды можна дапоўніць экскурсіяй па комплексе.
Немалаважны фактар — інфраструктура. Наяўнасць гатэля, у прыватнасці, дазваляе ладзіць шматдзённыя падзеі.
— Калі ў некалькіх словах тлумачыць, чаму варта прыехаць у Мірскі замак, што трэба прыгадаць?
— Што гэта не проста помнік архітэктуры, а жывая прастора, дзе кожны знойдзе нешта сваё — ад ціхай прагулкі па парку да гучнага свята, ад захапляльнага квэста да рамантычнай вячэры пры свечках.

Мы пастаянна змяняемся: з’яўляюцца новыя выставы, канцэрты, фарматы.
А яшчэ — налета замак адзначыць 500-годдзе першай летапіснай згадкі. І стаць часткай гэтага чакання, прыехаць менавіта цяпер, каб адчуць дыханне юбілею, — асаблівы досвед.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара і з архіва замкавага комплексу "Мір"