Час гуляць! Замкавы комплекс “Мір” зноў здзіўляе

Новы праект — часовая экспазіцыя “Час гуляць! Забавы мінулых стагоддзяў” — запрашае гасцей не проста паглядзець на арыгінальныя рэчы, а літаральна акунуцца ў мінулае і адчуць яго дух.

 

ЭКСПАНАТЫ — ЧАПАЦЬ!

— Мы ў пэўным сэнсе першапраходцы ў развіцці гульнявой тэматыкі ў музейнай прасторы, — адзначыў дырэктар замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка. — У музеях звычайна паўсюль: “Экспанаты не чапаць”. Мы ж вырашылі прапанаваць сваім наведвальнікам не проста любавацца калекцыямі і даведвацца, як праводзілі вольны час нашы продкі, але і стаць часткай гульні. Бо гульня — гэта не толькі азарт ці стратэгія. Гэта радасць, якая аб’ядноўвае пакаленні.

Экспазіцыя налічвае больш за сотню прадметаў з розных эпох і расказвае пра тое, як бавіліся людзі ў другой палове XVIII — першай чвэрці XX стагоддзя. Тут і класічныя шахматы і шашкі, і папяровыя тэатры, і сярэднявечныя “хадзілкі”, і дзіўныя аптычныя прыборы, якія некалі выкарыстоўваліся і ў навуковых, і ў забаўляльных мэтах.

Гэтая бясцэнная калекцыя — адна з 17-і, сфарміраваных музеем сёлета, і яна пастаянна папаўняецца новымі ўнікальнымі знаходкамі. Куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Вераніка Красоўская падкрэсліла, што такія праекты нараджаюцца толькі там, дзе гісторыю па-сапраўднаму шануюць.

 

ХОД КАРАЛЕВЫ

Арганізатары выставы пачалі здзіўляць гасцей яшчэ да знаёмства з экспанатамі: на вачах публікі “ажылі” старажытныя забавы.

Шоу-балет “Феерыя” прадставіў міні-спектакль з вытанчанай сцэнаграфіяй, дзе танец стаў мовай часу, у якім верхаводзіць гульня.

У светлай урачыстай Партрэтнай зале артысты стварылі свет забаў ранейшых уладальнікаў замка.

 

“ГУСЬ”, ЗАГРАСКОП І...

— Адкрывае экспазіцыю адна з самых папулярных з канца XVI стагоддзя гульняў — у “гусь”, — распавяла Вераніка Красоўская.

— Хутчэй за ўсё, яна з’явілася ў Італіі. Гусь, намаляваная на гульнявым полі, лічылася сімвалам поспеху. На полі — 63 клеткі, кожная са сваім значэннем — альбо з бонусам, альбо з перашкодай, што ці паскарала, ці запавольвала прасоўванне да фінішу. Сакрэт папулярнасці на працягу некалькіх стагоддзяў — у філасофскім падтэксце: гульня ўвасабляла жыццё як падарожжа з узлётамі і падзеннямі.

Не менш цікавая і класічная нямецкая настольная гульня “Падарожжа па Рэйне”. На выгляд простая: поле, кубікі, фігуркі. Але кожны крок мае пазнавальную мэту. Гульцы даведваліся аб славутасцях і прыродных аб’ектах Германіі, а выконваючы заданні — напрыклад, чытаючы вершы, — развівалі яшчэ і літаратурныя і акцёрскія здольнасці.

Адмысловае захапленне выклікае заграскоп — рэдкі аптычны прыбор XVIII стагоддзя. Ён дазваляў разглядаць гравюры ў драбнюткіх дэталях, а ўбудаваная лінза, акрамя таго, адлюстроўвала надпісы на іх.

Побач — тыя самыя гравюры-перавёртышы, размаляваныя ўручную. На іх — гістарычныя і вайсковыя падзеі, пейзажы, будынкі.

Асобныя з іх зануралі гледачоў у жыццё начнога горада: выявы “запальваліся” знутры — за выразанымі вокнамі дамоў хаваліся свечкі, а пазней лямпачкі.

А вось папяровыя тэатры XIX стагоддзя, дзівоснае спалучэнне рамяства і фантазіі.

Калі друк стаў больш даступным, падобныя забавы з’явіліся не толькі ў арыстакратаў, але і ў прадстаўнікоў сярэдняга класа.

У экспазіцыі — копія настольнай сцэны, дапоўненая арыгінальнымі фігуркамі канца XIX стагоддзя, з фрагментам спектакля Шылера “Арлеанская дзева”.

Ёсць на выставе і картачныя гульні.

Аказваецца, даўней за ігральнай калодай стаялі не толькі прага рызыкі, але і прага ведаў! Так, па малюнках на трох экспанатах можна было вывучаць міфалогію, гісторыю Францыі і Англіі. Кожная карта — маленькі урок, займальны і пазнавальны.

Асаблівую ўвагу прыцягвае інтэрактыўная частка выставы — “Салон гістарычных гульняў”. Тут можна выпрабаваць на сабе “Алькерк”, “Трышак”, “Бакара”, “Тру Мадам” і адчуць, як гісторыя гаворыць мовай гульні.

 

ЖАДАННЕ АДРАДЖАЦЬ

— Ідэя падобнай экспазіцыі лунала даўно, — распавядаюць арганізатары. — Многія ведаюць пра нашы Калядныя балі: гэта не проста танцы ў сценах замка, але і традыцыйныя забавы. Імкнучыся максімальна заглыбіць наведвальнікаў у атмасферу тых далёкіх часоў, мы на працягу некалькіх гадоў спецыяльна замаўлялі да гэтых мерапрыемстваў гульні з фондаў іншых музеяў. Так і прыйшлі да рашэння, што неабходна стварыць уласную калекцыю, сабраць і адрадзіць любімыя забавы былых уладальнікаў Мірскага замка.

Летась музей зрабіў першыя буйныя закупкі ў калекцыянераў, а на мінулым тыдні набылі дадатковыя ўнікальныя прадметы. Большасць экспанатаў куплялі, іншыя былі падораны.

Цяпер Мірскі замак па праве можа ганарыцца адной з самых цікавых калекцый старажытных гульняў у краіне!

Новы праект мае ўсе падставы стаць прыкладам паспяховага спалучэння традыцыйных і інавацыйных падыходаў у музейнай справе, беражлівага стаўлення да спадчыны. А яшчэ ён паказвае: культуру не трэба “знявольваць у вітрыне” — яна павінна быць даступнай і жывой.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара