Ніка Скрабкова — узыходная зорка беларускага балета. Сольныя партыі ў спектаклях нашага Вялікага тэатра яна пачала атрымліваць, яшчэ калі вучылася ў харэаграфічнай гімназіі-каледжы. А нядаўна стала лаўрэатам прэстыжнага Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве.

Каб напоўніцу ацаніць дасягненні 19-гадовай дзяўчыны, трэба дадаць, што творчае спаборніцтва мела папярэдні адбор па відэазапісах. З 362 заявак вылучылі больш як 200 вочных удзельнікаў у розных намінацыях і ўзроставых групах амаль з 30 краін. Ніка зма- галася ў складзе дуэта (яе партнёр Канстанцін Белахвосцік выступаў па-за конкурсам) — канкурыравалі каля 80 артыстаў. Пры такім раскладзе не толькі трэцяя прэмія, але і сам выхад у фінальны трэці тур — папраўдзе значная заваёва. А праз дзень пасля гала-канцэрта пераможцаў дзяўчына ўдзельнічала ў гастролях Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве — танцавала ў прэм’ернай “Баядэрцы” тытульную партыю Нікіі.

— Ніка, няўжо паспрыяла ваша імя? У Старажытнай Грэцыі так звалі багіню перамогі. Мабыць, бацькі адразу заклалі ў вас байцоўскія якасці?
— Проста мама настолькі ўпадабала імя, што дала мне яго без усялякіх сумневаў. Але па характары я зусім іншая — лірычная, спагадлівая, нават сарамлівая.
— А як жа конкурсы? Іх у вас за плячыма — безліч, пачынаючы з дзяцінства.
— Насамрэч я іх не надта люблю. Але тое добры шанц пабачыць іншых, праявіць сябе, штосьці змяніць. На кожным спаборніцтве адчуваю ўнутраныя пераўвасабленні. Вядома, хвалююся, але не паказваю гэта. Раблюся, калі можна так сказаць, больш стрэсаўстойлівай. Увогуле ж, я на конкурсы заўжды ездзіла не каб пера- магчы, а каб спазнаць новае.
— Можа, тады распаведзяце, што вас мацней за ўсё ўразіла апошнім часам у мастацтве?
— Люблю хадзіць на спектаклі. А тыя, што ў нас не паказваюць, — глядзець у інтэрнэце. Раней я амаль цалкам канцэнтравалася на балетнай класіцы. А зараз мне больш падабаецца яшчэ і сучасная харэаграфія. Вельмі цікава назіраць за пластыкай цела.

Да сучаснага танца Ніка прычынілася і сама. Ды не толькі ў пару навучання, калі ён быў адной з дысцыплін, але і на цяперашнім конкурсе. У другім туры дзяўчына выканала “Маналог” на музыку Вівальдзі ў стылі contemporary dance. Пастаноўку ажыццявіла колішняя выпускніца Валянціна Елізар’ева — Юлія Мельнічук. Нумар ствараўся спецыяльна для Нікі і дапамог ёй прадставіць сябе з іншага боку — драматычнага. Тут усё ў руху, на мяжы эмацыйнага выбуху, у сумесі рэальна шалёных пачуццяў і сімвалічнага вобразнага рашэння, калі артыстка нават сваю сукенку здымае-зрывае ў час танца. Бо тая чорная тканіна ўспрымаецца як напластаванне на светлую душу, ад якога хочацца пазбавіцца.
— Я вельмі ўпадабала гэтую пастаноўку. Трэба і далей развіваць сябе ў такім кірунку. На жаль, пакуль не давялося паўдзельнічаць у “Танцах” нашага галоўнага балетмайстра Ігара Колба. Калі ён рыхтаваў прэм’еру, у мяне была аперацыя, а пасля — рэабілітацыйны перыяд. Але спадзяюся, усё яшчэ наперадзе.
— Затое ў “Шчаўкунку” вы ўвасабляеце Каралеву снежных камякоў — вас амаль увесь час носяць на руках. Прыемна быць уладаркай?
— Гэта адно з тых абліччаў, што мне даводзіцца прымяраць. Тая ж Фея Бэзу, варыяцыю якой я танцую з дзяцінства (і танцавала яе на конкурсе), у маім разуменні таксама крыху ўладарка — велічная, ды без залішняга пафасу. Але мне больш даспадобы вобразы рамантычныя, мяккія.

У трэцім туры Ніка выйшла ў так званым Чорным па-дэ-дэ з “Лебядзінага возера”. На партыю Адэты/Адыліі яе зацвердзілі яшчэ навучэнкай каледжа. І хаця праз траўму ўвод у спектакль перанеслі, гэтых дзвюх кантрасных гераінь артыстка выканала ў 18 гадоў.
Звычайна такія складаныя ролі атрымліваюць куды больш спрактыкаваныя салісткі. А Ніка непрыкметна для сябе самой знайшла ў персанажах не толькі супрацьпастаўленне, але і агульныя рысы, што тлумачаць памылку Зігфрыда. У абедзвюх — усё тая ж лебядзіная пластыка рук, падобных да зачараваных крылаў і здольных перадаць душэўныя памкненні лепш за пантаміму. Піцерская школа? Так-так!
Практычна ўвесь час, пачынаючы з маленства, з Нікай займаецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец: як выкладчыца сваёй “імянной” балетнай школы Веж- навец, у каледжы, як педагог-рэпетытар нашага Вялікага тэатра. Марына Валер’еўна рыхтавала дзяўчыну і да нядаўняга конкурсу, нават сама прапанавала ў ім паўдзельнічаць — гэтак жа бывае і з іншымі творчымі спаборніцтвамі. (Дарэчы, у Маскве яшчэ адна выхаванка выкладчыцы, артыстка Вялікага тэатра Беларусі Анастасія Ярмаш, атрымала грамату за паспяховае пераадоленне трох тураў.)

Марына Вежнавец асвойвала майстэрства пад кіраўніцтвам легендарнай Людмілы Бржазоўскай. А сярод настаўніц той была Ніна Младзінская — адна з першых вучаніц Агрыпіны Ваганавай, імя якой сёння носіць Акадэмія рускага балета. Гэтую ВНУ Вежнавец таксама скончыла. А яшчэ раней, калі працавала ў Санкт-Пецярбургу, яе педагогам стала зорка Марыінскага тэатра Любоў Кунакова. Такая вось пераемнасць — з рук у рукі, з ног у ногі. І з вачэй у вочы. Трохмесячную стажыроўку ў Кунаковай прайшла і Ніка Скрабкова — яшчэ на чацвёртым курсе.
— Мяне адправіла да яе Марына Валер’еўна. Дамовілася, каб Любоў Алімпіеўна пазаймалася са мной. Кожную позу мы выбудоўвалі-рэпеціравалі літаральна па гадзіне, я ўсё запісвала на тэлефон. Потым пераглядала зноў і зноў.

Балет — усё маё жыццё, спыняцца нельга. Толькі ўдасканальвацца!
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра і гераіні