Музейны прадмет, вядома, недатыкальны. Дакранацца да яго катэгарычна забаронена — а пагатоў уносіць свае “творчыя карэктывы”. Але гэта не значыць, што артэфакты з адпаведнымі інвентарнымі нумарамі не здатныя набыць другое жыццё — ужо ў прасторы сучаснай культуры. Атрымаўшы працяг у новых творах. Нярэдка — даволі нечаканых…
Выставы на пляцоўках гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” сведчаць: дыялог паміж прадметамі з фондавых збораў і цяперашнімі аўтарскімі практыкамі можа быць надзвычай плённым і разнастайным.

РУЖА АД КІШ — ДЛЯ МУЛЯВІНА
У аўтэнтычным выглядзе традыцыя стварэння дываноў-маляванак даўно не існуе. Сёння цяжка сабе ўявіць самавукаў, якія грукаюцца ў вясковыя хаты, прапануючы напоўніць іх хараством узамен начлегу і пачосткі. Зрэшты, несупынны рост попыту на хэнд-мэйд і народную культуру дазваляе прагназаваць хуткую “рэінкарнацыю” гэтага мастацкага феномена — вядома, у іншай якасці, у прэміум-сегменце.
Аднак вобразы самабытных майстроў набываюць другое жыццё ўжо ў новых фарматах — скажам, дызайне адзення. І пачалося тое задоўга да гучнай прэзентацыі серыі слыннага айчыннага брэнда. Выстава “МАЛЯВАНАЯ ПЕСНЯры” ў заслаўскім Музеі беларускай маляванкі прадэманстравала ці не першую такую спробу аўтарскага пераасэнсавання творчасці інсітных мастакоў — надзвычай удалую, але чамусьці прызабытую.
…У 1994-м легендарныя “Песняры” адзначалі 25-годдзе. Да юбілейнага канцэрта, запланаванага ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, рыхтаваліся грунтоўна. Паўстала пытанне і пра новыя сцэнічныя касцюмы. Мастак Юрый Піскун, аўтар папярэдніх строяў, параіў звярнуцца да сваёй вучаніцы — студэнткі Акадэміі мастацтваў Тамары Карака.
— Дзяўчына была ў шоку, калі ў яе сціплую майстэрню завітаў сам Мулявін разам з іншымі зоркамі ансамбля, — распавядае намесніца дырэктара музея-запаведніка “Заслаўе” Ксенія Сямашка. — Аднак ніякай фанабэрыі знакамітыя артысты не праявілі — наадварот, працаваць з імі аказалася прыемна і лёгка.
Маладая аўтарка натхнялася творчасцю Алены Кіш, пра якую тады яшчэ мала хто ведаў. Тамара Карака прапанавала перанесці на шаўковыя кашулі самыя яркія вобразы з дываноў вандроўнай мастачкі. “Песняры” такі варыянт ухвалілі.
У выніку кожны ўдзельнік ансамбля атрымаў эксклюзіўную кашулю “ад Алены Кіш”. На жаль, у фондах Музея Уладзіміра Мулявіна іх захавалася ўсяго пяць, прычым мулявінская ў гэты лік не ўваходзіць. Тую яркую чырвоную ружу, што ўпрыгожвала спіну Уладзіміра Георгіевіча, можна ўбачыць хіба на відэазапісе юбілейнага канцэрта.
УРОК ПЕРФЕКЦЫЯНІЗМУ
Дызайнерка паставілася да справы надзвычай сур’ёзна і творча. Па-першае, ніводзін эскіз не паўтараўся нават часткова — а ўсяго іх зроблена з дзясятак. Па-другое, тыльны бок усіх кашуль прапрацаваны не менш за пярэдні. Дбайна прадумана кожная дробязь: скажам, каўнерыкі або гузікі.

Здавалася б, навошта так старацца? Няўжо публіка разгледзіць усе гэтыя тонкія нюансы на сцэне вялізнага амфітэатра? Аднак ні аўтарку, ні музыкантаў такое “алібі” не задаволіла. Вось ён, сапраўдны перфекцыянізм!
Увасобіць ідэю было няпроста — на дварэ, нагадаем, 1994-ы, эканамічны крызіс… На шчасце, сяброў і прыхільнікаў у Мулявіна не бракавала па ўсім СССР — рулон выкшталцонага шоўку даставілі ў Мінск наўпрост з Узбекістана.
На жаль, на сцэнічныя строі прэса тады ўвагі не звярнула, таму з часам іх прызабылі. І так было, пакуль супрацоўнікі заслаўскага музея-запаведніка не адшукалі рарытэты ў фондах Музея Мулявіна. Гэтае “пераадкрыццё” цудоўным чынам супала з юбілеем: сёлета адзначаюцца 85-я ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Георгіевіча.
Наведвальнікам Музея маляванкі далі магчымасць вывучыць строі зблізку. Касцюмы арганічна ўпісаліся ў невялічкую залу з арыгіналамі твораў Алены Кіш.
З ДУШОЙ І НАТХНЕННЕМ
Да першакрыніцы маладая мастачка паставілася далікатна. Так, ільвы, якія красавалі на грудзях тагачаснага клавішніка “Песняроў” Алега Молчана, вельмі старанна, амаль рыхтык у рыхтык, “перанесены” са знакамітага сёння дывана.
І гэта — зусім не механічнае капіраван-не вобразаў у новы кантэкст, а абсалютна арыгінальныя аўтарскія кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы баціка. Кожная ўражвае густоўнасцю ды свежасцю: зроблена ўсё з душой і натхненнем.
— Таццяна Карака вельмі арганічна спалучыла і эстэтыку “Песняроў”, і вобразы Алены Кіш, — кажа Ксенія Уладзіміраўна. — Мы атрымалі цудоўны прыклад таго, як маляванка натхняе нашых сучаснікаў, у якой бы стылістыцы яны ні працавалі.

КВЕТКА ЯК КОД КУЛЬТУРЫ
Не менш цікавы дыялог прадметаў са збораў музея-запаведніка “Заслаўе” і сённяшніх твораў разгарнуўся на цэнтральнай пляцоўцы. Там дэманструецца выстава, прымеркаваная да 40-годдзя скарбніцы.
— Гэта своеасаблівы летапіс нашай установы, — распавядае Ксенія Сямашка. — Таму этыкеткі да экспанатаў выглядаюць даволі нетыпова: стылізаваны пад фондавую дакументацыю, дзе пазначана не толькі імя аўтара або месца паходжання твора, але і прозвішча музейнага супрацоўніка, дзякуючы якому артэфакт патрапіў у нашу калекцыю.
Невялікая зала шчыльна запоўнена прадметамі розных часоў і культурных кантэкстаў. Тут і кафля пачатку XVII стагоддзя з Заслаўскага замка, і старадаўнія абразы, і тыя ж дываны-маляванкі…
Што іх аб’ядноўвае? Адказ тоіцца ў назве выставы — “Кучараўкі, розы, гайстры… і ўсё гэта — цацкі!”. Як тлумачыць Ксенія Уладзіміраўна, слова “цацкі” шмат у якіх рэгіёнах Беларусі характарызуе кветкі ў вазонах. Кучараўкі ж — не што іншае, як пышныя астры.

Менавіта вобраз кветкі стаў тым інтэгральным элементам, які злучыў творы, прыналежныя да розных культурных кантэкстаў і гістарычных эпох. Вось і на фрагменце сярэднявечнай кафлі бачым стылізаваны букет. А калі прыгледзецца, краскі адшукаюцца і на абразах з Палесся.
Як сцвярджаюць мастацтвазнаўцы, любоў да кветак ды памкненне іх змяшчаць дзе толькі магчыма — адна з рыс беларускага іканапісу. Ды і, напэўна, усёй нашай візуальнай культуры — ад вырабаў “персіярні” ў Слуцку да народнай вышыўкі.
— Гэта і адсылка да райскага жыцця, і ўвасабленне мастацкага хараства, — каментуе Ксенія Сямашка. — Каб падкрэсліць універсальнасць вобраза, мы вырашылі адысці ад лінейных прынцыпаў пабудовы экспазіцыі. Наша задача — стварыць “капсулу часу”, у якой узаемадзейнічаюць самыя розныя мастацкія з’явы, а таксама максімальна наблізіць іх да наведвальніка.
ДАКРАНАЙЦЕСЯ, КАЛІ ЛАСКА!
Насуперак музейнаму прынцыпу “не чапаць”, у межах праекта падрыхтаваны “кранай-зоны”.

Адпаведныя таблічкі знаходзяцца побач з некаторымі прадметамі — зразумела, без інвентарных нумароў фондасховішча. Госці, якім карціць да чаго-небудзь дакрануцца (а любы музейны наглядчык пацвердзіць, што імя такім — легіён), задаволяць сваю прагу легальна. Для іх на выставе прадуманы і інтэрактыўныя забавы. Можна, напрыклад, стварыць кампазіцыю з керамічных кветак — у стылістыцы маляванкі.
Ёсць і адмысловая фотазона са старым дываном унушальных памераў. Пры жаданні тут лёгка “злавіць” зусім нечаканыя ракурсы — дзякуючы ўсталяванай насупраць рабоце мастачкі Ірыны Бельскай, якая ўключае люстэрка.
ДЫВАН З ГІСТОРЫЯЙ
Суіснаваннем здабыткаў сучасных аўтараў з музейнымі экспанатамі нікога ўжо не здзівіць. Аднак на гэтай выставе ўсё пададзена не ў асобных раздзелах, а разам. Скажам, унікальная кераміка Вольгі Жарнасек суседнічае з керамікай, створанай за дзедам шведам.
— Мы хацелі падкрэсліць, што мяжа тут досыць умоўная, — тлумачыць Ксенія Сямашка. — Прыкла дам, маляванка выбітнага інсітнага майстра Ніканора Зосіка, якая яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму вісела над ложкам у звычайнай хаце, цяпер заняла пачэснае месца ў нашых фондах. Без сумневу, таленавітыя су часныя работы таксама маюць усе шансы некалі туды патрапіць.
У аднаго з музейных прадметаў асабліва кранальная гісторыя, прычым з аптымістычным працягам. Пару гадоў таму маладая дызайнерка Валерыя Селівонец перадала ва ўстанову дыван прабабулі — памятала яго з дзяцінства і нават любіла аддзіраць фарбу (сляды прыкметныя дасюль).
Пасталеўшы, Вікторыя прысвяціла свой дыпломны праект фамільнай рэліквіі. Атрымаўся выкшталцоны анімацыйны ролік, які адлюстроўвае этапы стварэння дывана. У экспазіцыі можна ўбачыць і графічную работу мастачкі, дзе паказана старэнне маляванкі разам з гаспадыняй.
Так, рэальны прадмет з рэальнай гісторыяй стаў крыніцай натхнення для самабытных аўтарскіх выказванняў. Выстава дэманструе абодва гэтыя вымярэнні — матэрыяльнае і віртуальнае.

КАМПЛЕКТ ДЛЯ БАТЛЕЙКІ
Многія экспанаты патрапілі ў фонды дзесяцігоддзі таму, але ёсць і зусім свежы набытак. Драўляны кораб з багатай разной аздобай сёлета перадалі ў музей жыхары вёскі Градаўшчына, што на Астравеччыне. Раней артэфакт захоўваўся на хорах тамтэйшага касцёла.
Пра дакладнае прызначэнне скрыні ніхто з мясцовых не памятае… Таму ў даследчыкаў узнікла некалькі версій. Можа, гэта ўстаўка ў прыдарожную каплічку, якія вельмі распаўсюджаны ў тым рэгіёне? Аднак наўрад ці кораб збярогся б так добра, калі б доўгі час быў падуладны ўсім прыродным стыхіям.
Знаўцы прыйшлі да высновы, што скрыня — батлейка, якая датуецца пазамінулым стагоддзем. А гэта ўжо цягне на невялічкую этнаграфічную сенсацыю. Падобных рарытэтаў ацалела літаральна некалькі — у музеях Масквы і Санкт-Пецярбурга, у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Пра тое, што кораб быў асновай вандроўнага тэатра, сведчаць пазы для пераноскі. Але звыклых проразей для ваджэння лялек няма. Магчыма, гэта аналаг “Віцебскага жлоба” — адмысловага тыпу батлейкі, які нагадвае магічны тэатр ценяў? Такая версія не пацвердзілася. У жлобе выкарыстоўваліся свечкі, што абавязкова пакінулі б на сценках сляды.
Таму была высунута гіпотэза, згодна з якой перад намі ўзор архаічнага віду батлейкі, дзе фігуркі самі па сабе не рухаліся, а спектакль акцёры ладзілі вакол скрыні.
Лялькі, на жаль, не захаваліся. Аднак драўляныя фігуркі Ірыны Бельскай, якія экспануюцца побач з корабам, пасуюць ідэальна, быццам яны “з таго ж камплекта”. Хаця гэта асобны аўтарскі твор, які з’явіўся на свет больш чым праз стагоддзе пасля самой скрыні — у зусім іншы час ды пры іншых умовах.

МУЛЯВІН РАЗУМЕЎ...
Урэшце, суседства дзвюх выстаў можна лічыць невыпадковым. Як наогул батлейка стала нашым нацыянальным культурным брэндам? І чаму гэтага не адбылося ў суседзяў — хаця падобныя формы народнага тэатра таксама ў іх бытавалі?
Пэўна, пры пошуку адказу на пытанне варта прыгадаць культавы тэлеспектакль “Песняроў”, зняты ў 1971 годзе? Здаецца, Мулявін выдатна разумеў важнасць той тэмы, якую мы сёння закранулі.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара