Бібліятэкар аддзела краязнаўства Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Ніна Канавалава — уладальніца нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” і шэрагу іншых узнагарод. Чым адметная праца руплівіцы і за што ёй удзячныя землякі?

Ніна Канавалава
— Ніна Мікалаеўна ў нашай бібліятэцы з 1980-га, узначальвала аддзел краязнаўства і нават цяпер, калі знаходзіцца на заслужаным адпачынку, не пакідае справы, якой прысвяціла жыццё, — расказвае дырэктар установы Таццяна Забіяка. — Дзякуючы нястомнасці гэтага чалавека мы змаглі рэалізаваць і годна прэзентаваць некалькі значных праектаў, адкрыць літаратурны музей.
ВЯДОМЫЯ ГОМЕЛЬЦЫ
Як распавядае сама Ніна Канавалава, ідэю стварэння літаратурнага музея яна выношвала некалькі гадоў:
— Уявіце, што на Гомельшчыне членаў Саюза пісьменнікаў агулам каля 200 чалавек. І толькі чацвёра маюць званне народнага — Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Іван Шамякін ды Іван Навуменка. Трэба было ўшанаваць іх памяць!
Тым больш падчас адной з сустрэч удава Макаёнка, Любоў Іванаўна, перадала бібліятэцы ўнікальныя артэфакты: асабістыя рэчы мужа, рукапісы з аўтарскімі праўкамі, збор кніг, фотаздымкі. Сярод самых каштоўных падарункаў — ліст з вершам, выведзеным рукой Андрэя Ягоравіча ў далёкім 1945-м, сапраўдная даведка аб раненні, нагрудны знак народнага пісьменніка.
— Галоўнай умовай перадачы з боку сваякоў творцы было тое, каб у экспазіцыі паказваліся менавіта арыгіналы, — прыгадвае Ніна Мікалаеўна. — Такім чынам ва ўстанове з’явіўся асобны мемарыяльны пакой, прысвечаны Андрэю Макаёнку.
Першапачаткова — прыблізна з 2010 года — літаратурны музей займаў адно невялікае памяшканне. Але з цягам часу атрымалася пашырыць плошчы.

Стэнды, шафы і вітрыны з не менш каштоўнымі рэчамі яшчэ трох народных пісьменнікаў — Шамякіна, Мележа і Навуменкі — дзеляць агульную прастору.
— Экспанаты нам падаравалі родныя знакамітых землякоў: сын Павел і дачка Валерыя Івана Навуменкі, жонка Шамякіна Алеся Іванаўна, нашчадкі Мележа, — тлумачыць бібліятэкар. — Дакументы і рукапісы апошняга ў выдатным стане: бачна, што дзеці і ўнукі вельмі клапаціліся пра захаванне памяці бацькі і дзядулі.
Уражвае залікоўка Івана Мележа, датаваная 1943 годам. Пасля цяжкага ранення ў 1942-м літаратар атрымаў інваліднасць і паступіў на завочнае аддзяленне Малдаўскага педінстытута. А праз некаторы час вучыўся і выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які ў вайну размяшчаўся пад Масквой. Дакумент, перададзены ў Гомельскую абласную ўніверсальную бібліятэку, звязаны менавіта з тым этапам жыцця слыннага чалавека.
СЛАЎНАЕ МІНУЛАЕ: НОВАЯ ГЛАВА
Паралельна са стварэннем літаратурнага музея збіралі інфармацыю для яшчэ аднаго праекта — аб героях народнага апалчэння Гомельшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Ідэя ўзнікла спантанна, — успамінае Ніна Мікалаеўна. — Неяк наведвалі архіў грамадскіх аб’яднанняў па іншых справах. Там нам паказалі папку з дакументамі па Гомельскім палку народнага апалчэння. Сказаць, што мы былі ўражаны, — нічога не сказаць.
Так пачалася новая глава няпростай, але надзвычай цікавай дзейнасці. Па звесткі бібліятэкары звярталіся ў Нацыянальны архіў Беларусі, музеі Гомельшчыны, да падшывак газет і часопісаў, магчымых сведак. У выніку матэрыялу хапіла на шэсць ралапаў і паўтара дзясятка банераў. Прэзентавалі праект да 80-годдзя вызвалення Гомельшчыны ў лістападзе 2023-га.
Праца ў Нацыянальным архіве і з выданнямі мінулага падштурхнула няўрымслівых работнікаў да яшчэ адной ініцыятывы — прымеркаванай да Года якасці.

— Мы паказалі шлях станаўлення прамысловых гігантаў Гомельшчыны, — распавядае Ніна Канавалава. — Было цікава прааналізаваць, як на працу прадпрыемстваў уплывалі розныя эканамічныя і палітычныя падзеі. Адкрылі шмат дагэтуль невядомых старонак гісторыі нашай дзяржавы.
У ГОНАР ПРЭЗІДЭНЦТВА
Аднак самай адказнай сваёй ініцыятывай бібліятэкары лічаць тую, што прысвечана 30-годдзю прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

— У нас ужо быў досвед працы над выставачна-банернымі праектамі. Вырашылі рушыць у тым жа кірунку, — канстатавала Ніна Мікалаеўна.
Да справы падышлі творча: на карце вобласці адзначылі населеныя пункты, якія, пачынаючы з сярэдзіны 1990-х, наведваў Аляксандр Лукашэнка.
— Гэта і раёны, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Я памятаю, як Аляксандр Рыгоравіч падтрымліваў мясцовых, казаў, што трэба жыць і працаваць, што ўсё будзе добра… Мы паднялі публікацыі з даручэннямі Прэзідэнта па кожным горадзе, прааналізавалі, як яны выконваліся, што змянілася праз гады. Такім чынам, выйшла надзвычай грунтоўная і важная работа, што кранула сэрцы многіх землякоў.
Над ёй, як і над іншымі праектамі, Ніна Канавалава шчыравала разам з калегамі — Кацярынай Пракапенка і Алінай Харлан, якую, дарэчы, сёлета прызналі чалавекам года Гомельшчыны.
— Зразумела, без іх, а таксама без падтрымкі нашага кіраўніцтва цяжка было б рэалізаваць задуманае, — гаворыць Ніна Мікалаеўна. — І я вельмі ўдзячная кожнаму, хто дапамагаў нам.

Ці варта казаць, што ініцыятывы бібліятэкараў знайшлі багата прыхільнікаў? Праекты дэманструюцца на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і культуры, на знакавых падзеях.

Да гэтага здабытку звяртаюцца, шчыра дзякуючы стваральнікам, педагогі, школьнікі ды студэнты, палітыкі ды ідэалагічныя работнікі, пенсіянеры ды моладзь.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва бібліятэкі