Ствараючы казку

Апублiкавана: 01 жнiўня 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Пакуль Мінск прыпякаецца летнім сонцам, у павільёне Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” кружыць снег. Тут здымаюць новую мастацкую стужку “Навагодняя гісторыя” па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Мы зазірнулі на пляцоўку — убачылі, як летам нараджаецца зімовая казка.

 

 

ЭКРАННАЯ МАГІЯ

Уваходзячы ў павільён, міжволі забываеш, які дзень на календары. Зімовая лясная паляна, высокія яліны, сняжынкі, што павольна асядаюць на галінках...

 

Ігар Чацьверыкоў

— Самая вялікая складанасць — зняць зіму летам так, каб яна выглядала пераканаўча. Цяпер гледачы вельмі патрабавальныя: развіццё сучасных тэхналогій зрабіла іх уважлівымі да кожнай дробязі. Любая недакладнасць адразу кідаецца ў вочы. Таму для нас галоўнае — стварыць сапраўдную атмасферу, якой павераць, — адзначае кінарэжысер-пастаноўшчык Ігар Чацьверыкоў.

Каля 40 працэнтаў будучай карціны дапоўніць камп’ютарная графіка — для “Беларусьфільма” гэта адзін з найбольш маштабных праектаў такога кшталту. Менавіта яна дазволіць працягнуць лясныя далягляды далёка за межы павільёна, ажывіць асобныя дэкарацыі і зрабіць экранную прастору цэльнай. Разам з тым стужка не замкнецца ў чатырох сценах: гісторыя кожнага героя мае свае лакацыі і прадугледжвае натурныя здымкі.

 

У СЯМЕЙНЫМ ТАНДЭМЕ

“Навагодняя гісторыя” — экранізацыя аднайменнай кнігі беларускай пісьменніцы і драматурга Улады Альхоўскай.

 

Ганна і Улада Альхоўскія

Першапачаткова гэта п’еса, якая атрымала прызнанне на міжнародных творчых конкурсах і знайшла сваё месца на тэатральнай сцэне. Пасля з’явіўся раман, а цяпер твор набывае кінематаграфічнае ўвасабленне.

 

У цэнтры сюжэта — некалькі людзей, зусім не падобных між сабою, якія апынаюцца ў адным месцы. Спачатку іх сустрэча выглядае выпадковасцю. Але паступова становіцца відавочна: кожны крок, выбар і памылка патрэбныя, каб іх лёсы аднойчы перасекліся.

— Гісторыя не толькі пра Новы год, але і пра надзею. І малым, і дарослым патрэбныя добрыя казкі. Кожны з нас верыць, што нават пасля самых складаных выпрабаванняў жыццё можа змяніцца да лепшага. Вельмі каштоўна, што менавіта “Беларусьфільм” узяўся за маю першую экранізацыю. Лічу гэта навагоднім цудам, — адзначае Улада Альхоўская.

Над сцэнарнай версіяй працавала пісьменніца і сцэнарыстка Ганна Альхоўская, маці Улады. Для сямейнага тандэма гэта першы вопыт сумеснай працы над такім праектам. І, як прызнаецца Ганна Мікалаеўна, у творчым дыялогу з дачкой амаль не ўзнікала спрэчак: агульнае бачанне і поўны давер адна да адной зрабілі працэс натуральным працягам сямейных размоў.

— Гэта менавіта экранізацыя, а не фільм па матывах. Таму мне хацелася максімальна захаваць герояў, іх характары, матывацыю і саму гісторыю. Безумоўна, кіно мае ўласныя законы, сцэнарый неаднаразова перапрацоўваўся. Але, нягледзячы на гэта, галоўнае засталося нязменным — вера ў тое, што нават самыя неверагодныя сустрэчы ў нашым жыцці адбываюцца невыпадкова.

 

ФАРБЫ ХАРАКТАРАЎ

Выканаўца ролі Юны Лізавета Шульц прызнаецца, што яшчэ на этапе кастынгу паспела палюбіць сваю гераіню.

 

Лізавета Шульц

— Калі прачытала сцэнарый, адразу зразумела: вельмі хачу сыграць менавіта яе. Таму, калі даведалася, што мяне зацвердзілі, была па-сапраўднаму шчаслівая. Вядома, здымаць зіму летам няпроста. Але акцёр заўсёды працуе з уяўленнем: памятаем, што нашым героям холадна, і менавіта гэта дапамагае паверыць у зададзеныя абставіны.

Для Уладзіслава Рэзніка, які ўвасабляе на экране дзеда Друніна, праца над вобразам стала своеасаблівым выклікам.

 

Уладзіслаў Рэзнік

— Мой герой — чалавек, які свядома ізаляваў сябе ад навакольнага свету. Ён адмовіўся ад блізкіх, ад чалавечых адносін і стварыў для сябе футляр. Мне ж, наадварот, заўсёды падабаецца быць сярод людзей, таму роля — на супраціўленне самому сабе. Але менавіта такія задачы і прымушаюць акцёра шукаць новыя фарбы.

 

З НАДЗЕЯЙ І ВЕРАЙ

 

Па традыцыі, у першы здымачны дзень, каб праца над фільмам ішла ўдала, адбылося разбіванне талеркі.

— Сёння ў сцэнарным партфелі кінастудыі шмат рознага матэрыялу. Каманда “Беларусьфільма” нацэлена на ўпэўнены рух наперад, і гэты праект — чарговае таму пацвярджэнне.

 

Дзмітрый Сямёнаў

Але самае галоўнае — каб фільм знаходзіў водгук у гледача. “Навагодняя гісторыя” — менавіта такое кіно. Яно пра тое, у што ўсе мы верым з дзяцінства: пра надзею, дабрыню і цуды, якія часам здараюцца тады, калі іх зусім не чакаеш. Упэўнены, вынік вас не расчаруе, — падкрэсліў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара

MAX TikTok