За права прадстаўляць…

Апублiкавана: 31 лiпеня 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Да Дваццатых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД яшчэ некалькі месяцаў, аднак галоўныя рашэнні прымаюцца ўжо цяпер. Менавіта рэспубліканскі адбор вызначыць, хто гэтай восенню выступіць за Беларусь на адным з найбуйнейшых міжнародных юнацкіх форумаў.

 

— Нашы дэлегацыі штогод удзельнічаюць у Дэльфійскіх гульнях розных фарматаў, — расказвае кансультант аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Сляпцова. — Сёлета спаборніцтвы пройдуць у Душанбэ з 5 па 9 кастрычніка. Атрымаўшы запрашэнне ад Міжнароднага Дэльфійскага камітэта, мы адразу пачалі фарміраваць нацыянальную каманду. Упраўленнямі культуры і падпарадкаванымі навучальнымі ўстановамі былі вылучаны найбольш годныя кандыдаты.

Адбор ладзіўся цягам двух дзён і з’яднаў маладых творцаў Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей і Мінска. У Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі 21 ліпеня сваё майстэрства дэманстравалі прэтэндэнты ў намінацыях “Акадэмічныя спевы”, “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Духавыя інструменты”, “Эстрадныя спевы” і “Сольныя народныя спевы”. Назаўтра ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава правялі прагляд у намінацыях “Выяўленчае мастацтва” і “Мастацкія рамёствы”. Хто абароніць гонар краіны ў харэаграфічным напрамку, вызначаць пасля аналізу відэазапісаў, дасланых анлайн.

 

ВЫБАР — НЯПРОСТЫ

Выступленні і работы ўдзельнікаў ацэньвала экспертная камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры, выкладчыкі профільных устаноў адукацыі і вядомыя дзеячы мастацтва Беларусі. Увагу звярталі не толькі на тэхнічную падрыхтоўку, але і на нюансы, якія нярэдка застаюцца непрыкметнымі для гледача.

— Істотна ўсё: рэпертуар, культура выканання, сцэнічны касцюм, падача, уменне трымацца перад аўдыторыяй. Дэльфійскія гульні — гэта сур’ёзныя творчыя спаборніцтвы, дзе недастаткова прадэманстраваць здольнасці. Кан­курсант павінен быць псіхалагічна гатовым да моцнай канкурэнцыі, каб не разгубіцца ў адказны момант і прадставіць краіну на самым высокім узроўні. Менавіта таму на адборы вельмі пільна ставімся да дэталей, — тлумачыць Наталля Сляпцова.

Найбольшы ажыятаж — у вакальных намінацыях.

— Асабліва шмат прэтэндэнтаў у эстрадных і сольных народных спевах. Калі ў некаторых напрамках лідара вызначалі даволі хутка, то тут меркаванні журы часам разыходзіліся. Але кожнае аказалася пачута, рашэнні прымаліся толькі пасля грунтоўнай дыскусіі, — паведамляе Наталля Генадзьеўна.

З году ў год выбар становіцца ўсё больш няпростым, бо разам з колькасцю канкурсантаў расце і іх майстэрства.

— Нам сапраўды было каго слухаць. Не было ніводнага кірунку, дзе не знайшлося б годнага выканаўцы. І нават калі цяпер некаторыя маладыя артысты не трапяць у дэлегацыю, яны сёння ўжо заявілі пра сябе. Цягам прагляду журы не толькі называла найлепшых, але і давала рэкамендацыі: часам дастаткова пераасэнсаваць рэпертуар або крыху інакш раскрыць моцныя бакі, каб зрабіць крок наперад. Эксперты адзначылі добры ўзровень уменняў, сцэнічную культуру і творчы патэнцыял многіх. Гэта яшчэ раз пацвярджае: Беларусь багатая на таленавітую моладзь.

 

АБ’ЯДНОЎВАЮЧЫ НАМАГАННІ

Наперадзе — фарміраванне нацыянальнай дэлегацыі з улікам квот і ўзроставых катэгорый, затым — інтэнсіўная падрыхтоўка.

— Калі зацвердзяць канчатковы спіс, кожнай установе адукацыі, адкуль выбраны прадстаўнік, будзе даручана забяспечыць працу з намінантам. Асобнай увагі патрабуюць конкурсная праграма, сцэнічны вобраз, афармленне дакументаў. Міністэрства будзе падтрымліваць пастаянную сувязь з кіраўнікамі і ўдзельнікамі, каб своечасова вырашаць усе арганізацыйныя пытанні і дапамагчы нашым юнакам і дзяўчатам падысці да выступленняў упэўнена і спакойна, — падкрэслівае Наталля Сляпцова.

Ужо ў кастрычніку беларуская моладзь адправіцца ў Душанбэ, дзе не толькі пазмагаецца за ўзнагароды, але і прадставіць айчынную мастацкую школу, адкрые для сябе культурныя традыцыі іншых народаў, абмяняецца досведам і наладзіць новыя прафесійныя сувязі. Бо Дэльфійскія гульні — гэта пра творчасць, што аб’ядноўвае людзей незалежна ад меж і моў.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры

MAX TikTok