Стаўка на інтэрактыўнасць

Укараненне сучасных падыходаў да абслугоўвання турыстаў дае магчымасць рэгіянальным гістарычным цэнтрам дэманстраваць рэкордныя паказчыкі наведвальнасці.

 

Прыкладам паспяховага спалучэння архітэктурнага аднаўлення і новай канцэпцыі работы з наведвальнікамі падзялілася загадчык філіяла “Лідскі замак” Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Некрашэвіч.

Паводле яе, замак, які быў закладзены ў 1323 годзе князем Гедымінам для абароны Вялікага Княства Літоўскага ад крыжакоў, з’яўляецца адным з галоўных помнікаў сярэднявечнай архітэктуры Беларусі.

 

Сёння ён мае першую катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і зрабіўся важным турыстычным цэнтрам.

За 2025 год Лідскі замак наведалі 160 тысяч чалавек, што на 60 тысяч больш, чым у 2024-м, прытым у 2017-м тут было толькі 38 тысяч наведвальнікаў. Вялікую ролю ў развіцці турыстычнай прывабнасці гэтай мясціны адыгралі актыўнае ўцягванне наведвальнікаў і стаўка на інтэрактыўнасць.

 

ПАШЫРЭННЕ АЎДЫТОРЫІ

Лідскія музейшчыкі распрацоўваюць спецыялізаваныя праграмы, у тым ліку квэсты і музейныя педагагічныя заняткі для школьнікаў.

Папулярнасцю карыстаюцца “Школа археалогіі”, квэст-экскурсія “Арт і факт” ды іншыя праекты.

 

Для сямейнай аўдыторыі ладзяцца розныя анімацыйныя праграмы, такія як “Вандроўка ў мінулае” і інтэрактыўная пляцоўка “Цікавыя рэчы Сярэднявечча”, дзе наведвальнікі могуць прымерыць элементы даспехаў і сярэднявечныя строі.

 

Інклюзіўны праект “Лідскі замак для ўсіх і кожнага” забяспечвае даступнасць гістарычнай спадчыны для людзей з асаблівымі патрэбамі здароўя. Мерапрыемствы праводзяцца на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, што дапамагае сацыяльнай адаптацыі і ўцягнутасці гэтай катэгорыі наведвальнікаў.

 

Моладзі падабаецца праект “Сямейны партрэт на фоне гісторыі” — рэгістрацыя шлюбу ў стылі Сярэднявечча, што пашырае мэтавую аўдыторыю замка і фарміруе новыя культурныя традыцыі. Для правядзення цырымоніі запрашаюць рэгістратара загса, і на тэрыторыі архітэктурнага помніка ўзнікае новая ячэйка грамадства.

 

НАПРАМКІ СУПРАЦОЎНІЦТВА

У замку дзейнічаюць пастаянныя і часовыя экспазіцыі, напрыклад “Гістарычныя падзеі і асобы” ды “Старонкі гісторыі”, аснову якіх складаюць аўтэнтычныя знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных даследаванняў. Гэтыя матэрыялы не толькі экспануюцца, але і служаць базай для навукова-даследчай работы супрацоўнікаў музея, узмацняючы акадэмічную каштоўнасць аб’екта.

 

Лідскі замак таксама багаты на мерапрыемствы, што дапамагаюць фарміраваць турыстычны імідж.

 

З мая па жнівень праходзіць брэндавы праект “Замкавы гасцінец”, на тэрыторыі ладзяцца мерапрыемствы “Магія агню і святла”, “Дзень сярэднявечнай культуры” і “Ноч кіно ў Лідскім замку”.

 

Музей запрашае для выступлення беларускія тэатры, напрыклад Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, артысты якога прадстаўлялі наведвальнікам пастаноўкі “Трыстан і Ізольда” і “Тысяча і адна ноч” — гараджане былі вельмі ўдзячныя за тое, што для прагляду не трэба ехаць у Мінск.

Таксама ўстанова працуе больш як з 50 турфірмамі, ладзіцца і міжнароднае супрацоўніцтва з музеем “Смаленская крэпасць”, што дапамагае пашырыць геаграфію наведвальнікаў.

Акрамя таго, для зручнасці гасцей замка распрацаваны аўдыягід на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Антон РУДАК. Фота з Тэлеграм-канала Лідскага музея
і з архіва lidanews.by

 

MAX TikTok