Адкрыць для сябе Беларусь з новага боку дазваляе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.


Сёння ён налічвае 5696 пазіцый, сярод іх — помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, археалогіі, мастацтва і запаведныя мясціны. З дапамогай спіса вандроўнікі, якія ўжо наведвалі найболей вядомыя помнікі, могуць знайсці не самыя папулярныя, але не менш цікавыя аб’екты.

Як адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Варановіч, часта ад турыстаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё болей, можна пачуць азначэнне “Беларусь замкавая” — гэты вобраз сфарміравалі прыезджыя, якія раяць сваім сябрам і сваякам месцы да наведвання.
У свой час на тэрыторыі нашай краіны налічвалася больш за 150 сядзіб і замкаў. Да сёння іх, вядома, збераглося меней.


Яны дайшлі да нас у розным стане, але з боку дзяржавы праводзіцца сур’ёзная работа па аднаўленні і рэканструкцыі, што з’яўляецца прыярытэтам нашай культурнай палітыкі.

Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы рэгулярна фінансуюцца за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, а ў Дзяржаўнай праграме “Культурная прастора” на 2026-2030 гады таксама зроблены акцэнт на аднаўленні помнікаў архітэктуры.
Антон РУДАК. Фота Святланы ЧЭКАЛАВАЙ