Суровы стыль, экспрэсіўная манера

Нацыянальны мастацкі музей прапануе ўвазе наведвальнікаў выставу “Аляксандр Семілетаў: першы з дынастыі”, прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння майстра. З творчым набыткам беларускага мастацтва пасляваенных дзесяцігоддзяў можна пазнаёміцца ў пераходнай галерэі галоўнага корпуса.

 

Аляксандр Семілетаў. "Ізумрудны дзень"

Аляксандр Семілетаў нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Чуеўка Амурскай акругі РСФСР. У 1947-м скончыў Іркуцкае мастацкае вучылішча, а ў 1959-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе, як і Мікалай Залозны, пераймаў веды ў Валянціна Волкава і Віталя Цвіркі, а пазней і сам выкладаў. Памёр у 1990 годзе.

У экспазіцыю ўвайшло каля трох дзясяткаў жывапісных работ 1960—1980-х з фондаў музея, калекцыі Беларускага саюза мастакоў і са збору сям’і Аляксандра Фёдаравіча. Калі ранняй творчасці Аляксандра Семілетава быў уласцівы моцны ўплыў сацрэалізму і “суровага стылю”, то з часам яго манера зрабілася больш экспрэсіўнай.

 

Аляксандр Семілетаў. "Аўтапартрэт"

На выставе можна пабачыць як палотны 1960-х, прысвечаныя жыццю калгаснай вёскі і будням працоўных, так і карціны пазнейшых дзесяцігоддзяў, у якіх знайшлі адлюстраванне лірычныя назіранні жывапісца за навакольным асяроддзем і месцам, якое ў ім займае чалавек.

Блізкія згадваюць, што мастак разам з сынам любіў ездзіць на паляванне, але, трапіўшы на ўлонне прыроды, адкладваў стрэльбу і браўся за эцюднік.

Найшырэй у экспазіцыі прадстаўлены пейзажы позняга перыяду творчасці, калі Аляксандр Фёдаравіч багата ўвагі надаваў прыродзе жыткавіцкага Палесся.

Разам з тым тут можна пабачыць і сюжэтныя карціны, і нацюрморты.

Акцэнтам праекта таксама зрабіліся аўтапартрэты сына і ўнука майстра, Барыса і Івана Семілетавых, як сімвал пераемнасці і сувязі пакаленняў у мастакоўскай дынастыі.

Выстава працягнецца да 16 жніўня.

Антон РУДАК

MAX TikTok