Пад мірным небам сляды вайны

За паўгадзіны язды ад Мінска, сярод палёў і лясоў Дзяржыншчыны, распасцерлася “Старая мяжа” — філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да 1939 года тут пралягала савецка-польская граніца, а сам ваенна-гістарычны комплекс знаходзіцца на тэрыторыі былога 63-га Мінскага ўмацаванага раёна, жалезабетонныя доты якога ахоўвалі краіну рабочых і сялян.

 

Падчас мерапрыемства на "Старой мяжы"

 

ДАСЯГНЕННІ ІНЖЫНЕРЫІ

“Старая мяжа” — гэта прастора, якая аб’ядноўвае шмат розных старонак нашага мінулага: гісторыю граніцы і мытні, вайсковую тэхніку і фартыфікацыю, лёсы простых салдат, подзвігі і трагедыі ВАВ. Цяпер тут на плошчы 7,2 гектара сабраны ўнікальныя ўзоры ўзбраення, адноўлена пагранічная застава міжваеннага перыяду, прадстаўлена некалькі часовых экспазіцый.

 

На пляцоўцы "Зброя Перамогі"

Як распавяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум, на пляцоўцы “Зброя Перамогі” наведвальнікі могуць пабачыць калекцыю вайсковай тэхнікі і марскога ўзбраення — яна сярод найбуйнейшых у рэспубліцы. Паказаны легендарны танк Т-34-85, які называюць найлепшым сярэднім танкам Другой сусветнай, адзіная ў Беларусі арыгінальная гаўбіца Б-4 калібрам 203 міліметры, гаўбіцапушка МЛ-20 калібрам 152 міліметры, магутная савецкая самаходная артылерыйская ўстаноўка ІСУ-152 “Зверабой” ды інавацыйны для свайго часу танк Т-80 з газатурбіннай сілавой устаноўкай і аўтаматам зараджання.

Усе пералічаныя дасягненні савецкай інжынернай думкі, а таксама БМ-21 “Град”, БМП-1, БМД-1, танк ІС-3, марскія міны і тарпеды — далёка не поўны спіс прыстасаванняў, даступных да агляду на тэрыторыі комплексу.

 

Фрагмент экспазіцыі

 

ПАГЛЫБЛЕННЕ Ў АТМАСФЕ­РУ

Сведка міжваеннай эпохі і першых дзён нацысцкага нападу — даўгачасны агнявы пункт № 1 ротнага раёна “Д” 63-га Мінскага ўмацаванага раёна. Гэта адно з нямногіх добраўпарадкаваных збудаванняў некалі магутнай сістэмы савецкай фартыфікацыі ў ваколіцах Мінска. Спусціўшыся ўсярэдзіну, наведвальнікі апынаюцца ў атмасферы поўнай баявой гатоўнасці, цесныя казематы дазваляюць фізічна адчуць, як нялёгка было несці службу і біцца з ворагам у такіх умовах.

Агулам Мінскі ўмацаваны раён, узвядзенне якога распачалося ў 1932 годзе, налічваў каля 300 падобных аб’ектаў. Шмат іх захавалася на захад ад сталіцы ў паласе ад Плешчаніцаў да Дзяржынска. Ротны раён “Д” — да яго адносіцца агнявы пункт на “Старой мяжы” — акурат прыкрываў паўднёвы фланг умацаванага раёна, дзе праходзіла дарога са Стоўбцаў у Станькава.

 

ПАМІЖ СВЕТАМІ

Дамінанта комплексу — узноўленая пагранічная застава 1920—1930-х.

 

Пагранічная застава

Тут знаходзяцца казарма са спальным памяшканнем, сталовай і з чырвоным кутком, зброевы пакой з макетамі трохлінейных вінтовак і кулямёта Дзегцярова, камендатура, мытня і стайня. Багацце дэталей антуражу дае магчымасць пазнаёміцца з побытам савецкіх памежнікаў і паглыбіцца ў насычаную гісторыю аховы дзяржаўнай граніцы.

Не пакінута без увагі і мінуўшчына легендарнай станцыі Негарэлае, апетай паэтам Уладзімірам Маякоўскім у міжваенныя гады. Тады яна была галоўнай брамай паміж Савецкім Саюзам і Еўропай. Менавіта адсюль адпраўляліся міжнародныя цягнікі ў Варшаву, Берлін, Парыж і Вену, а мытнікі тут актыўна змагаліся з кантрабандыстамі. Акцэнт гэтай пляцоўкі — велічны паравоз ТЭ-6832 аўстрыйскага завода Lokomotivfabrik Floridsdorf.

 

ПА ВЕХАХ ГІСТОРЫІ

Як падкрэсліла Рыма Рум, “Старая мяжа” рэгулярна абнаўляецца дзякуючы свежым праектам. Так, пад адкрытым небам у філіяле прадстаўлена экспазіцыя “Навекі разам”, прысвечаная ўз’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі і Дню народнага адзінства 17 верасня. Экспазіцыя “Вялікая Айчынная вайна на Дзяржыншчыне” дазваляе даведацца пра гісторыю раёна ў пару ліхалецця. Тут дэманструюцца матэрыялы пра жыццё піянерагероя Марата Казея, які нарадзіўся непадалёк, у вёсцы Станькава.

У 2023-м на тэрыторыі комплексу была арганізавана экспазіцыя “16-ы Дзяржынскі пагранічны атрад”, што расказвае пра подзвігі абаронцаў мяжы нашай дзяржавы з 1921 года да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Аддаць даніну памяці байцам Чырвонай арміі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні краіны, можна ля мемарыяльнай сцяны “Вызваленне БССР. 1943—1944”. На вертыкальных стэлах адліты назвы злучэнняў, часцей і аб’яднанняў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, што адзначыліся падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”.

Антон РУДАК. Фота з сайта музея

MAX TikTok