Працягваць тварыць

Наша гераіня Наталія Кароціна — дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і дацэнт кафедры харавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — расказвае пра шлях у прафесію, сцэнічныя поспехі і натхненне.

 

— Наталія Аркадзьеўна, як вы знайшлі пакліканне ў педагогіцы? Хто натхніў абраць менавіта гэтую дарогу?

— Вытокі любові да музыкі і выкладання — у сям’і. Мама, Наталія Маёрава, — выпускніца Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава — больш за паўстагоддзя аддала выхаванню беларускіх юных піяністаў. Менавіта яе майстэрства і вернасць справе сталі тым ідэалам, што вызначыў мой прафесійны шлях.

— Пад наглядам маці вы і зрабілі першыя творчыя крокі?

— Так, у мінскай школе мастацтваў імя Л.П. Александроўскай. Пазней, дарэчы, навучалася ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 11 імя У.У. Алоўнікава.

— Што больш за ўсё паўплывала на станаўленне вашай асобы?

— Велізарную ролю ў фарміраванні майго светаразумення адыграў час, праведзены побач з дзядулем і бабуляй па мамінай лініі, якія прайшлі пекла баёў Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагах 5-й гвардзейскай танкавай арміі. З гэтымі людзьмі звязаны самыя яркія і дарагія сэрцу ўспаміны дзяцінства... Многае вызначыла і цудоўнае асяроддзе. Мне пашчасціла апынуцца ў коле амбіцыйных і старанных выхаванцаў гімназіі-каледжа, у якой навучалася з дзявятага класа.

— А калі казаць пра ўнутраныя фактары вашых поспехаў... Што падштурхоўвала ісці наперад?

— Рухавікі ў дасягненні мэт — любоў да музыкі, характар і воля, якія дапамагалі ўраўнаважваць інтэлект і эмоцыі, кантроль і нязмушанасць, веды і інтуіцыю, веру ў сябе і самакрытыку.

— Якія моманты творчага жыцця ніколі не забудзеце?

— Па-першае — міжнародны конкурс фартэпіянных дуэтаў “Брат і сястра” ў Санкт-Пецярбургу, а таксама выступленне разам з выбітнымі Аленай Сарокінай і Аляксандрам Бахчыевым, Норай Новік і Рафі Хараджанянам, Аляксандрам Сандлерам і Вадзімам Пальмавым у Санкт-Пецярбургскай філармоніі імя Д.Д. Шастаковіча. Усё гэта пакінула вельмі яркі след у душы.

Па-другое — прысуджэнне дзвюх гранд-прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, адну з якіх мне ўручыў Кіраўнік нашай дзяржавы!

Было, вядома, яшчэ шмат бліскучых перамог і натхняльных сустрэч… Кожны з такіх момантаў па-свойму паўплываў на маё творчае станаўленне.

— Што ў вашай справе прыносіць найбольшую радасць і пачуццё асэнсаванасці?

— Самае вялікае шчасце — бачыць, як у сценах установы вырастаюць людзі, здольныя азараць сваёй творчасцю свет, і разумець: гэта ў тым ліку і наша заслуга.

— Якімі дасягненнямі выхаванцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа ганарыцеся наймацней?

— Складана вылучыць нешта адно… Штогод вучні прыносяць столькі ўзнагарод! Паспяхова абараняюць гонар краіны на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах, актыўна ўдзельнічаюць у канцэртных мерапрыемствах самага высокага ўзроўню, здабываюць заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і дэманструюць выбітныя вынікі на прадметных алімпіядах.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя яскравыя і свежыя праекты ўстановы.

— Цэнтральная падзея гэтага года — гранд-канцэрт “Мы музыцы верныя”, прысвечаны 90-годдзю гімназіі-каледжа. На адной сцэне ўдалося сабраць столькі выбітных выпускнікоў і вучняў! Таксама ў ліку значных мерапрыемстваў — фестываль юных піяністаў “Вясновыя сустрэчы”, канцэрт-фестываль “На струнах вясны”, адкрыты фестываль хароў хлопчыкаў і юнакоў імя І.А. Жураўленкі і цыкл асветніцкіх канцэртаў “Знаёмства з музычнымі інструментамі”.

На новы ўзровень сёлета выйшла і міжнароднае супрацоўніцтва: аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Дар’і Забеліч выступіў у Казані, а камерны духавы аркестр на чале з Яўгенам Паддубоцкім — у Маскве. Вылучу новы праект “На крылах музыкі”, мэта якога — паглыбленне супрацоўніцтва з установамі адукацыі ў сферы культуры. Ініцыятыва мае яркую асветніцкую скіраванасць: вучні паказваюць навыкі на розных пляцоўках нашай краіны, а дасведчаныя настаўнікі праводзяць цікавыя майстар-класы.

— Дзе шукаеце натхненне, каб увасабляць усе задумы і дасягаць мэт?

— Мая галоўная апора — бясконцая і самаахвярная любоў мамы, якая заўсёды выхоўвала ўва мне пачуццё адданасці сям’і, нашай прафесіі ды Радзіме.

— У чым, на ваш погляд, заключаецца код беларускай жанчыны? Якія асацыяцыі ўзнікаюць у першую чаргу?

— Гэта светлы і прыгожы вобраз — ільняны і нябесна-васільковы… Гэта цёплыя рукі і спакойнае сэрца, клапатлівасць і руплівасць. Беларуская жанчына ўсё паспее… А калі стоміцца, то ўсміхнецца, абдыме і скажа: “Усё будзе добра”.

— Акрамя працы ў гімназіі-каледжы, што яшчэ зараз у прыярытэце? Чым гарыць ваша душа?

— Шмат увагі надаю навучанню ў магістратуры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне” і выкладанню ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Для выступленняў таксама імкнуся знаходзіць час. Сёлета, да прыкладу, з вялікім задавальненнем паўдзельнічала ў гала-канцэрце “Таленты Беларусі — будучыня краіны”, прысвечаным 30-годдзю спецыяльных фондаў Прэзідэнта. Веру, што наперадзе чакае яшчэ больш такіх цудоўных момантаў! Галоўнае — не губляць агонь у вачах і працягваць тварыць!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok