Тады таксама было лета

Апублiкавана: 09 жнiўня 2026 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

На календары 18 ліпеня 1941-га, 27-ы дзень вайны. ЦК ВКП(б) прымае пастанову “Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войскаў”. На акупаваных тэрыторыях разгортваецца падполле і партызанскі рух. Што яшчэ адбывалася ў той гераічны і трагічны час? У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстава “Памятай 1941-ы”, прымеркаваная да 85-годдзя з дня нападу нацысцкай Германіі на нашу Радзіму.

 

ПЕРШЫЯ ДНІ ВАЙНЫ

Мэтай экспазіцыі з’яўляецца ўвекавечанне памяці аб подзвігах савецкіх воінаў і мірных жыхароў, якія прынялі на сябе першы ўдар, але здолелі затрымаць наступ ворага і сарваць гітлераўскі план вокамгненнай вайны.

Як адзначыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум, фонды ўстановы налічваюць больш за 164 тысячы адзінак, усе яны не могуць быць адначасова прадстаўленыя ў пастаяннай экспазіцыі, таму ладзяцца часовыя выставы, у тым ліку з выкарыстаннем экспанатаў з іншых музеяў краіны.

Наша рэспубліка першай сустрэла нашэсце гітлераўскіх войск і дала ім годны адпор ужо ў першыя дні вайны. Як заўважыў куратар праекта, малодшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Павел Леванеўскі, выстава ў храналагічным парадку распавядае аб нападзе гітлераўцаў на СССР, першых абарончых баях на тэрыторыі Беларусі, трагічных і гераічных лёсах іх удзельнікаў, усталяванні акупацыйнага парадку і супраціве, які аказвалі захопнікам партызаны ды падпольшчыкі ў тыле ворага.

 

АДПОР ВОРАГАМ

У момант нападу на Савецкі Саюз вермахт валодаў вялікай перавагай над Чырвонай арміяй, агульная колькасць нямецкіх войск складала 190 дывізій, больш за чатыры тысячы танкаў, 47 тысяч гармат і мінамётаў, каля чатырох з паловай тысяч самалётаў і да 200 караблёў. Тым не менш захопнікі сутыкнуліся з упартым супрацівам савецкіх войск, які разгарнуўся па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Агульнавядомым зрабіўся подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны, які ператварыў яе ў сімвал нязломнасці. Напрыканцы чэрвеня байцы 100-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Івана Русіянава за тры дні бою ля Астрашыцкага Гарадка на паўночны ўсход ад Мінска падбілі каля сотні гітлераўскіх танкаў і бронемашын. Паміж Оршай і Віцебскам 6—9 ліпеня 1941 года адбылася адна з самых буйных танкавых бітваў Вялікай Айчыннай вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала каля 1600 танкаў.

 

МАГУТНЫ КОНТРУДАР

На поўдні Беларусі савецкімі войскамі з 13 ліпеня па 17 жніўня 1941 года быў нанесены магутны контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку, у выніку якога Чырвоная армія на месяц вызваліла гарады Жлобін і Рагачоў. Частка экспазіцыі прысвечаная абароне Магілёва, сімвалам якой стала знакамітае Буйніцкае поле, дзе байцы 388-га стралковага палка за адзін дзень падбілі 39 варожых танкаў, скаваўшы значную частку войск групы армій “Цэнтр” і парушыўшы нацысцкі план імклівага наступу на Маскву.

 

РУХ СУПРАЦІВУ

Ужо ў ліпені 1941 года, каб застрашыць мясцовае насельніцтва і зламаць яго волю да супраціву, нацысты пачалі ладзіць масавыя карныя аперацыі. Так, паліцэйскі полк “Цэнтр” знішчыў 34 населеныя пункты ў Белавежскай пушчы, а ў выніку аперацыі “Прыпяцкія балоты” былі забітыя 13 788 чалавек. Да канца 1941 года ў палон патрапілі тры мільёны байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, многія з якіх загінулі ў лагерах ад голаду, холаду і цяжкіх работ.

Але, нягледзячы на нацысцкі тэрор, на акупаванай тэрыторыі разгортваўся і рух супраціву акупантам. У экспазіцыі можна пабачыць асабістыя рэчы аднаго з першых камандзіраў партызанскага руху ў Беларусі, Канстанціна Сідзякіна, які ўжо 27 чэрвеня 1941 года дэсантаваўся ў раёне Смалявічаў і са сваім атрадам знішчыў 16 варожых эшалонаў. За поспехі ў баях з захопнікамі партызанскі камандзір быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

 

ЛЁС КОЛАСАВА СЫНА

На выставе прадстаўленыя фотапартрэты і асабістыя рэчы савецкіх салдат і афіцэраў, газетныя публікацыі аб пачатку гітлераўскага наступу і тагачасныя агітацыйныя плакаты. Адным з найцікавейшых экспанатаў з’яўляецца футляр ад паляўнічай стрэльбы, які належаў сярэдняму сыну Якуба Коласа Юрыю Міцкевічу. У 1940-м юнак быў прызваны на службу ў 62-і конны артылерыйскі полк 8-й Мінскай стралковай дывізіі, якая размяшчалася ў Беластоцкай вобласці на тагачаснай заходняй мяжы БССР.

Аднак незадоўга да вайны Юрый Міцкевіч аказаўся ў Мінску — з 17 чэрвеня 1941 года ў складзе каманды Заходняй ваеннай акругі ён удзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па стэндавай стральбе. З пачаткам баявых дзеянняў вярнуцца ў часць ён ужо не здолеў: дывізія, што ўпарта абаранялася, у выніку была акружаная і загінула ў Беластоцкім катле. Трапіўшы на фронт, Юрый Міцкевіч удзельнічаў у абароне Смаленска, але ўвосень 1941 года, на жаль, знік без вестак. Якуб Колас доўга не губляў надзеі знайсці сынаў след, але гісторыя яго гібелі застаецца таямніцай да сёння. У лёсе сына класіка адбілася трагедыя многіх беларускіх сем’яў, якія не дачакаліся дадому сваіх родных і блізкіх.

Азнаёміцца з лёсамі герояў і ахвяр першага года Вялікай Айчыннай вайны на выставе можна да 31 жніўня.

Антон РУДАК. Фота аўтара і з сайта музея

MAX TikTok