Інтрыгі і нечаканасці

Апублiкавана: 09 жнiўня 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” вядзе здымкі новай карціны рэжысёра Кірыла Халецкага пад інтрыгоўнай назвай “19.91”. Стужка ствараецца па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паводле работы айчыннага пісьменніка Андрэя Федарэнкі.

 

У ВІРЫ ПРЫГОД

— Ідэю экранізаваць аповесць прапанаваў сцэнарыст Яўген Амельчанка. Разам з ім мы грунтоўна перапрацавалі матэрыял, пакінуўшы ўсё самае моцнае, а нешта, як звычайна, змянілі. Гэта будзе маштабнае кінапалатно ў жанры дэтэктыўнага трылера. Фармат — міні-серыял з чатырох эпізодаў працягласцю 44 хвіліны кожны, а таксама поўнаметражны фільм. Такога размаху і аб’ёму працы ў мяне яшчэ не было, — адзначае Кірыл Халецкі.

Сюжэт пачынаецца ў 1989-м у Афганістане. Атрад воінаў-інтэрнацыяналістаў знаходзіць згубленыя скарбы старажытнай Бактрыі — унікальныя залатыя ўпрыгожанні і артэфакты І стагоддзя да нашай эры. Для некага з персанажаў гэта шанц разбагацець, для іншых — гістарычная спадчына, якая павінна належаць усяму чалавецтву.

Праз некалькі гадоў скарб трапляе ў невялікі беларускі гарадок Лясная Паляна. Менавіта тут разгортваюцца асноўныя падзеі ўжо 1991-га. Шасцікласнікі Цім і Валік, дзяўчынка-сірата Вара, ветэран афганскай вайны Барыс і злачынец Антон Мароз аказваюцца ўцягнутымі ў вір прыгод і ў выніку ўсведамляюць: сапраўдную каштоўнасць маюць не багацці, а сумленне, сяброўства і адказнасць.

— Назва “19.91” зачапіла лаканічнасцю і адначасова шматзначнасцю. Мы нібы ахопліваем увесь 1991 год, але кропка паміж лічбамі пакідае інтрыгу. Толькі ў фінале гледачы зразумеюць, што гэта за камбінацыя. Кіно абяцае быць дынамічным. Узроставая катэгорыя — 12+, таму фільм зацікавіць і дарослых, і дзяцей. Паверце, старэйшае пакаленне знойдзе нямала глыбокіх сэнсаў, — падкрэсліў рэжысёр.

 

ДУХ ЧАСУ

Стварэнне атмасферы — адна з самых складаных задач падрыхтоўчага перыяду. На пошук натуры спатрэбілася некалькі месяцаў.

— Яшчэ да старту здымак правялі велізарную працу: падбіралі лакацыі, выбудоўвалі вытворчы працэс, ладзілі маштабны кастынг. Невыпадкова пачынаем менавіта са школы ў пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна — гэтае месца дазволіла найбольш дакладна перадаць дух ранніх 1990-х, — растлумачыў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Дзмітрый Сямёнаў.

Праект ахопіць розныя населеныя пункты краіны: Мінск, Беразіно, Пухавічы, Заслаўе, Жодзішкі…

— Для нас прынцыпова знайсці інтэр’еры і вуліцы, якія цалкам адпавядаюць эпосе. Нават вокны павінны быць драўлянымі, а не пластыкавымі. Такія дробязі і ствараюць адчуванне часу, — расказаў Кірыл Халецкі.

 

ЮНЫЯ ТВАРЫ

З не меншым размахам прайшоў і адбор акцёраў. Рэспубліканскі кастынг, які стартаваў 1 чэрвеня, вы клікаў значную цікавасць. Анкеты дасылалі не толькі жыхары Беларусі, але і ахвотнікі з-за мяжы, што сведчыць пра рост увагі да праектаў айчыннай кінастудыі.

— Асабіста праглядзеў 6447 заявак. У выніку адабралі 306 кандыдатаў. Фактычна шанц трапіць у фільм атрымаў прыкладна кожны 20-ы, — паведаміў Кірыл Халецкі.

На дзіцячыя ролі зацверджаны Эльдар Чэркін, Ігар Панас, Арына Чарнецкая, Яўгенія Ліль. Цэнтральнага дарослага персанажа сыграе Аляксей Качан. Да акцёрскай каманды таксама далучыліся расійскія артысты Сяргей Сцёпін, Ан­ дрэй Трушын.

— З дзецьмі працую не ўпершыню. Вельмі пашанцавала з выканаўцамі. Гэта ўжо прафесіяналы, хоць і зусім юныя. Доўга шукалі і ўрэшце знайшлі менавіта тых, хто патрэбны нашай экраннай гісторыі, — гаворыць рэжысёр.

Для Эльдара Чэркіна “19.91” — 16-ы праект у кіно. Аднак хлопцу раней не даставаліся галоўныя ролі ў маштабных стужках.

— Мой герой вельмі ўпарты: калі за нешта ўзяўся, абавязкова давядзе справу да канца. Думаю, у гэтым мы падобныя. Я таксама, калі вырашыў трапіць на здымкі, імкнуўся да мэты, нягледзячы ні на што. Рады стаць часткай такой вялікай карціны, — прызнаўся Эльдар.

Праект — важная пляцоўка і для будучых кінаспецыялістаў: студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прычыняюцца да вытворчага працэсу яшчэ падчас вучобы.

— Актыўна супрацоўнічаем з профільнымі ўстановамі адукацыі. Сёння моладзь накіравалася з аўдыторый на сапраўдныя здымкі. Для пачаткоўцаў гэта магчымасць прымяніць веды на практыцы і назапасіць досвед, які не набудзеш у вучэбных класах. Спадзяюся, пасля атрымання дыпломаў маладыя людзі прыйдуць у нацыянальны кінематограф прафесіяналамі, — распавёў Дзмітрый Сямёнаў.

 

ДА ПРЭМ’ЕРЫ

Здымачны перыяд працягнецца да канца кастрычніка.

Наперадзе ў каманды — некалькі месяцаў экспедыцый, сотні сцэн і карпатлівая праца над мантажом. Усё для таго, каб праз год гісторыя, якая толькі пачынае жыццё перад камерай, трапіла на экраны і сустрэлася са сваім гледачом.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА
і з Тэлеграм-канала “Беларусьфільма

MAX TikTok