Гісторыя сям’і, гісторыя краіны

Апублiкавана: 06 жнiўня 2026 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Аб чым можа распавесці сямейны альбом? Адказ на пытанне знайшлі на выставе “Фальварка страчанага памяць: Камкі — Янаўшчына, 1911—1913 гг.” Праект зладжаны Музеем гісторыі горада Мінска ды Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя разгарнулася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

 

ФАЛЬВАРАК, МАЁНТАК, КАЛГАС

Слова “фальварак” паходзіць ад нямецкага Vorwerk, што азначае “перадавая, аддаленая сядзіба” — у Сярэднявеччы гаспадарчыя пабудовы зазвычай размяшчаліся за сценамі ўмацаваных замкаў феадалаў, з’яўляючыся своеасаблівымі фарпостамі.

 

Прадметы побыту пачатку ХХ стагоддзя

На беларускіх землях фальваркам першапачаткова называлі невялікае сельскае паселішча з аднаго альбо некалькіх двароў, якое было геаграфічна аддаленым ад галоўнай сядзібы падраздзяленнем буйной землеўласніцкай гаспадаркі. У сувязі з развіццём унутранага і асабліва знешняга рынку, калі мануфактурная вытворчасць заходнееўрапейскіх краін запатрабавала сельскагаспадарчай сыравіны, у гаспадароў узнікала неабходнасць арганізацыі ўласнай гаспадаркі з вытворчасцю хлеба на продаж і перапрацоўкай аграрнай прадукцыі. Галоўнай мэтай фальварка было павышэнне прыбытку, яго прадукцыя амаль не выкарыстоўвалася для ўнутраных патрэб.

 

Жніво ў фальварку Крыцкіх

У Вялікім Княстве Літоўскім фальваркі пачалі ўзнікаць у XVI стагоддзі. Паводле “Уставы на валокі” 1557 года, якая рэгламентавала аграрную рэформу, на кожную валоку фальварковай зямлі (адзінку плошчы, якая складала каля 20 гектараў) адводзілася сем валок сялянскіх надзелаў, за карыстанне якой жыхары навакольных вёсак мусілі адбываць паншчыну — два дні на тыдзень працаваць у фальварку. Найлепшыя землі аддаваліся пад такія гаспадаркі, пры іх будавалі млыны, корчмы ды бровары, што здавалі ў арэнду.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе фальваркі страцілі сваё гаспадарчае значэнне, але як тып паселішча гэты тэрмін быў пашыраны ў якасці сіноніма слова “маёнтак” ажно да 1930-х. Да ўсталявання савецкай улады сяляне таксама працягвалі працаваць у фальварках, але ўжо ў якасці добраахвотнай наёмнай сілы, а пасля на базе такіх гаспадарак часта ствараліся калгасы.

 

СЯМЕЙНАЯ ІДЫЛІЯ

Аснову экспазіцыі складаюць фота з сямейнага архіва нашчадкаў уладальнікаў колішніх фальваркаў у Бешанковіцкім раёне. Здымкі паказваюць штодзённасць прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя ў пачатку ХХ стагоддзя. Тут можна пабачыць адлюстраванне ідылічнага сямейнага побыту напярэдадні вялікай вайны і рэвалюцыйных узрушэнняў: апранутыя па апошняй модзе людзі бавяць вольны час на прыродзе ці за святочным сталом.

 

Узор фотатэхнікі першай траціны ХХ стагоддзя

Дапаўняюць экспазіцыю асабістыя рэчы сям’і Крыцкіх, прадметы побыту і ўзоры фотатэхнікі першай траціны ХХ стагоддзя з фондаў Музея гісторыі горада Мінска і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

 

Прадметы побыту пачатку ХХ стагоддзя

Фёдар Крыцкі, галава сям’і, нарадзіўся ў Вішкавічах, што ў сучасным Чашніцкім раёне, у маладосці працаваў на бровары ў памешчыка Валадковіча, аднаго з найбуйнейшых землеўладальнікаў наваколля, і напрыканцы ХІХ стагоддзя арандаваў фальварак Камкі, які належаў дваранам Студзінскім, а неўзабаве набыў яго разам з засценкам Янаўшчына. Гаспадарка налічвала 150 гектараў зямлі, 300 гектараў лесу, 20 коней і 50 кароў ды валоў — словам, адно з найбуйнейшых зямельных уладанняў сярод мяшчан Лепельскага павета, нават большае за палову мясцовых дваранскіх гаспадарак.

Пры маёнтку было возера Хоцькаўшчына, на беразе якога сям’я любіла адпачываць, што адлюстравана на многіх фотаздымках. У фальварках Крыцкіх працавалі сяляне з суседніх вёсак Баяры і Пугачы, якія карысталіся гаспадарскімі сенажацямі ды лясамі.

 

НАШЧАДКІ-ПАРТЫЗАНЫ

У Фёдара Крыцкага было трое сыноў і дзве дачкі, а аўтарства большасці выяў у сямейным архіве належыць яго зяцю Ежы Карвоўскаму, які не проста фатаграфаваў усю сям’ю, але і па-мастацку аформіў альбом са здымкамі. Пасля ўсталявання савецкай улады фальваркі Крыцкіх былі нацыяналізаваныя, а іх землі перададзеныя сялянскім камітэтам. У 1920 годзе адзін з сыноў забраў пажылых бацькоў у мястэчка, дзе меў дом і аптэкарскую крамку. Сям’я аўтара здымкаў, Ежы Карвоўскага, перабралася ў Навагрудак, дзе ён працаваў суддзёй.

Сын Фёдара Крыцкага Люцыян пайшоў па бацькавых слядах і працаваў на спіртавых заводах па ўсёй БССР.

Унук Казімір таксама прычыніўся да той жа галіны, а падчас Вялікай Айчыннай вайны пайшоў у партызаны на Капыльшчыне, дзе напярэдадні быў дырэктарам спіртзавода. Пасля служыў палітруком у партызанскіх брыгадах імя Чапаева і імя Панамарэнкі на Віцебшчыне, быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені, а таксама медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 1-й ступені.

Яго сястра Рэгіна была сувязной брыгады імя Заслонава, а брата Станіслава расстралялі за сувязь з партызанамі.

Азнаёміцца са спадчынай сям’і на выставе можна да 30 жніўня.

Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

MAX TikTok