Калі на сцэну Палаца культуры вобласці ў Магілёве выходзяць выхаванцы Наталлі Паляковай, публіка бачыць не проста танец, а жывы калейдаскоп лёсаў. Тут кружацца і скачуць тыя, чые бацькі некалі таксама выступалі ў гэтай зале.
АД МАРЫ ДА СТАНКА
Шлях Наталлі Іосіфаўны ў мастацтва пачаўся не з бацькоўскага настаўлення, а з дзіцячых мрояў і шчаслівай выпадковасці. Лёс усміхнуўся нашай гераіні, калі пасля шостага класа ёй трапілася аб’ява аб наборы ў студыю “Мара” пры Палацы прафсаюзаў Мінска. Дзяўчынка, якая дома самастойна трэніравалася і была ад прыроды гнуткай, прыйшла і... яе прынялі.

Гэты першы крок вызначыў усё. Праз тры гады ўпартай працы Наталля Палякова аказалася ў студыі класічнага танца пад крылом народнай артысткі Беларусі Аляксандры Нікалаевай, якая першая выконвала галоўную партыю ў легендарным беларускім балеце “Салавей”. Там, убіраючы майстэрства, Наталля Іосіфаўна зразумела: танцы — гэта назаўжды.
У 1984 годзе, атрымаўшы дыплом, выпускніца Мінскага інстытута культуры (сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) сутыкнулася з размеркаваннем. Так сталася, што дзяўчына апынулася не ў родным Мінску, а ў Магілёве.
— Прыехалі і сказалі: дайце найлепшую студэнтку, — смяецца Наталля Іосіфаўна, успамінаючы, як яе запрасілі ў Палац культуры.
КРУГАВАРОТ ТАЛЕНТАЎ
Першы набор “Калейдаскопа” складаўся выключна з дзяўчынак. Але Наталля Палякова разумела: для парных танцаў патрэбныя кавалеры. Цярпенне і абаянне кіраўніка зрабілі сваю справу — праз месяц з’явіўся першы хлопчык, за ім другі, трэці. Сёння ў калектыве гендарны баланс, а на юбілейных канцэртах на сцэну ўзнімаецца натоўп мужчын і жанчын, якія некалі былі ўдзельнікамі танцавальнай групы. Гэта плён сапраўднай педагогікі: у ансамблі не проста паказваюць рухі, а выхоўваюць сям’ю.
Прынцып харэографа просты: галоўнае — не прыродныя дадзеныя, а жаданне і працаздольнасць.
— Навучыць можна, — упэўнена наша гераіня. — А вось калі няма асобы, харызмы і агеньчыка ў вачах, то глядач пачынае шукаць хібы ў тэхніцы.
Наталля Іосіфаўна не лічыць сябе строгім педагогам. Жывучы цікавасцямі дзяцей, яна ўмее быць псіхолагам: размаўляе з імі пра першае каханне, праблемы, ператвараючы Палац культуры ў месца, куды хочацца ісці не толькі дзеля заняткаў, але і дзеля цёплай атмасферы.
“Калейдаскоп” існуе ў рэжыме вечнага руху. Штогод хлопцы і дзяўчаты паступаюць у ВНУ, з’язджаюць у Мінск, Гомель ці Віцебск, а на змену прыходзяць новыя. “Гэта кругаварот”, — па-філасофску заўважае кіраўнік. Але самы кранальны доказ поспеху — тое, што былыя вучні прыводзяць да настаўніка сваіх дзяцей або наведваюцца на кубачак гарбаты. Наталля Палякова прызнаецца: зараз яна вучыцца ў сваіх зорных выпускнікоў. Адзін з іх — чэмпіён рэспублікі па 10 відах танцаў, які працуе ў Мінску.
СЦЭНА — МАЛЕНЬКАЕ ЖЫЦЦЁ
Рэпертуар калектыву — калейдаскоп жанраў. Артысты паважаюць і класічны вальс, і палымяны рок-н-рол, і стылізаваныя народныя пастаноўкі. Любімы нумар кіраўніка — “Вясновы вальс” на музыку Яўгена Догі. Ідэя нарадзілася выпадкова: убачыўшы ў інтэрнэце відэа грацыёзных лебедзяў пад чароўную мелодыю, харэограф тут жа знайшла кампазіцыю, неўзабаве пашыла касцюмы і паставіла танец, які і сёння ўпрыгожвае канцэрты.
— Сцэна — гэта маё, адчуваю сябе тут як рыба ў вадзе, — прызнаецца Наталля Іосіфаўна і ўспамінае, як яны з дзецьмі стваралі нумар проста ў Санкт-Пецярбургу пад уражаннем ад убачанага на адным з канцэртаў.
Але галоўнае ў працы — фестывальная геаграфія. Ансамбль аб’ездзіў усю Беларусь: “Скрыжаванне” ў Мінску, “Майскі баль” у Віцебску, конкурсы ў Кіраўску. Сцяжынка гастролей выйшла і за межы краіны. Такія вандроўкі, па словах гераіні, больш падобныя на прыгоды ў піянерскім лагеры: агульныя абеды, жывыя гутаркі, камандны дух. Нядаўняй яркай падзеяй стала выступленне на апошнім званку ў ліцэі Міністэрства ўнутраных спраў, дзе “Калейдаскоп” развучыў з хлапчукамі-дзевяцікласнікамі шыкоўны вальс. Адміністрацыя была ў захапленні: свята зайграла новымі фарбамі.
Цяпер кіраўнік калектыву плануе дзёрзкі праект — папуры на тэму легендарных “Песняроў”. Наталля Іосіфаўна даўно выношвае гэтую ідэю. Таксама хоча аднавіць беларускія нумары, якія сышлі разам з дарослымі выпускнікамі. Адмысловае месца займае косая кадрыля, запісаная кіраўніком яшчэ падчас студэнцкай экспедыцыі па Віцебскай вобласці. Унікальныя малюнкі танца і аўтэнтычная музыка калісьці прынеслі Наталлі Паляковай узнагароду на конкурсе метадычных работ. Зараз харэограф марыць пазнаёміць з народнай спадчынай новае пакаленне.
ХВАРЭЦЬ НЯМА КАЛІ!
Энергія педагога зараджае вучняў. Гераіня не толькі ставіць нумары, але і ладзіць “Танцавальныя кактэйлі”, дзе кожнае дзіця можа паспрабаваць сябе ў новым напрамку, раскрываючы свой тэмперамент. Камусьці пасуе лірыка, камусьці — лаціна, і Наталля Іосіфаўна ўмее падладзіцца пад унутраны свет кожнага.
42 гады — гэта не проста лічба. Гэта тысячы пар, сотні касцюмаў і дзясяткі фестываляў. Гэта адданасць справе, дзеля якой некалі ў 1984-м маладая дзяўчына паехала ў незнаёмы горад. Сёння “Калейдаскоп” ужо больш чым ансамбль. Гэта пункт прыцягнення, дзе дарослыя, якія даўно скончылі танцаваць, працягваюць ставіць у агульным чаце лайкі да фатаграфій з канцэртаў, бо па-ранейшаму цікавяцца жыццём свайго другога дому.
Пакуль гучыць музыка і на сцэну выходзяць новыя пары, гісторыя “Калейдаскопа” працягваецца. А яго кіраўнік адчувае тое ж трапятанне, што і многія гады таму.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва калектыву