Як ідзе рэканструкцыя будынка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага? На рэалізацыю праекта з рэспубліканскага бюджэту агулам выдаткавана амаль 50 мільёнаў рублёў.

Велічны гмах тэатра, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, быў узведзены ў 1901—1906 гадах як Харальная сінагога. Яўрэі ў той час складалі амаль палову насельніцтва Мінска, у горадзе дзейнічала мноства сінагог, але яны былі даволі сціплымі па памерах або дужа старымі, таму ўзнікла патрэба з’яўлення вялікага будынка, які быў выкананы ў маўрытанскім стылі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гмах быў нацыяналізаваны, у ім у розныя гады размяшчаліся працоўны клуб, дом культуры і кінатэатр на 1200 месцаў, дзе 26 снежня 1926 года адбылася прэм’ера першага айчыннага мастацкага фільма “Лясная быль”. У будынку з выдатнай акустыкай выступала трупа Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра (БЕЛГОСЕТ), а таксама такія знакамітыя гастралёры, як Уладзімір Маякоўскі, Сяргей Лемешаў, Леанід Собінаў і Леанід Уцёсаў. Пасля вайны гмах быў істотна перабудаваны па праекце Міхаіла Бакланава, і з 1950 года тут пачаў дзейнічаць Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
Падчас рамонтных работ, якія распачаліся ў будынку мінулым летам, часткова адноўлены яго першапачатковы выгляд. На галоўным фасадзе раскрытыя ўчасткі муроўкі ў маўрытанскім стылі, якія раней былі схаваныя пад тынкоўкай, аконным праёмам вернутая гістарычная форма, а брамы замененыя на каваныя з аўтэнтычным малюнкам; замест драўляных перакрыццяў з’явіліся маналітныя.
У глядзельнай зале можна будзе пабачыць адноўленую ляпніну партала сцэны і ложаў. Мадэрнізуюцца пад’ёмы для мацавання куліс і дэкарацый, сафітныя пад’ёмы для светлавога абсталявання, па перыметры залы будуць усталяваныя акустычныя панэлі і калонкі.
Плануецца, што абноўлены будынак адкрые свае дзверы для гледачоў у новым тэатральным сезоне.
Служба інфармацыі “К”