На што трэба звяртаць увагу пры выкананні службовых абавязкаў і як не стаць ахвярай зламыснікаў, якія могуць скарыстацца размешчанымі ў агульным доступе звесткамі? На гэтыя ды іншыя пытанні дала адказ намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі і камунікацыі Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Вольга Шыбко — адно з пасяджэнняў прэс-клуба РВУ “Культура і мастацтва” было прысвечана нормам абароны персанальных даных у сферы культуры.

— Што такое персанальныя даныя і чаму іх важна абараняць?
— Гэта любая інфармацыя, па якой можна ідэнтыфікаваць канкрэтнага чалавека, вылучыць яго сярод астатніх. Да персанальных даных адносяцца як тыя, што непасрэдна звязаныя з асобай (імя, узрост), біяметрычныя (адбітак пальцаў, колер рагавіцы вока і таму падобнае), так і звесткі, якія яе характарызуюць — узровень даходу, прафесійная дзейнасць, звычкі і многае іншае. Нашы даныя ёсць у наймальніка, у маркетплэйса, дзе мы здзяйсняем пакупкі, у школе, куды мы вядзём сваіх дзяцей, у паліклініцы, куды звяртаемся па меддапамогу. Пералік арганізацый — велізарны! Сёння іх апрацоўка набывае беспрэцэдэнтныя маштабы.
Карыстаючыся інтэрнэтам, мы штодня робім незлічоную колькасць анлайн-дзеянняў, праглядаючы, выбіраючы, каментуючы, ацэньваючы, і гэта ўсё фіксуецца і аналізуецца. Атрыманыя звесткі выкарыстоўваюцца для розных мэт — пачынаючы ад рэкламнай рассылкі і заканчваючы масавым маніпуляваннем паводзінамі людзей. Пры гэтым апрацоўка ў шматлікіх выпадках носіць непразрысты і незразумелы для чалавека характар.
Чаму абарона такая істотная? Калі нехта атрымае неправамерны доступ да персанальных даных, гэта можа прывесці да здзяйснення ашуканскіх дзеянняў, “узлому” сацыяльных сетак, іншых правапарушэнняў, у тым ліку “крадзяжу” асобы чалавека. Напрыклад, з дапамогай штучнага інтэлекту на падставе фотаздымка можна зрабіць кароткае відэа і ўздзейнічаць на іншых асоб. Таму вельмі важна абачліва ставіцца да асабістых звестак.
— Ці можна далучыць да персанальных даных мастацкія або рэпартажныя фатаграфіі? Калі, да прыкладу, чалавек Х сфатаграфаваў на вуліцы чалавека Y — Х парушыў закон? А калі гэта адбылося падчас мерапрыемства? І ці можна ў асабістых акаўнтах размяшчаць здымкі іншых?

Вольга Шыбко
— Па агульным правіле, калі фота зроблена ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, то атрымліваць згоду ва ўсіх людзей, якія там прысутнічаюць, неабходнасці — ды і магчымасці — няма. Размясціць такія фота ў сацыяльнай сетцы таксама можна. Але важна, каб на іх усё ж асноўная ўвага была сканцэнтравана на ініцыятары здымкі, а не на іншых. Карацей кажучы, трэба імкнуцца да мінімізацыі чужых выяў. Такое правіла актуальна для ўсіх выпадкаў фатаграфавання ў публічных месцах, у тым ліку падчас агляду славутасцей, экскурсій і падобнага.
Разам з тым гэта зусім не азначае, што грамадзяне вольныя распаўсюджваць персанальныя даныя іншых асоб. Згодна з заканадаўствам, збор, апрацоўка, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці дазваляюцца толькі са згоды канкрэтнага чалавека, калі няма іншай прававой падставы, устаноўленай заканадаўчымі актамі.
— Важны напрамак у рабоце галіны культуры — правядзенне творчых спаборніцтваў. Ці не парушаюцца нормы закона пры падвядзенні вынікаў і абнародаванні імёнаў пераможцаў? Ці маюць права арганізатары такіх конкурсаў даваць поўныя звесткі сродкам масавай інфармацыі?
— Адной з ключавых умоў правядзення любога конкурсу з’яўляецца яго празрыстасць: пачынаючы з апублікавання ў адкрытым доступе палажэння і заканчваючы абвяшчэннем пераможцаў. Звычайна для правядзення любога конкурсу распрацоўваюцца правілы ўдзелу ў ім, у якіх у тым ліку адлюстроўваецца, як падводзяцца вынікі. Натуральна, што такая інфармацыя павінна быць абнародаваная.
Важна, каб чалавек пры прыняцці рашэння аб удзеле ў конкурсе ведаў гэтыя правілы. Застаецца толькі пытанне аб аб’ёме звестак, які не павінен быць залішнім у адносінах да мэты. Напрыклад, калі конкурс ладзіцца выключна сярод студэнтаў і арганізатар не плануе кантактаваць з удзельнікамі наўпрост, наколькі неабходна пазначаць адрас месца рэгістрацыі, нумар тэлефона або пашпартныя звесткі? Гэта ёсць прынцып мінімізацыі.
Разам з тым фотавыява пераможцаў конкурсаў, калі гэта не публічная персона, як правіла, размяшчаецца ў адкрытым доступе, у тым ліку ў СМІ, са згоды гэтага чалавека, калі той з’яўляецца асноўным аб’ектам здымкі.
— Якія ўвогуле асаблівасці публікацыі персанальных звестак у СМІ?
— Сродкі масавай інфармацыі выступаюць самастойнымі аператарамі пры апрацоўцы персанальных звестак. У сваёй дзейнасці, апроч патрабаванняў Закона аб абароне персанальных даных, яны кіруюцца таксама нормамі Закона аб СМІ. Дзейнасць іх будуецца на балансе права на абарону прыватнага жыцця і права на свабоду журналісцкай дзейнасці. Такім чынам, журналіст у прафесійнай дзейнасці мае права збіраць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любымі спосабамі, у тым ліку праз апрацоўку ўласных і запазычаных матэрыялаў.
Аднак ёсць выпадкі, калі згода абавязковая. Да іх адносяцца распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці фізічнай асобы, правядзенне аўдыя-, відэа-, кіна— і фотаздымкі, акрамя месцаў, адкрытых для масавага наведвання, і масавых мерапрыемстваў, размяшчэнне інфармацыі аб непаўналетнім, пацярпелым ад супрацьпраўных дзеянняў.
— Пры звароце ў бібліятэку чытач прад’яўляе пашпарт, даныя якога бібліятэкар упісвае ў фармуляр. Ці неабходна пры гэтым афармляць згоду на апрацоўку персанальных звестак?
— Абавязак бібліятэкі рэгістраваць сваіх карыстальнікаў, а карыстальнікаў — праходзіць такую рэгістрацыю ўстаноўлены Кодэксам аб культуры. У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона аб персанальных даных згода на апрацоўку персанальных даных не патрабуецца ў выпадках, калі яна з’яўляецца неабходнай для выканання абавязкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. У сувязі з гэтым для праходжання такой працэдуры згода наведвальнікаў бібліятэкі не патрабуецца.
Адпаведна, у гэтых дакументах неабходна адлюстраваць аб’ём звестак, які будзе збірацца для рэгістрацыі карыстальніка (з улікам прынцыпу мінімізацыі), а таксама тэрміны захоўвання фармуляраў асоб, якія не наведваюць бібліятэку на працягу вызначанага часу. Важна разумець, якія ў прынцыпе звесткі неабходны: імя, адрас, тэлефон і ці так неабходныя, напрыклад, месца працы або пашпартныя даныя.
— Наколькі ўкладваецца ў рамкі закона аб абароне персанальных даных інфармацыя аб людзях, якая размяшчаецца на стэндах у тых жа бібліятэках, музеях і музейных пакоях іншых устаноў? І гэта не пра гістарычныя асобы, а пра нашых сучаснікаў. Ці ёсць гарантыя таго, што размешчаныя ў адкрытым доступе прозвішча, імя, дата і месца нараджэння не будуць выкарыстаныя зламыснікамі?
— Гарантыі насамрэч няма. Для мінімізацыі падобнай рызыкі неабходна аналізаваць, які аб’ём інфармацыі сапраўды важны і патрэбны для размяшчэння ў адкрытым доступе. І галоўнае — для чалавека гэта не павінна быць нечаканасцю. Ён мусіць пра гэта ведаць і ўплываць на такую сітуацыю.
Апрацоўваць персанальныя даныя, у тым ліку прозвішча і імя, фотаздымак, пры ажыццяўленні музейнай дзейнасці можна без атрымання згоды суб’екта (абз. 20 ст. 6 Закона аб абароне персанальных даных, ст. 154 Кодэкса аб культуры).
Калі аб’екты ўяўляюць навуковую, гістарычную, мемарыяльную і іншыя каштоўнасці, дапушчальна выкарыстоўваць іх без згоды ў якасці музейных экспанатаў (п. 2 ст. 155 Кодэкса аб культуры).
Аднак трэба захоўваць баланс паміж правамі і свабодамі чалавека і грамадскай цікавасцю. Без згоды суб’екта можна выкарыстоўваць на стэндах альбо ўключыць у кнігу ці буклет агульнадаступныя персанальныя даныя. Напрыклад, тыя фотавыявы, якія раней публікаваліся ў СМІ, на сайце дзяржоргана, у іншых інфармацыйных рэсурсах, а таксама фотаздымкі агульнага плана. А вось на выкарыстанне фотавыяў з асабістых архіваў работнікаў неабходна атрымліваць згоду.

Ірына Станкевіч
— А як вы патлумачыце наступную сітуацыю: да канцэрта, прымеркаванага да юбілейнай даты артыста, былі распрацаваныя і развешаныя афішы, на якіх размяшчаліся яго фота, прозвішча і імя, а таксама пазнака “канцэрт да 50-годдзя”. Артыст запатрабаваў іх зняць з прычыны таго, што не хацеў называць узрост, і прыгразіў звярнуцца ў суд. Наколькі правамерныя прэтэнзіі?
— Правамерныя. Звесткі аб узросце артыста, роўна як і любога іншага работніка, не маюць дачынення да выканання ім яго працоўнай функцыі (у дадзеным выпадку — выступлення на канцэрце). Таму гэтую інфармацыю для публічных мэт можна выкарыстоўваць толькі са згоды чалавека.
У сувязі з гэтым варта засяродзіць увагу на такім аспекце: у некаторых установах прынята віншаваць сваіх супрацоўнікаў з днём нараджэння. Рабіць гэта вусна не забаронена, а вось вывешваць на шырокі агляд віншавальную паштоўку з пазначэннем прозвішча, імя і імя па бацьку, датай нараджэння лепш не трэба — гэта ўжо з’яўляецца распаўсюджваннем персанальных даных і трапляе пад дзеянне закона. Тым больш, як ужо адзначалі, узрост супрацоўніка не ўплывае на выкананне ім службовых абавязкаў.
— Час ад часу мы перадаём асабістыя звесткі праз месенджары. Напрыклад, пры запісе ў медцэнтр у нас могуць папрасіць даслаць заключэнне ўрача ці вынікі аналізаў праз вайбер. Наколькі такія просьбы правамерныя і ці небяспечная гэткая перадача даных?
— Карыстальнікі таго ж вайбера ці іншых месенджараў павінны ведаць, што такія серверы размешчаны па-за межамі Беларусі і наша заканадаўства на іх не распаўсюджваецца. Гэта з’яўляецца трансгранічнай перадачай даных.
Разам з тым звесткі — інфармацыя ў выглядзе тэкставых паведамленняў альбо фотаздымкі — не знікаюць бясследна, нават калі выдаліць іх з чата, і некаторы час захоўваюцца на серверах. Таму варта адмовіцца ад перадачы асабістых даных праз вайбер, тэлеграм, ватсап, іншыя каналы. І калі ўжо ўзнікла неабходнасць даслаць дакумент, то лепш скарыстацца электроннай поштай, бо гэта больш бяспечна.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Ангеліны САРОКІ