Культурныя масты паміж нашай краінай і рэгіёнамі Расіі становяцца ўсё больш трывалымі. На тыдні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і міністр культуры і турызму Калужскай вобласці Павел Суслаў абмеркавалі новыя гарызонты супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускага ведамства правёў сустрэчу з расійскім калегам 28 ліпеня. У ходзе гутаркі Марат Сяргеевіч заявіў, што за апошнія гады паспяхова рэалізаваны шматлікія сумесныя праекты ў такіх сферах, як адукацыя, тэатр, народная творчасць, бібліятэчная справа і фестывальны рух.
Асаблівая ўвага надавалася абменным гастролям, конкурсам і ўдзелу мастацкіх калектываў у значных культурных мерапрыемствах абедзвюх краін.
Адным з яркіх прыкладаў плённага партнёрства стаў нядаўні гала-канцэрт артыстаў Калужскай абласной філармоніі ды “Імперскага рускага балета” — імпрэза адбылася 26 ліпеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Марат Маркаў прапанаваў пашыраць існыя формы ўзаемадзеяння, надаўшы супрацоўніцтву больш сістэмны і маштабны характар.
У сваю чаргу Павел Суслаў выказаў зацікаўленасць у развіцці кааперацыі паміж “Імперскім рускім балетам” і Вялікім тэатрам Беларусі.
Акрамя таго, Павел Аляксандравіч запрасіў кінематаграфістаў з нашай краіны паўдзельнічаць у Міжнародным кінафестывалі фільмаў і праграм пра космас “Цыялкоўскі”. Форум традыцыйна праводзіцца ў Калузе і ўяўляе сабой унікальную пляцоўку, дзе сустракаюцца мастацтва і навука.
Такія перамовы на ўзроўні міністраў пацвярджаюць: культурны дыялог рэгіёнаў Беларусі і Расіі не проста працягваецца, а напаўняецца новым зместам, адкрываючы шырокія магчымасці для творчага абмену і ўмацавання сяброўства паміж нашымі народамі.
Служба інфармацыі “К”.
Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры