Галоўнае — верыць у сябе

На Рэспубліканскім свяце выпускнікоў ВНУ “Наша гісторыя” панавала асаблівая атмасфера. Мерапрыемства аб’яднала не толькі найлепшых студэнтаў краіны, але і цэлую плеяду яркіх маладых артыстаў. Сярод іх зіхацела і Сафія Рустамава — таленавітая і харызматычная спявачка, пераможца незлічоных конкурсаў і фестываляў як у Беларусі, так і за яе межамі.

 

— Сафія, чым радавалі гасцей урачыстасці?

— Выконвала сваю песню “Маладая Беларусь” (аўтар музыкі — Ілья Пракаповіч, а слоў — Анастасія Кісель)!

— Вы — прызёр і лаўрэат шматлікіх творчых спаборніцтваў. Сярод іх — тэлепраект “Талент краіны” на АНТ (2019), рэспубліканскі радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі” (2021), Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск” (2023) і рэспубліканскі конкурс “Вытокі”. Адкуль чэрпаеце энергію, каб дасягаць падобных вяршынь?

— Бясконца натхняе падтрымка бацькоў! Вялікі дар — мець побач такіх цудоўных людзей, якія заўсёды хварэюць за мяне сэрцам і дапамагаюць ва ўсіх пачынаннях.

— Нядаўна вы займелі яшчэ адну значную ўзнагароду — залаты медаль Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў намінацыі “Эстрадныя спевы”. Што падштурхнула да ўдзелу?

— Гэта заслуга педагогаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія заўжды матывуюць нас, навучэнцаў, на бесперапыннае развіццё, у тым ліку праз разнастайныя конкурсы. Вельмі рада, што вырашыла атрымаць базавую музычную адукацыю менавіта тут! Здабытыя выдатныя веды— аснова будучых поспехаў. Асобна хачу падзякаваць настаўніцы Наталлі Аляксандраўне Балдзінай! Менавіта яна дапамагла распрацаваць праграму, што прынесла мне перамогу.

— Як, дарэчы, уражанні ад спаборніцтва?

— У Гульнях спрабавала сілы ўпершыню! Такія маштабныя пляцоўкі — унікальная магчымасць пазнаёміцца з іншымі культурамі, якая неверагодна ўзбагачае і натхняе, дае магутны імпульс для раскрыцця творчага патэнцыялу.

— Як складваўся шлях да перамогі ў сталіцы Кыргызстана?

— Вядома, калі спаборнічаеш у Беларусі, спакойней адчуваеш сябе, таму што ты дома. А вось за мяжой маральна цяжэй, часам не ўдаецца адразу знайсці агульную мову з іншымі ўдзельнікамі. Але мне ў гэтым плане заўсёды шанцавала: на ўсіх конкурсах панавала класная, сяброўская атмасфера… Столькі новых людзей сустракаеш у падобныя моманты! На сумесных рэпетыцыях у Бішкеку з самага пачатку зразумела: перамагчы будзе няпроста. Пляцоўка аб’яднала неверагодную колькасць талентаў! Асабліва ўразілі нацыянальныя касцюмы. Такія яркія, што вачэй не адарваць! І галоўнае — яны ідэальна пасавалі рэпертуару канкурсантаў. Таму ўзяць золата, калі вакол столькі зорак, — удвайне радасна і прэстыжна!

— Што спявалі?

— Адкрываць выступленне належала славянскім хітом. І я вырашыла скарыстаць магчымасць на максімум, таму выканала адразу дзве песні на беларускай мове — “Каляровыя фарбы”, напісаную заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Валерыем Шматам, і кампазіцыю з рэпертуару заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай “Акрыляй”. А ў фінале, каб на поўную паказаць вакальныя здольнасці, прадставіла твор A Change Is Gonna Come — джазавы стандарт, толькі ў больш сучаснай апрацоўцы. Раней песня прынесла мне гран-пры на міжнародным конкурсе ў Казахстане…

— Чым запомніўся Бішкек?

— Горад надзвычайны! Нават не магу абраць адну рэч, што мацней за ўсё ўразіла. Гэта дзіўна прыгожае і цікавае месца з багатай гісторыяй, дзе захавалася столькі ўнікальнай архітэктуры… Шкада, што праз рэпетыцыі не ўдалося пабываць на ўсіх экскурсіях. Спадзяюся вярнуцца і нагнаць прапушчанае!

— Як нараджаюцца вашы яркія сцэнічныя вобразы?

— Прыдумваю іх разам з мамай! Мы ідэальна дапаўняем адна адну ў творчым плане, дзякуючы чаму выходзіць нешта сапраўды класнае.

— Хто з артыстаў для вас прыклад?

— Насамрэч я такі меламан... Слухаю шмат і нашай музыкі, і замежнай. Але асабліва люблю песні Сяргея Лазарава!

— А па-за сцэнай нечым захапляецеся?

— Даволі доўга займаюся вялікім тэнісам, але на ўзроўні хобі. Большую частку вольнага часу так ці інакш прысвячаю музыцы.

— Што б вы сказалі артыстам-пачаткоўцам?

— Галоўнае — верыць у сябе і не хвалявацца з-за памылак. Проста ідзіце наперад і не спыняйцеся!

— У 2021 годзе вы ўдастоіліся стыпендыі, а ў 2023-м — грандпрэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Якое значэнне маюць такія дасягненні для вас?

— Вялікае! Быць залічанай у банк таленавітай моладзі — адказна і ганарова. Таму ўсімі сіламі стараюся апраўдаць чаканні, звязаныя з высокім статусам. Дзякуючы перамозе ў Гульнях, дарэчы, зноў магу прэтэндаваць на гэтую прэстыжную ўзнагароду. Спадзяюся, усё складзецца!

— Што яшчэ ў планах? Чым гарыць душа?

— Імкнуся выпускаць і прасоўваць сваю музыку, не забываючы, што вучоба ў каледжы — галоўны прыярытэт. Безумоўна, буду і надалей пакараць буйныя творчыя пляцоўкі, удзельнічаць у конкурсах і заваёўваць новыя вышыні, каб праслаўляць любімую Беларусь!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok