Карункаў таямнічыя чары

Ксенія Трот — пераможца Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў намінацыі “Мастацкія рамёствы”. Залаты медаль наша гераіня займела дзякуючы найтанчэйшаму майстэрству выцінанкі.

 

— Ксенія, з чаго пачалася ваша творчая гісторыя?

— З сям’і. Матуля, медсястра па прафесіі, выдатна малюе. Адна работа — карта пор года на шпалерах — у маленстве запала мне ў душу! Так цудоўна мама паказала змены надвор’я, розныя гульні на вуліцы, этапы жыцця дрэва… Тата ж заўсёды прывіваў любоў да кніг, гісторыі і нашай культурнай спадчыны. На ноч чытаў мне казкі, вазіў у гістарычныя мясціны — Крэва, Гальшаны, Беніцу…

Творчы гурток пачала наведваць у дзіцячым садку. Заняткі вельмі падабаліся! Мы шмат малявалі, выразалі, ляпілі… Потым не ўзнікла пытанняў і з паступленнем у мастацкую школу, дзе я пазнаёмілася з выцінанкай. Настаўніца Людміла Мікалаеўна Сарока заўсёды стварала такую чароўную атмасферу! Было цёпла і ўтульна, нібы ў бабулінай хаце, дзе ўсе сцены ўпрыгожаны дзівоснымі папяровымі ўзорамі, са столі спускаюцца саламяныя павукі, а на паліцах — ніткі, прас, саламяныя кветкі.

— Дзе адточвалі навыкі пасля школы?

— На аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, дзе працавала з саломкай, ільном і паперай. Выцінанкай займалася з народным майстрам Лізаветай Львоўнай Чырвонцавай. Цудоўны чалавек і выкладчык! Цяпер заканчваю факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У сваіх праектах імкнуся спалучаць сучасны дызайн з выцінанкай, арнаментам ды іншымі народнымі матывамі.

— У Дэльфійскіх гульнях удзельнічалі ўпершыню?

— Так, і засталася пад моцным уражаннем! Асабліва запомнілася прыгожая і маштабная цырымонія адкрыцця, дзе выступалі пераможцы папярэдніх Гульняў.

Кожны годна і ярка прэзентаваў сваю краіну. Спаборніцтвы ў маёй намінацыі разгарнуліся ў Кыргызскім нацыянальным музеі выяўленчых мастацтваў. Творы былі разнастайныя! Гэта і роспіс па дрэве, і гліна, і пано са скуры, з лямцу, і габелены. Выцінанка — яе, дарэчы, прадстаўляла толькі я — вельмі зацікавіла гасцей музея.

— Што адлюстравалі ў работах?

— Знайсці прыдатныя вобразы аказалася лёгка! Тэма конкурсу —“Жывая спадчына: мастацтва, перададзенае праз пакаленні” — адпавядае беларускай рэчаіснасці. У нас захавалася мноства народных традыцый, якія з любоўю падтрымлівае сучасная моладзь. Яркі прыклад — дзівосныя абрады Купалля. Варажба на вянках, скокі праз вогнішча, спевы, танцы і пошукі папараць-кветкі штогод прывабліваюць сотні людзей па ўсёй краіне.

— Якія тэмы часцей за ўсё гучаць у вашых творах?

— Рэлігійныя і народныя. Люблю ілюстраваць выцінанкамі кнігі і легенды. Звяртаюся да сакральнай архітэктуры, напрыклад да касцёлаў у Відзах, Росіцы, Сар’і, да ікон Маці Божай і вобразаў анёлаў. Як каталічцы, мне вельмі блізкія гэтыя сюжэты: праз іх адлюстроўваю свой светапогляд.

— Што вас натхняе?

— Наіўнае мастацтва, яго стылізаваныя сімвалы. Асабліва захапляюся дыванамі Язэпа Драздовіча і Алены Кіш! Ёсць у іх творах нейкая чароўная таямнічасць… Тэма космасу Драздовіча, дарэчы, сярод маіх любімых. Неаднойчы выкарыстоўвала яе ў вучэбных работах. На чацвёртым курсе, прыкладам, праектавала кнігу пра знакамітых беларусаў, звязаных з космасам, — пра Гаўрылу Ціхава, Язэпа Драздовіча ды іншых. Часта знаходжу натхненне ў Музеі беларускай маляванкі ў Заслаўі, дзе можна ўбачыць неверагодныя макаткі.

— Самая цудоўная частка жыцця мастака — гэта…

— Найбольш любімае і адначасова складанае — пошук тэмы для новага твора. Паглыбляюся ў фальклор і традыцыі, каб вынайсці цікавыя вобразы і сюжэты.

— А найменш любімая?

— Выбар паперы. Не заўсёды атрымліваецца ўвасобіць жаданае каляровае спалучэнне, што вельмі засмучае.

— Якая работа стала самай значнай для вас?

— Яна звязана з месцам, што моцна паўплывала на мой лёс. На выцінанцы — голуб і ластаўка на фоне магутнага касцёла Святой Тройцы ў Росіцы. Вытокі гэтых вобразаў — у апавяданні дарагога мне чалавека. У творы праз іх раскрываюцца падзеі Другой сусветнай вайны, пераплеценыя з жыццём вёскі, храма, яго святароў і прыхаджан. І ў цэнтры ўсяго — гісторыя пакутніцтва айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

— Чаго пажадаеце мастакам-пачаткоўцам?

— Рабіць тое, што сапраўды важна для вас, што натхняе і застаецца ў сэрцы, і не дагаджаць чужым чаканням. Шчырасць вышэйшая за трэнды і моду.

— Чаму аддаяце час, акрамя творчасці?

— Вандроўкам! Люблю падарожнічаць на ровары. Гэта і для здароўя карысна, і досыць зручна, бо заўважаеш нашмат больш. Мае паездкі часцей за ўсё заканчваюцца аглядам храмаў, капліц і руін палацаў. Сёлета, дарэчы, паспела наведаць маленькі касцёл у вёсцы Вязынь, каталіцкія капліцы ў Раёўцы і Лебедзеве, руіны францысканскага касцёла ў Ашмянах. А галоўнай падзеяй стала пілігрымка Маладзечна — Будслаў, пяць насычаных дзён з песнямі, малітвамі, канферэнцыямі братоў капуцынаў і законных сясцёр. З нецярпеннем чакаю фэст Маці Божай Будслаўскай — сёмы ў маім жыцці. Менавіта яму я прысвяціла дыпломную работу ў Акадэміі мастацтваў!

— А што ў вашых планах?

— Мару напісаць серыю дываноў… А яшчэ разважаю над стварэннем Telegram-канала пра выцінанку і беларускую культуру.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok