Фестывальнае Маладзечна сустрэла сяброў

Юбілейны, XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” прайшоў з 9 па 13 чэрвеня. Прыгадаем яскравыя моманты!

 

Гэтымі днямі горад жыў у асаблівым рытме. На вуліцах і ва ўстановах культуры гучалі музыка і вершы на роднай мове, творчыя пляцоўкі збіралі шматлікіх гледачоў, а ў паветры лунаў дух свята. Маладзечна зрабілася вялікай сцэнай, дзе галоўнымі героямі сталі наша культура і таленавітыя людзі.

Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр імя М.Я. Фінберга, Белтэлерадыёкампанія.

 

ПЕСНЯ АБ’ЯДНОЎВАЕ

Урачыстае адкрыццё XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” адбылося на галоўнай канцэртнай пляцоўцы культурнай сталіцы Міншчыны — у амфітэатры.

Прывітальны адрас Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям свята зачытаў міністр культуры Марат Маркаў. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з адкрыццём культурнага форуму, які зрабіўся знакавай падзеяй і ўжо 25-ы раз сабраў аматараў музыкі і роднага слова.

“На некалькі дзён Маладзечна становіцца цэнтрам творчага жыцця краіны, дзе пераплятаюцца традыцыі і сучаснасць. На фестывальных сцэнах гучаць галасы знакамітых майстроў і маладых выканаўцаў, нараджаюцца цікавыя ідэі і праекты, якія адлюстроўваюць духоўную сілу і каштоўнасці беларускага народа”, — гаворыцца ў прывітанні.

Лідар выказаў упэўненасць, што юбілейнае мерапрыемства падорыць гасцям і ўдзельнікам святочны настрой і незабыўныя імгненні яднання з сапраўдным мастацтвам. Так і здарылася.

У размове з журналістамі Марат Маркаў падкрэсліў, што для нашай культуры, музыкі і паэзіі гэты фестываль — адзін з галоўных творчых форумаў. Міністр канстатаваў: свята задумвалася як праект, які будзе спрыяць развіццю айчыннай культуры, стане пляцоўкай для маладых выканаўцаў беларускай песні. І тое, што ідэя паспяхова рэалізоўваецца ўжо чвэрць стагоддзя, сапраўды вельмі годна. На маладзечанскім небасхіле ўзышлі такія зоркі, як Руслан Аляхно, Ірына Дарафеева, Наталля Тамела і многія іншыя. На думку кіраўніка ведамства, гэтыя традыцыі трэба захаваць.

Яскравае ўвасабленне фестывальнага духу — праграма “Калі песня збірае сяброў”.

У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М.Я. Фінберга пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка, галоўнага дырыжора Максіма Расохі выступілі вядомыя калектывы краіны і папулярныя беларускія артысты.

Гледачы адзначалі: менавіта ў такія вечары асабліва адчуваецца, што наша песня можа аб’ядноўваць людзей, пераадольваць адлегласці і знаходзіць шлях да кожнага сэрца!

 

НОВЫЯ ГАЛАСЫ

Галоўная інтрыга юбілейнага форуму была звязана з Нацыянальным конкурсам маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Ён складаўся з трох этапаў. Адборачныя туры прайшлі ў рэгіёнах. У Маладзечне ўдзельнікі выступалі ў другім туры пад фанаграму “мінус адзін”, а ў фінале выконвалі творы пад акампанемент аркестра імя М.Я. Фінберга.

Вакальныя здольнасці, артыстызм і ўменне адчуваць нашу песню ацэньвала прафесійнае журы на чале з Максімам Расохам. Для маладых талентаў гэта было не проста спаборніцтва, а магчымасць заявіць пра сябе, здабыць бясцэнны сцэнічны вопыт і зрабіць важны крок у кар’еры.

Па выніках конкурсу гран-пры і прыз імя Уладзіміра Мулявіна — “Крыштальную гітару” — атрымаў Даніла Ус (Мінская вобласць). Лаўрэатам І ступені стаў Аляксей Буйда (Мінская вобласць). Дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені заваявалі Ілья Кубракоў (Магілёўская вобласць) і Ігар Мураўкін (Мінская вобласць). Лаўрэаты ІІІ ступені — Крысціна Жура (Гомельская вобласць) і Юлія Сумкіна (Мінск).

 

У ГОНАР МАЙСТРА

Сёлета ў межах фестывалю асабліва ярка гучала імя заснавальніка легендарнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна. У 2026-м адзначаецца 85-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР.

У Палацы культуры Маладзечна адкрылася экспазіцыя “Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы...”. У аснове — работы вядомага фотажурналіста, лаўрэата прэміі Беларускага саюза журналістаў Юрыя Іванова, які неаднаразова суправаджаў калектыў у паездках. Экспазіцыю дапоўнілі дакументы і рэчы з фондаў Музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі, сямейныя рэліквіі.

— Выстава — магчымасць успомніць, якім чалавекам і музыкантам быў Уладзімір Георгіевіч. Ён паказаў усяму свету прыгажосць беларускай мовы і натхняў сваім талентам. Яго творы — адлюстраванне душы нашага народа, — лічыць загадчык музея Ганна Мулявіна.

Праект “Асоба эпохі”, добрая традыцыя фестывалю (шчырая размова сабрала гледачоў у дзявяты раз), таксама быў прысвечаны Песняру. Героямі імпрэзы сталі дачка майстра Марына Мулявіна і ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

— Калектыў заўсёды стаяў на трох кітах: нашым самабытным фальклоры, апоры на літаратурную класіку і шматгалоссі. Менавіта гэта і забяспечыла сусветную славу, — заўважыла мадэратар сустрэчы, журналіст Таццяна Якушава.

— Сёння задача маладога пакалення, якое працуе ў ансамблі, — не стаць музычным музеем, а прадаўжаць традыцыі Мулявіна на годным яго імені ўзроўні, — мяркуе дырэктар і мастацкі кіраўнік калектыву Раман Козыраў.

Працягам праекта паслужыў канцэрт “Песняроў” да юбілею Уладзіміра Мулявіна. У зале панавала асаблівая атмасфера: знаёмыя мелодыі абуджалі ўспаміны, а кожная песня нагадвала пра багацце і самабытнасць беларускай музычнай культуры.

 

ТЭРЫТОРЫЯ ТРАДЫЦЫЙ

Аўтарскія вырабы, народныя рамёствы, жывыя сустрэчы з умельцамі: “Горад майстроў”, як звычайна, стаў адной з самых каларытных і папулярных мясцін фестывалю.

Асаблівую атмасферу стваралі і інтэрактыўныя пляцоўкі “Жанчына як аснова культурнага кода”, прадстаўленыя раёнамі Мінскай вобласці, іншымі рэгіёнамі краіны.

Пакінуць гэтыя лакацыі хутка было амаль немагчыма: наведвальнікі з цікавасцю разглядалі інсталяцыі, нацыянальныя строі, дэкаратыўныя кампазіцыі, слухалі песні і аповеды пра традыцыі і абрады.

Напрыклад, Смалявіцкі раён прэзентаваў глыбокую па змесце экспазіцыю.

Яна прысвячалася беларускай песні, што стагоддзямі суправаджала жанчыну на працягу яе жыцця: вясна — нараджэнне дзіцяці, лета — вяселле, восень — працоўны перыяд, зіма — утульныя вячоркі.

У кожную з гэтых пор песня заўсёды была побач: дапамагала, падтрымлівала, давала сілы.

Людзі не толькі знаёміліся з выставай, але і маглі пачуць спевы, што рабіла сустрэчу з каранямі вельмі эмацыйнай.

 

ГАРМОНІЯ ПАКАЛЕННЯЎ

У касцёле Святога Язэпа адбыўся канцэрт “Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню ХХІ стагоддзя”.

Ён аб’яднаў майстроў мастацтва, таленавітую моладзь і аматараў высокай культуры.

Музычным кіраўніком выступіла старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, уладальніца медаля Францыска Скарыны, узнагароды СНД “Зоркі Садружнасці”.

Аўтар праекта, галоўны хормайстар і дырыжор канцэрта — дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі Аляксей Снітко.

Імпрэза яшчэ раз пераканала ў тым, што работы беларускіх кампазітараў не губляюць актуальнасці, натхняюць новыя пакаленні артыстаў, а пераемнасць музычных традыцый не перарываецца.

 

ГУКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Цікавасць наведвальнікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея выклікала выстава “Этнамузыка Беларусі”.

Аснову экспазіцыі склалі матэрыялы, сабраныя падчас шматгадовых экспедыцый. Госці фестывалю пазнаёміліся з традыцыйнымі беларускімі інструментамі, дазналіся пра асаблівасці іх гучання і ролю ў народнай культуры. Праект стаў своеасаблівым падарожжам у свет аўтэнтычных мелодый, якія захоўваюць памяць пра мінулае і дапамагаюць лепш зразумець нацыянальны характар.

 

ГОРАД МЗЫ­КІ І ВЕРШАЎ

У дні свята Маладзечна — вялікая творчая прастора, дзе кожны можа знайсці нешта цікавае.

На шматлікіх гарадскіх пляцоўках гучалі песні ў выкананні калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі і гасцей форуму.

Народныя і сучасныя мелодыі чаргаваліся з яскравымі танцавальнымі нумарамі, а вядомыя імёны — з новымі. Артысты атрымалі ў дар апладысменты і ўсмешкі гледачоў. Цудоўны панаваў настрой!

І ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі было шматлюдна. Вялікую колькасць публікі, напрыклад, сабраў “Дзіцячы бульвар”. На сцэне зіхацелі юныя таленты, побач праходзілі гульні і майстар-класы, працавалі фотазоны і творчыя лакацыі.

Форум падарыў удзельнікам і гасцям яшчэ нямала яркіх падзей. Адбыліся канцэрт народных інструментаў “Звон струн і душы”, абласны фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”, сустрэчы з літаратарамі, дыялогавыя пляцоўкі ды іншыя імпрэзы.

Нельга не нагадаць і пра фінал XII адкрытага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”. Гран-пры і спецыяльным прызам імя Алега Елісеенкава ўганараваны прадстаўнік Магілёўшчыны Раман Галубцоў.

 

КРАНАЛЬНАЕ ПРЫСВЯЧЭННЕ

Завяршальным акордам фестывалю стаў гала-канцэрт “Прысвячэнне беларускай жанчыне” на сцэне амфітэатра. Па традыцыі перад пачаткам праграмы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў. Канцэрт сабраў вядомых артыстаў нашай эстрады, харэаграфічныя і дзіцячыя калектывы.

 Са сцэны гучалі песні айчынных кампазітараў і паэтаў, напоўненыя любоўю да роднай зямлі, павагай да сямейных каштоўнасцей і захапленнем жанчынай — маці, захавальніцай звычаяў, крыніцай натхнення і душэўнай сілы.

Яркія нумары, цёплая атмасфера і шчырыя эмоцыі зрабілі гэты вечар прыгожым фіналам свята, якое некалькі дзён аб’ядноўвала ўдзельнікаў і гасцей любоўю да беларускай песні, паэзіі і нацыянальнай культуры.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара і Ангеліны САРОКІ

MAX TikTok